24 жніўня 2015 г.
“Святыя Твае, Пане, абвесцяць Тваю славу”
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн сённяшняй святой Імшы вельмі добра пасуе нашаму апекуну св. Барталамею, якога мы сёння ўшаноўваем. Ён быў адным з 12 апосталаў і абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Індыі, Арабіі і Эфіопіі. Панёс мучаніцкую смерць, укрыжаваны галавой уніз. Між іншым, ён з’яўляецца апекуном працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
2. Сёння, калі мы адзначаем адпуст св. Барталамея ў Налібоках, мы павінны памятаць аб тым, што ў часы Езуса многія людзі мелі двайное імя. Такое здараецца і ў наш час, калі чалавек мае два імені. У даўнія часы такая практыка была распаўсюджана вельмі шырока. Згодна з ёй наш святы таксама меў два імені – Барталамей і Натанаэль.
Сённяшняе Евангелле распавядае пра Натанаэля. Але гэта той сам чалавек, якога мы сёння ўшаноўваем, а менавіта святы Барталамей. У сённяшнім Евангеллі Езус называе Барталамея сапраўдным ізраэльцянінам, у якім няма падману. Гэта азначае, што ён быў чалавекам шчырага сэрца, якое было засяроджана на Езусе.
3. Паводле старажытнага габрэйскага звычаю, кожны габрэй павінен быў мець сваю смакоўніцу, пад якой ён часта сядзеў. Езус у сённяшнім Евангеллі закранае гэты пункт габрэйскай традыцыі і кажа Натанаэлю, што называе яго сапраўдным ізраэльцянінам, бо бачыў яго пад смакоўніцай.
У адказ на гэтыя словы Езуса Натанаэль задае на першы погляд дзіўнае пытанне. Ён пытаецца ў Езуса, ці з’яўляецца тое, што Ён бачыў яго пад смакоўніцай, сведчаннем таго, што Ён сапраўды Сын Божы. На самой справе ў словах Езуса выказаны ўсе канатацыі таго, што азначае быць сапраўдным ізраэльцянінам, - значыць мець сваё дрэва і быць пад ім. Дрэва дае плады і цень, што вельмі важна ва ўмовах гарачага клімату Усходу. Дрэва – знак жыцця, і быць злучаным з дрэвам азначае жыць самому. Cмакоўніца з’яўляецца сімвалам ізраільскага народа, а таксама дастатку і бяспекі. Пад ёй людзі адпачывалі, маліліся і разважалі над Божым словам. Гэта і ёсць галоўны пункт іх размовы.
Для Барталамея быць пад смакоўніцай азначала быць на тым месцы, дзе ён мог паказаць сваю веру ў Бога і надзею на спаўненне прароцтва аб нараджэнні Збаўцы. Калі Езус сказаў яму, што бачыў яго пад смакоўніцай, то Натанаэль сапраўды распазнаў у Ім Збаўцу.
4. Мы тут бачым фундаментальную трансфармацыю Натанаэля. Яшчэ перад тым, як Філіп сказаў Натанаэлю, што яны знайшлі таго, аб якім пісалі прарокі, а менавіта Езуса з Назарэта, Натанаэль спытаў яго, ці можа быць штосьці добрае з Назарэта. А цяпер ён у Ім пазнае чаканага Збаўцу.
У сакрамэнце хросту мы ўключыліся ў Хрыста і сталі членамі Касцёла. Сучасны свет таксама задае пытанне: ці можа быць з прыналежнасці да Касцёла штосьці добрае, бо і без веры ў Бога і Касцёла можна быць шчаслівым і чыніць дабро? Так, сапраўды можна! Але як часта гэтае дабро мы ацэньваем паводле нашых асабістых крытэрыяў! Тут трэба памятаць аб тым, што ўсім нам неабходна будзе стаць перад Богам, які будзе нас ацэньваць паводле сваіх, вельмі часта адрозных ад нашых, крытэрыяў.
Таму прыналежнасць да Касцёла павінна быць крытэрыем нашай веры. Наш апякун, знаходзячыся пад смакоўніцай, прызнаў у Езусе не проста выдатнага і вельмі папулярнага чалавека, але Сына Божага. Таксама і мы, будучы членамі Касцёла, якія, умоўна кажучы, знаходзяцца пад Хрыстовай смакоўніцай, павінны адзначацца верай у Бога і быць Яго сведкамі.
5. Яшчэ не так даўно, калі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках быў зачынены і зруйнаваны, напэўна, не адзін казаў: ці з руінаў зачыненага на працягу амаль што паўстагоддзя касцёла можа паўстаць штосьці добрае? Ці яго можна аднавіць? Ці ў ім будуць адбывацца набажэнствы? Чыста з чалавечага пункту гледжання гэта здавалася немагчымым. Аднак Бог мае свае планы і дзейнічае праз людзей.
Тады, 25 гадоў таму, калі касцёл у Налібоках перадалі парафіі, сюды прыехаў ксёндз канонік Мар’ян Шэршэнь, які адважна ўзяўся за працу па аднаўленні гэтай святыні. З дапамогай вернікаў і спонсараў пад яго кіраўніцтвам касцёл быў адноўлены і сёння цешыць нас сваім сакральным убранствам, а найбольш тым, што ізноў ён з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам. Ксёндз Мар’ян адбудаваў не толькі касцёл з цэглы, але і будуе ў ім жывы Касцёл, якім з’яўляецеся вы. Гэты Касцёл будуецца з жывых камянёў – сэрцаў і душаў людзей.
Сёлета налібоцкі касцёл адзначае 80 гадоў ад распачацця будаўніцтва і сярэбраны юбілей перадачы яго вернікам. Сёлета таксама кс. Мар’ян Шэршэнь святкуе юбілей 60-годдзя, 33 гады святарства і сярэбраны юбілей працы ў Беларусі.
Мы дзякуем Богу за святара Мар’яна. Дзякуючы Богу, дзякуем таксама і ксяндзу Мар’яну, які дабравольна прысвяціў сябе служэнню на нашай зямлі, за яго ахвярную працу. Трэба падкрэсліць і тое, што ягоны брат Tадэвуш таксама з’яўляецца святаром і працуе на місіях у Бразіліі. Сям’я Шэршаняў дала Паўсюднаму Касцёлу двух місіянераў, адзін з якіх працуе ў Беларусі, а другі – у Лацінскай Амерыцы. Яна добра пачулі і зразумелі словы Хрыста, сказаныя апосталам: ідзіце і навучыце ўсе народы.
6. Калі б сцены гэтага касцёла маглі прамаўляць, то, напэўна, маглі б распавесці шмат цікавых гісторый навяртання і перамены жыцця. Колькі Імшаў, споведзяў, святых Камуній, іншых сакрамэнтаў і паслугаў было здзейснена за гэтыя 25 гадоў. У гэтых сценах пісалася і працягваецца пісацца гісторыя нашага духоўнага адраджэння, у якім асаблівае месца займае кс. канонік Мар’ян Шэршэнь. З 33 гадоў святарства 25 ён прысвяціў Беларусі і парафіі ў Налібоках, верна выконваючы абавязкі абвяшчэння Божага слова, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і будавання касцёльнай супольнасці ў часы, калі вынішчаную ваюючым атэізмам зямлю неабходна перамяняць у духоўны аазіс.
Дзякуй Богу, мінуў час ідэалагічнага атэізму. Але д’ябал не спіць, і мы сустракаемся з новымі выпрабаваннямі секулярызму, адыходу ад Бога і нават падмены Яго матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Гэта новыя выклікі часу, якія неабходна пазнаваць і на іх у час адказваць, бо заўтра можа быць позна. Гэтае заданне стаіць перад Касцёлам.
7. Ксёндз канонік Мар’ян, ты, як сучасны Барталамей, мужна і ахвярна ўжо 25 гадоў працуеш на Беларусі. Ты стаў не толькі сведкам, але таксама актыўным і паспяховым удзельнікам працэсу духоўнага адраджэння нашай краіны. Няхай апекуны гэтай парафіі Маці Божая Унебаўзятая і святы Барталамей выпрасяць табе ў Бога ласку, каб твой досвед, адданасць справе Касцёла і працавітасць, памножаныя на малітву, дапамаглі ў адказе на небяспечныя выклікі сучаснасці.
Налібоцкі касцёл, сёння ты пачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Няхай гэтая святыня, як пладавітая смакоўніца, будзе напоўнена дзейнасцю, якая вядзе да спаткання чалавека з Богам, каб Хрыстус у нас прызнаў сапраўдных хрысціян і мы, падобна св. Барталамею, абвяшчалі Божую славу. Амэн.
|