Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 15 жніўня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш вядомых і папулярных святаў – урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Хаця дагмат – як праўда веры аб Унебаўзяцці Марыі з душой і целам – быў аб’яўлены Папам Піем XII толькі ў 1950 г., тым не менш хрысціяне Усходу і Захаду ўжо задоўга да гэтага праслаўлялі Яе як Унебаўзятую. Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі гэтае свята называецца святам Заснення (Успения Пресвятой Богородицы). У заходняй традыцыі – гэта свята Унебаўзяцця. Але тут няма супярэчнасці. Папа Пій XII, абвяшчаючы дагмат аб Унебаўзяцці Марыі, кажа, што пасля завяршэння Яе зямного шляху Яна была ўзята з душой і целам на неба. Таму невядома, сапраўды Марыя памерла ці, можа, толькі заснула.

2. Тэалагічным абгрунтаваннем праўды аб Унебаўзяцці Марыі з’яўляецца тое, што Яна была зачата без першароднага граху і такой засталася праз усё сваё жыццё. Яна таксама дасканала выканала Божую волю і нарадзіла свету Збаўцу. І самае галоўнае - гэта тое, што Яна стала першым табэрнакулюмам, бо ў сваім улонні насіла Езуса. Таму Хрыстус не мог пагадзіцца з тым, што Яе цела раздзеліць лёс цела кожнага іншага чалавека і будзе пахавана ў зямлі, каб толькі напрыканцы часоў далучыцца да хвалы святых.  

Таму сённяшняе свята з’яўляецца святам душы і цела. Езус Хрыстус збавіў усяго чалавека з душой і целам, і ўвесь чалавек прызначаны для нябеснай славы. Марыя першая спазнала такую славу. Сучаснасць Марыі – гэта наша будучыня, бо і нашы цела і душа прызначаны для вечнага шчасця.

3. Сённяшняе Евангелле распавядае ад наведванні Марыяй св. Альжбеты. Марыя пад сваім сэрцам насіла будучага Збаўцу, а Альжбета – Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля. Таму сустрэча Марыі з Альжбетай стала сустрэчай не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але і яшчэ не народжаных Езуса і св. Яна Хрысціцеля.

Найчасцей мы ўяўляем Марыю як вельмі спакойную, засяроджаную на малітве асобу. Гэта так і не. Будучы чалавекам глыбокай малітвы, Яна адначасова была і вельмі актыўнай, была пілігрымуючай жанчынай. Пасля наведвання св. Альжбеты Яна пайшла ў Бэтлеем, каб там нарадзіць Збаўцу свету. Потым уцякала ў Егіпет, каб Ірад не забіў Немаўлятка Езуса. На старонках Евангелля мы спатыкаем Яе як пілігрыма ў Ерузалемскую святыню.

Такім чынам, Марыя папярэджвае апосталаў, якія ішлі ў свет і абвяшчалі Евангелле ўсім людзям. Яна – місійная жанчына. Яе з поўным правам можна нават назваць першай місіянеркай, якая несла Хрыста ў свет. Сведчыць аб гэтым і сённяшняе Евангелле, дзе Марыя кажа, што Яе душа велічае Пана. Гэтымі словамі распачынаецца Яе велічны гімн “Magnificat”, які з’яўляецца адной з найбольш прыгожых малітваў. Гэты гімн мае настолькі вялікае і фундаментальнае значэнне, што кожны дзень паўтараецца ў Літургіі гадзін. Такім чынам малітва Марыі стала малітвай усяго Касцёла. І Яе місійная праца працягваецца і будзе працягвацца да канца часоў.

Сярод розных жыццёвых шляхоў Марыі мы не можам забыцца і аб найбольш драматычным - шляху на Кальварыю, калі Яна спадарожнічала свайму Сыну і разам з Ім цярпела. Там, пад крыжам, Езус у асобе св. апостала Яна даў нам Яе як нашу духоўную Маці.  

Сёння, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Марыі, мы ўспамінаем Яе апошні шлях, апошнюю пілігрымку ў неба. Марыя, якая правяла ўсё сваё жыццё ў руху, нарэшце дасягнула фінальнай стадыі сваёй пілігрымкі ў вечнасці, каб заняць падрыхтаванае Ёй Богам месца ў небе.

Сённяшняе свята азначае канец зямной гісторыі Марыі і пачатак новай, якая працягваецца да сённяшняга дня. Дзякуючы гэтаму Яна становіцца для ўсіх людзей той, якую Альжбета назвала “благаслаўлёнай”.

4. Марыя, хаця і пакінула гэты свет, тым не менш заўсёды застаецца з намі як наша духоўная Маці і заступніца. Усе мы з’яўляемся пілігрымамі, падобна як Марыя падчас свайго жыцця на гэтай зямлі. І мы павінны прасіць Марыю, каб дапамагла нам у гэтай пілігрымцы ў дом нашага нябеснага Айца. Мы павінны маліцца, каб калісьці маглі спаткацца з Ёй тварам у твар у вечнасці, дзе Яна чакае нас з мацярынскай любоўю.

Гэты шлях доўгі і складаны ў нашым жыцці, якое з’яўляецца далінай слёз. Таму нам неабходна маліцца, каб мець дастаткова адвагі і веры і паспяхова крочыць гэтым шляхам, так, як чыніла Марыя.

Ужо больш за тысячу гадоў Касцёл называе Марыю “Зоркай мора”. Чалавечае жыццё – гэта пастаянная пілігрымка, гэта падарожжа па ўзбураным моры, падарожжа, падчас якога мы на небе шукаем зоркі, каб не заблудзіцца. Такой зоркай для нас з’яўляецца Марыя.

Пасля Імшы мы пойдзем да нашых дамоў, паедзем туды на машынах, аўтобусах, метро. Але перад тым, як выйсці з касцёла, застанёмся на хвілінку і на малітве звернемся да Марыі, каб была нам зоркай у нашай пілігрымцы ў дом нябеснага Айца. Амэн.

Адноўлена 14.08.2015 14:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі