Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне Юбілею 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско

Мінск, парафія Св. Яна Хрысціцеля, 16 жніўня 2015 г.

Святы Ян Боско – рэвалюцыянер у галіне выхавання моладзі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. На пачатку дазвольце задаць вам пытанне. Ці хтосьці з вас, прысутных на гэтай святой Імшы, мог бы сказаць, як часта запрашаўся або ці наогул быў запрошаны на святкаванне 200-годдзя дня нараджэння якогасьці чалавека? Я асабіста - ніколі. А вы? Упэўнены, што таксама ніколі.

А сёння? Сёння святы Ян Боско запрашае нас святкаваць завяршэнне Юбілею 200-годдзя яго нараджэння. Гэта сапраўды незвычайная падзея, якая ўпісваецца ў гісторыю Касцёла і салезіянскай супольнасці ў нашай краіне.

2. Святкаванне Юбілею 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско адбывалася ў некалькі этапаў. Першым з іх стала перэгрынацыя рэліквій гэтага святога па святынях нашай краіны ў жніўні 2013 г., калі апякун і выхаваўца моладзі ў сваіх рэліквіях наведаў Беларусь, як адну з 130 краін, якія далучыліся да сусветнай перэгрынацыі яго рэліквій.

Гэтым самым Касцёл падкрэсліў яшчэ раз неабходнасць звярнуць большую ўвагу на асобу гэтага святога і праз яго – на выхаванне моладзі, бо яна, як казаў св. Ян Павел II, з’яўляецца надзеяй свету і Касцёла. Сёння мы дзякуем Богу за св. Яна Боско, за перэгрынацыю яго рэліквій і за ласку Юбілею 200-годдзя яго нараджэння, які нам наблізіў асобу гэтага святога і яшчэ раз нагадаў аб актуальнасці яго вучэння і папераджальнай сістэме выхавання моладзі.

Падчас перэгрынацыі было абвешчана аб стварэнні Беларускай дэлегатуры салезіянаў. Гэтым самым супольнасць салезіянаў у Беларусі атрымала свой кананічны статус, што стварае новыя магчымасці для яе развіцця.

Другім этапам стала асвячэнне араторыя св. Дамініка Савіё 20 верасня 2014 г. у Бараўлянах, якім на самой справе і распачалося святкаванне Юбілею. Такім чынам пачаў існаваць бараўлянскі араторый, як месца малітвы, навукі, гульняў і працы моладзі з мэтай яе выхавання на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Трэцім этапам стала літургічная ўрачыстасць св. Яна Боско, якая адбылася 1 лютага 2015 г. у Смаргоні і галоўным матывам якой быў заклік больш глыбока пазнаваць душпастырска-выхаваўчую спадчыну гэтага святога і ажыццяўляць яе ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, каб дапамагчы маладым людзям збавіцца.

Чацвёртым этапам была ўрачыстасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якой вялікім прыхільнікам быў св. Ян Боско. Яна мела месца 23 мая 2015 г. у Дзятлаве. Галоўнай мэтай гэтай урачыстасці было звярнуць увагу вернікаў, і асабліва моладзі, на значэнне прыкладу Марыі і даверу Ёй у яе выхаванні.

Пятым этапам стаў Дзень адзінства салезіян у калысцы салезіянскай харызмы ў пасляваеннай Беларусі – в. Жупраны. Ён адбыўся 20 чэрвеня 2015 г. і быў прысвечаны разважанням аб Слузе Божай Маргарыце Ок’ена – маці і настаўніцы св. Яна Боско, першым супрацоўніку ля вытокаў Салезіянскай сям’і.  

Мяркую, што шостым, не запланаваым салезіянамі, але запланавым Богам, этапам было біскупскае пасвячэнне Яго Эксцэленцыі Аляксандра Яшэўскага SDB – духоўнага сына св. Яна Боско. Гэта вялікі гонар для Салезіянскай сям’і і прызнанне яе значэння ў адраджэнні і жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

І нарэшце, сёмы этап – гэта сённяшняя ўрачыстасць у дзень нараджэння св. Яна Боско, якая адбываецца пад дэвізам “Як ксёндз Боско: з моладдзю, для моладзі”. Трэба падкрэсліць, што лічба 7 у Святым Пісанні і хрысціянскай традыцыі з’яўляецца лічбай дасканалай, што вельмі важна ў адносінах да служэння салезіян, каб яно было дасканалым.

3. Усім вядома што наваколле, асабліва людзі, з якімі мы жывём, уплывае на выхаванне маладога чалавека. Калі яно рэлігійнае, то і малады чалавек выхоўваецца ў духу пашаны да Бога і людзей.

На жаль, сучасная культура становіцца ўсё больш і больш скептычнай і нават цынічнай адносна Бога, духоўнасці, сям’і, самаахвярнасці і г.д. Яна не імкнецца пазнаваць вечныя каштоўнасці, асабліва калі яны патрабуючыя. Яна таксама вельмі недаверлівая і пагардлівая да людзей, якія жывуць і паміраюць дзеля пэўнага ідэалу. Яна імкнецца пераканаць чалавека, асабліва маладога, што лічыцца толькі матэрыяльны і сацыяльны поспех: рахунак у банку, смартфоны, папулярнасць у фэйсбуку і г.д.

4. Як 200 гадоў таму, у часы св. Яна Боско, чалавецтва, асабліва моладзь, было занепакоена сваім лёсам і будучыняй, так ёсць і цяпер, бо кожны час мае свае выклікі і на іх трэба адказваць. Як тады, так і сёння мы клапоцімся пра свае сем’і і сяброў, іх выхаванне, сацыяльнае жыццё і г.д.

Сёння, адзначаючы Юбілей 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско, мы з удзячнасцю яго ўспамінаем. Дзякуючы гэтаму Богам пакліканаму да спецыяльнай місіі святому было заснавана Таварыства св. Францішка Сальскага (салезіяне св. Яна Боско), перад усім з мэтай выхавання маладога чалавека. Дон Боско не аддаў сваё жыццё на поле ваенных дзеянняў, як гэта ўчынілі героі многіх нацый, але аддаў яго ў імя вельмі годнай місіі выхавання маладога чалавека. У адказ на Божае натхненне ён цалкам прысвяціў сябе маладым людзям, каб падрыхтаваць іх да дарослага жыцця і ўчыніць шчаслівымі і святымі. Сваім жыццём і прыкладам ён паказаў, што самаадданасць у служэнні іншым чыніць іх шчаслівымі і гэтым самым змяняе грамадства, - а не гаджэты, багацце ці папулярнасць, як гэта нам прапануе сучасная культура.

5. Першае сённяшняе чытанне з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў вельмі добра адлюстроўвае дух Дона Боско: “Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!” (Філ 4, 4)

Але што такое сапраўдная радасць і як яе дасягнуць? Адказ дае Апостал народаў: а менавіта, што яна ў супакоі Божым. Але як гэтага супакою можна дасягнуць? Паводле св. апостала Паўла – праз малітву, удзячнасць, праўду, дабро і наследаванне Хрыста. У Евангеллі Езус кажа, што такія дыспазіцыі сэрца, як падабенства да дзяцей і пакора, з’яўляюцца ключом да праўдзівага поспеху і сапраўднай радасці (пар. Мц 18, 1-5).

6. Святы Ян Боско нарадзіўся ў 1815 г. у Паўночнай Італіі ў вельмі беднай сям’і. Калі яму было два гады, памёр яго бацька і апека над ім і двума яго братамі лягла на плечы яго маці. Яго досвед змагання з беднасцю стварыў добрую атмасферу да паклікання быць пастырам бедных дзяцей.

Ва ўзросце дзевяці гадоў яму прысніўся сон, што ён апынуўся ў асяроддзі непакорлівых дзяцей і пачуў голас таямнічай дамы: “Вазьмі пастырскі кій і вядзі іх на пашу”. Таленавіты юнак адчуў пакліканне да святарства і да яго рыхтаваўся ў Турынскай духоўнай семінарыі. Будучы маладым святаром, ён быў вельмі моцна ўзрушаны ўмовамі знаходжання маладых людзей у вязніцах. Кіруючыся спагадай да бедных, ён вырашыў ніколі не быць абыякавым да беднасці і прысвяціў сваё жыццё выратаванню маладых маргіналаў.

Аднойчы падчас урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, калі Дон Боско рыхтаваўся да цэлебрацыі святой Імшы, сакрыстыянін вывеў з касцёла плакучага хлопца. Ян Боско чуў яго раздзіраючы голас і запрасіў да сябе. Паміж імі завязалася сяброўства, якое стала першым насеннем будучага “араторыя” і “месца прыстанку” для дзяцей вуліцы, каб праз малітву, выхаванне і навучэнне спецыяльнасці напоўніць іх сэрцы праўдай і дабром,  выхаваць добрых і сумленных людзей і адказных грамадзян, якія наследуюць Хрыста. Вельмі хутка гэтая ідэя пачала ажыццяўляцца, так што ўсё больш і больш маладых людзей прыходзіла ў школу Яна Боско, калі так можна яе назваць.

Ён выкарыстоўваў увесь свой талент, каб прыцягнуць да сябе няшчасных і загубленых маладых людзей. Для гэтага ён шырока выкарыстоўваў не толькі духоўныя ці практычныя заняткі, але і спорт, музыку, тэатр, экскурсіі, каб толькі прывіць ім любоў да Бога. З часам да яго далучыліся іншыя святары і свецкія асобы, у выніку чаго і паўсталі салезіяне св. Яна Боско. Разам са св. Марыяй Дамінікай Мацарэлло ён заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціян. Салезіяне сёння – гэта найбуйнейшая ў свеце законная сям’я.

7. Калі б св. Ян Боско жыў у наш час, то з упэўненасцю можна казаць, што ён атрымаў бы Нобелеўскую прэмію ў галіне выхавання моладзі і сацыяльнай працы. Ён сапраўды быў чэмпіёнам у гэтых справах. Але не толькі. Ён быў кімсьці значна большым. Найперш, ён быў Хрысціянінам з вялікай літары. Дзеці ў яго араторыях вучыліся не толькі спецыяльнасці, але і малітве і катэхізісу. Вучыліся не толькі таму, як цывілізавана размаўляць адзін з адным, але і як размаўляць з Богам на малітве; не толькі як захоўваць закон любові да Бога і бліжняга, але і як стаць апосталам міласэрнасці. Праект Дона Боско найперш быў духоўны. Яго эўхарыстычная і марыйная пабожнасць, служэнне людзям у сакрамэнце пакаяння і клопат аб выхаванні маладога пакалення – гэта ключ да разумення яго спадчыны.

8. Людзі лічылі яго святым. Але былі і такія, якія лічылі, што ён займаўся сізіфавай працай. Мы ведаем легенду аб тым, як богі пакаралі містычнага Сізіфа і ён павінен быў каціць велізарны камень на вяршыню гары. Аднак калі камень дасягаў верху гары, то зрываўся і абрушваўся ўніз. Сізіф ізноў каціў яго ўверх, а камень зрываўся ўніз, і так без канца.

Дон Боско не засмучаўся цяжкасцямі. Ён добра ведаў, што і Хрыста не ўспрымалі. Давяраючы Яму і беручы з Яго прыклад, св. Ян Боско не толькі вытрываў і перамог усе цяжкасці і нязгоды, але і заснаваў справу, якая жыве і сёння і цешыцца папулярнасцю ў свеце. Ён заўсёды захоўваў супакой душы. Стараўся падкрэсліць годнасць кожнага чалавека, у тым ліку і маладога, які заблудзіўся і дэградаваў, каб з Божай дапамогай выхаваць з яго нармальнага хрысціяніна. Ён ніколі не губляў упэўненасці ў тым, што з дапамогай Божай ласкі такі малады чалавек можа змяніцца.  

9. Дарагая салезіянская супольнасць Беларусі! Разам з вамі дзякую Богу за асобу св. Яна Боско – гэтага рэвалюцыянера ў галіне выхавання моладзі.

Святкаванне 200-годдзя нараджэння вашага духоўнага апекуна супадае з 25-годдзем адраджэння вашай дзейнасці ў Беларусі. Так што сённяшні Юбілей носіць падвойны характар. Дзякуючы вашай дзейнасці як быццам сам св. Ян Боско прайшоў па атэізаванай цягам трох пакаленняў Беларусі і таксама па многіх іншых краінах былога Савецкага Саюза. Ён прайшоў, каб перад усім засяродзіцца на хрысціянскім выхаванні моладзі і на новай евангелізаці.

Вынікі гэтага 25-гадовага марафону бачны няўзброеным вокам. Гэта новыя касцёлы, араторыі, праграмы працы з моладдзю, дабрачынныя акцыі і многае іншае.

Святы Яне Боско, дэвізам твайго жыцця і служэння былі словы: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце”. Выпрасі ў Бога ласку, каб Юбілей 200-годдзя твайго нараджэння стаў новым імпульсам да яшчэ больш актыўнай працы салезіян у Беларусі з мэтай выхавання на хрысціянскіх каштоўнасцях новага чалавека па меры выклікаў новага часу. Натхні салезіян Беларусі быць прыкладам імкнення да святасці, самаахвярнасці і любові ў выхаванні новага пакалення беларускай моладзі. А Ты, Марыя – Успамога хрысціянаў, выпрасі ім у свайго Сына шчодрае благаслаўленне, каб дзякуючы іх служэнню “з моладдзю і для моладзі” душы людзей належалі Богу – крыніцы радасці і шчасця. Амэн.

Адноўлена 17.08.2015 16:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі