Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і асвячэння капліцы св. Роха ў в. Шабуні Пухавіцкага р-на

15 жніўня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і ў вігілію адпусту св. Роха сардэчна вітаю ўсіх вас і дзякую вашаму духоўнаму апекуну кс. Сяргею Пекачову за запрашэнне, клопат пра вернікаў в. Шабуні і наваколля. Дзякую яму, вернікам і спонсарам за аднаўленне гэтай гістарычнай капліцы, якая была пабудавана ў XVIII cтагоддзі. У часы ваюючага атэізму яна была зачынена і цяпер, дзякуй Богу, ізноў функцыянуе па свайму першаснаму прызначэнню.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых вялікіх святаў – урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мы добра ведаем, што па прашэсці сарака дзён ад Уваскрашэння Хрыстус узнёсся на неба ў дом свайго нябеснага Айца. Ён вярнуўся туды, адкуль прыйшоў на зямлю. Аднак вярнуўся ўжо не толькі духам, але і ў чалавечым целе. Ён уступіў у неба з целам і душою. Гэтым самым Ён паказаў нам, што збавіў усяго чалавека і што ўвесь чалавек прызначаны для нябеснай славы.

Другой асобай, якая спазнала праслаўленне з душой і целам, з’яўляецца Марыя. Яна ў сваім улонні насіла Збаўцу і таму была як быццам першым табэрнакулюмам. Езус не мог дазволіць, каб гэты табэрнакулюм падвергся знішчэнню ў зямлі і чакаў уваскрашэння целаў напрыканцы свету. Таму Ён узяў сваю Маці ў неба з душой і целам пасля завяршэння Яе зямнога жыцця. Такім чынам сённяшняе свята – гэта свята душы і цела, бо ўвесь чалавек збаўлены і прызначаны для вечнага шчасця.

3. Сённяшняе свята нагадвае нам аб тым, што сучаснасць Марыі – гэта таксама і наша будучыня, бо мы не маем на гэтай зямлі пастаяннага месца прабывання і нас чакае вечнасць. Прыкладам, як дасягнуць шчаслівай вечнасці, з’яўляецца Марыя. Яе згода з Божай воляй змяніла гісторыю свету. Гэтая згода з’яўляецца ключом да разумення таямніцы ажыццяўлення Божага плану збаўлення чалавецтва. Таксама і наша згода з Божай воляй дасць нам новую перспектыву жыцця ў святле Божай праўды, якая ніколі не змяняецца і вядзе да вечнага шчасця.

Гэта асабліва важна ў наш час, калі адбываецца дэвальвацыя духоўных каштоўнасцяў, чалавек адмаўляецца слухаць Бога і будуе сваё жыццё, разлічваючы толькі на свае сілы. Гэтым самым ён забываецца аб уроках жыцця без Бога і ў другі раз наступае на тыя ж самыя граблі. Чалавек забываецца аб галоўным законе любові да Бога і бліжняга, у выніку чаго ў свеце ўсё больш і больш канфліктаў.

Адна гісторыя расправядае аб тым, як адзін чалавек памёр і стаў перад святым Пятром. Князь апосталаў спытаў яго, ці любіў ён людзей. Чалавек адказаў, што не. Пётр, спытаў, ці меў ён сяброў. Той таксама сказаў, што не. Апостал спытаў: “Можа, любіў хатніх жывёл?” “Не”, - адказаў чалавек. “А прыроду?” - спытаў Пётр. “Таксама не”, - сказаў той. Тады святы Пётр пакачаў галавой і сказаў: “Чаму ты так доўга дабіраўся сюды? Ты ўжо даўно памёр”.

Мараль гэтага аповеду ў тым, што на самой справе любоў з’яўляецца крэатыўнай і яна дае жыццё. Любоў Марыі да Божага закону і людзей стала пачаткам ажыццяўлення Божага плану збаўлення. Любоў да Бога і бліжняга вяла праз жыццё і святога Роха, нябеснага апекуна гэтай капліцы.

4. Ёсць вельмі мала звестак пра жыццё і дзейнасць гэтага такога вядомага і любімага святога, які жыў у XIV-XV стагоддзях у Францыі. Ён паходзіў з багатай сям’і. Страціўшы ў маладосці сваіх бацькоў і ідучы за евангельскай радай “калі хочаш быць дасканалым, прадай тое, што маеш, і раздай бедным, і будзеш мець скарб у небе”, пешшу адправіўся ў Рым. Аднак па дарозе яго спаткала эпідэмія чумы і ён пачаў дапамагаць хворым. Ва ўзнагароду за гэта Бог адарыў яго ласкай лячэння людзей з розных хваробаў, што прынесла яму славу святога.

Потым, аднак, ён дайшоў да Рыма, дзе прабыў тры гады, наведваючы касцёлы і апякуючыся хворымі. Па дарозе назад у Францыю ён ізноў сутыкнуўся з эпідэміяй чумы і, дапамагаючы хворым, сам заразіўся і схаваўся ў лесе. У ім яго адшукаў сабака, які залізаў яму раны, так што Рох выздаравеў. Аднак па дарозе ў Францыю ён быў арыштаваны памежнікамі, якія прынялі яго за шпіёна. Пасля пяці гадоў зняволення ён памёр у вязніцы.

Культ св. Роха, рэліквіі якога знаходзяцца ў Венецыі, вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Ён лічыцца апекуном ад заразных хваробаў і таксама апекуном аптэкараў, урачоў, шпіталяў, турмаў і г.д. У іканаграфіі св. Рох прадстаўляецца як пілігрым з сабакам, які ліжа яго раны або бяжыць побач.

5. Вядома, што чума - гэта вельмі небяспечная заразная хвароба. Супраць гэтай хваробы выкарыстоўваюцца антыбіётыкі.

Аднак, акрамя чумы цела, ёсць яшчэ чума душы, калі чалавек заражаецца духам секулярызму і адыходу ад Бога. Заражаны гэтым духам, ён нясе яго іншым, і так у сучасным свеце назіраецца эпідэмія духоўнай чумы.

Дзе шукаць паратунку? Хто можа дапамагчы?

Калі чалавек заражаецца чумой, то хутка звяртаецца ў інфекцыйны шпіталь, каб там яго лячылі. Святы Айцец Францішак называе Касцёл палявым шпіталем. Як вядома, у палявым шпіталі лечаць параненых салдат. Такім духоўна параненым салдатам з’яўляецца кожны з нас, і таму нам неабходна як мага хутчэй звярнуцца ў гэты шпіталь, каб Езус сваёй ласкай – гэтым духоўным антыбіётыкам –  нас вылечыў.

6. Сёння ў в. Шабуні адбываецца знакавая падзея – асвячэнне адноўленай гістарычнай капліцы св. Роха. Столькі часу гэтая капліца служыла вернікам! Калі ў гэтай мясціне запанавала эпідэмія халеры, то католікі разам з праваслаўнымі набылі абраз св. Роха і ўсталявалі яго ў галоўным алтары капліцы, і заразная хвароба адступіла. У гэтай капліцы людзі ўмацоўвалі сваю веру. У цяжкія часы ганенняў на Касцёл яны не адракліся ад яе, захавалі і перадалі маладому пакаленню, хаця ў 30-я гады мінулага стагоддзя многія з іх былі рэпрэсіраваны.

Цяпер, у новыя часы свабоды веравызнання і адначасова часы адыходу ад Бога, яна адчыняе свае дзверы, каб быць месцам спаткання чалавека з Богам, каб лячыць духоўныя раны чалавека, чыніць яго духоўна здаровым і весці ў шчаслівую вечнасць, каб ён мог заняць месца побач з Унебаўзятай Марыяй.

Удзячныя Богу за дар гэтай капліцы, звяртаемся да цябе, наш нябесны апякун святы Рох, выпрасі ў Бога ласку навяртання ўсім нам, каб мы маглі паспяхова вылечыцца з хваробы духоўнай чумы і, жывучы згодна з Божай воляй, на крылах любові да Бога і бліжняга з душой і целам імкнуліся да вечнага шчасця. Амэн.
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі