Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XIХ Звычайную нядзелю, Год В

Мінскі архікатэдральны касцёл, 9 жніўня 2015 г.

Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадае сэнс сённяшніх чытанняў. У першым чытанні Бог дае прароку Іліі ежу, каб ён еў і ішоў далей па пустыні на гару Горэб. У другім чытанні св. апостал Павел заклікае да дабрыні і міласэрнасці адносна іншых людзей. Калі мы ўважліва слухаем Евангелле ў апошнія нядзелі, то бачым, што яно прадстаўляе нам аповед аб цудзе памнажэння хлеба і прадказанні ўстанаўлення Эўхарыстыі, як хлеба вечнага жыцця. Таксама і сёння Езус нам кажа, што той, хто будзе есці хлеб, які Ён дасць, будзе жыць вечна.

Калі нехта нам штосьці абяцае, то мы кажам, што трымаем яго за слова. Гэта азначае, што спадзяёмся, што ён выканае сваё абяцанне.

Ці мы не павінны трымаць Езуса за Ягонае слова? Ён абяцае нам уваскрасенне і вечнае жыццё, калі мы будзем верыць у Яго і прымаць Эўхарыстыю.

2. Габрэі не разумелі, што хацеў сказаць ім Езус. Можа, пятае праз дзесятае нешта даходзіла да іх, аднак яны не маглі ўсяго скласці ў цэлае. А можа, проста не хацелі гэтай праўды прыняць, бо з яе вынікала, што Езус ёсць сапраўдным Богам.

Такая ж самая праблема і ў сучаснага чалавека. Бо мы таксама маем свае пытанні да Езуса і маем свае сумненні. Праблема ў тым, у якім напрамку ў нашым разуменні пра Езуса мы пойдзем. Тут ёсць дзве магчымасці. Пойдзем шляхам сучаснага свету і ягонай секулярнай логікі ці дазволім Богу, каб нас вёў.

Свет нам кажа, што Хрыстус – гэта не Бог. Гэта звычайны чалавек, можа, больш здольны і спрытны, але чалавек. Чаму мы павінны Яго слухаць? Што Ён  можа нам даць? Не патрабуем Яго і не павінны Яму верыць! У выніку гэтага чалавек кажа, што сам сабе парадзіць, без Бога, сакрамэнтаў, святой Імшы, Касцёла і г.д.

Аднак такі спосаб мыслення і жыцця вядзе да непакою, які чалавек імкнецца заглушыць іншым чынам. Усё гэта вядзе да алкагалізму, наркаманіі, свабоднага ад маральных нормаў жыцця і г.д. Нярэдка сучасны чалавек гучна выступае супраць Бога і Касцёла, каб толькі заглушыць у сабе голас сумлення. Такім чынам ён шукае паплечнікаў у бунце супраць Бога. Аднак такі шлях не прыносіць задавальнення і не вырашае праблемы. Супакой сэрца не залежыць ад моцы дэцыбел музыкі ці сучаснага свету. Наадварот, усё гэта вядзе да агрэсіі, злосці і нянавісці, аб чым мы ўсе добра ведаем.

Але ёсць і іншы шлях мыслення, а менавіта даверыцца Богу і Яго слову. Бог дае нам слова жыцця, дзякуючы якому чалавек пачынае жыць лепей. Перастае баяцца, бо ведае, што можа даверыць свой лёс Богу. Такім спосабам Бог прыцягвае нас да сябе. Ён паказвае, як выйсці з пасткі страху і смерці, даючы надзею ўваскрасення.

Такая надзея – гэта не матэматычная пэўнасць ці фізічны доказ уваскрасення. Некаторыя патрабуюць такой пэўнасці і шукаюць яе ў парапсіхалогіі, спірытызме, рэінкарнацыі і г.д. Але гэта дармовая праца. Бога ніхто і ніколі не бачыў, акрамя Сына, які нам Яго аб'явіў. Тамк, хто становіцца вучнем Бога, хто Яму давярае, не патрэбны ніякія доказы, акрамя сваёй веры. Езус кажа, што хто верыць у Яго, той мае жыццё вечнае.

Такім чынам, могуць быць два шляхі – з Богам і без Яго. Неабходна толькі зрабіць адпаведны выбар і ведаць, якія гэтага выбару наступствы, каб не мець ілюзій наконт сваёй будучыні. Аб гэтым неабходна памятаць, каб наша жыццё мела сэнс і шчаслівую вечнасць.

3. Падчас II Сусветнай вайны, калі саюзныя войскі ўвайшлі ў Германію і накіроўваліся на Берлін, нямецкія салдаты пачалі змяняць дарожныя знакі, каб такім чынам заблытаць дарогу для наступаючых войскаў. У выніку чаго многія падраздзяленні войска накіраваліся не ў тым напрамку. Гэты прыклад нагадвае аб неабходнасці мець дарожныя знакі.

Паводле габрэйскай традыцыі габрэі таксама ўстанаўлівалі спецыяльныя камяні, каб адзначыць сваю ўласнасць. Практычна і мы паступаем так жа і ўстанаўліваем заборы, каб адзначыць сваю зямельную маёмасць. На дарогах ўстанаўліваюцца дарожныя знакі, каб паказваць напрамак, куды ехаць. Старое габрэйскае правіла кажа: “Не змяняй знакаў, якія паставілі твае продкі”.

Мы жывём у час вялікіх і імклівых зменаў, і гэтае правіла часта змяняецца. Нашу гісторыю часта разбураюць бульдозеры сучаснай культуры. У выніку чаго забываюцца традыцыі і звычаі ігнаруюцца, што вядзе да хаосу і індывідуалізму ў нашым жыцці. Мы жывём у грамадстве, якое страціла свае арыенціры і плыве ў мора перамен.

4. Для нас такім арыенцірам заўсёды павінна заставацца Божае права і сакрамэнты. Такім арыенцірам павінна быцьтаксама і Эўхарыстыя – хлеб вечнага жыцця. Ужо 2000 гадоў Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, якая нас аб’ядноўвае, змяняе наша жыццё на лепшае і вядзе ў новае.

Адна кітайская гісторыя распавядае пра бацьку, які жыў разам са сваімі трыма сынамі. Яны жылі шчасліва, пакуль сыны не пайшлі з дому ў свет. Адзін знайшоў месца, дзе добрая ежа. Другі - дзе добрае віно. Трэці - дзе азартныя гульні. Вір свету іх так закружыў, што яны забыліся пра свайго бацьку, які станавіўся старым і хворым.

Нягледзячы на гэта, ён пайшоў шукаць сваіх сыноў. Па дарозе спаткаў жабрака і распавёў яму сваю гісторыю. Жабрак яму параіў прынесці сынам нешта такое, што ім нагадае родны дом, і тады яны вернуцца ў яго. Бацька хутка пайшоў дадому, падрыхтаваў добрую ежу з рысу і накіраваўся на пошук сыноў. Па дарозе пачаставаў жабрака. А калі знайшоў сыноў, то даў ім з’есці рысу. Вядома, што рыс з’яўляецца галоўнай ежай кітайцаў. Ён здаўся такім смачным для сыноў і нагадаў ім родны дом, так што яны сапраўды пакінулі свае захапленні ежай, віном і азартнымі гульнямі і вярнуліся дадому.

Усе мы нарадзіліся ў сям’і, маем родны кут, як мы кажам на Беларусі, і нам неабходна памятаць аб ім. Нельга забывацца сваіх каранёў і адмаўляцца ад іх. Але ёсць яшчэ адзін наш супольны і духоўны дом. Гэта Касцёл. У ім мы кормімся Эўхарыстыяй – хлебам вечнага жыцця. Няхай жа сённяшнія чытанні і асабліва Евангелле дапамогуць нам ацаніць смак гэтага хлеба і заўсёды прабываць у Касцёле, які ёсць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Амэн.

Адноўлена 09.08.2015 01:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі