Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXIII Звычайную нядзелю, Год В

Мінскі архікатэдральны касцёл, 6 верасня 2015 г.

Хвалі, душа мая, Пана.

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы вельмі добра перадае дух чытанняў, якiя мы толькi што пачулi i ў якіх Бог дае чалавеку новую надзею і вызваляе яго ад цяжкасцяў жыцця.

Сённяшняе Евангелле з’яўляецца працягам Евангелля аб аздараўленні сляпога. Да Езуса прывялі сляпога і папрасілі, каб вылечыў яго. У тыя часы людзі часта выкарыстоўвалі сліну як лекі. І нават сёння, калі ў нас з’яўляецца ранка ці нейкае раздражненне скуры, мы часта мажам гэта месца сліной. Вiдавочна, што сліна мае нейкiя лячэбныя асаблiвасцi. Так паступіў і Езус. Ён паслініў сляпому вочы, дакрануўся да яго і спытаў, ці ён бачыць. Чалавек адказаў, што бачыць людзей, нібы дрэвы, што ходзяць, гэта азначае, што ён бачыць, але яшчэ не выразна. Тады Езус дакрануўся да яго яшчэ раз, і той стаў бачыць нармальна.

Сённяшняя евангельская гісторыя распавядае пра аздараўленне глуханямога. Езус уклаў свае пальцы ў ягоныя вушы, паслініў язык і, паглядзеўшы ў неба, усклікнуў: Эффата, што азначае: адкрыйся, не будзь глуханямым, але стань нармальным чалавекам, які чуе і размаўляе. І так сталася, чалавек быў вылечаны. Гэтыя гісторыі нагадваюць аб Божай моцы Езуса і адначасова аб Яго клопаце пра абяздоленых і хворых.  

2. Гэтыя евангельскія аповеды – не толькі былая гісторыя, але таксама і сучаснасць. Яны непасрэдна адносяцца да нас, хрысціян XXI стагоддзя. Мы, можа, не з’яўляемся глуханямымі і сляпымі, каб ад гэтага цярпець. Мы штосьці бачым, чуем і можам гаварыць. Але ці стараемся бачыць анамаліі нашага духоўнага жыцця? Ці хочам чуць пра іх? Ці маем адвагу скарэктаваць жыццё чалавека, які памыляецца, кажучы яму аб гэтым? Жыццё паказвае, што далёка не.

Як часта мы адварочваем свой позірк ад людзей, якія чыняць блага, п’юць, праклінаюць, прымаюць наркотыкі, жывуць амаральна і г.д. Як часта мы не хочам слухаць пра тое, што мы самі альбо нехта з нашых блізкіх чыніць зло. Мы прапускаем гэта міма вушэй, каб толькі не турбаваць саміх сябе, каб быць, як кажуць, як мага далей ад граху. Як часта для святога спакою мы стараемся не рабіць нічога са злом, якое чыніцца на нашых вачах, і потым казаць: я нічога не ведаю і мая хата з краю. Са здзіўленнем часам трэба выслухоўваць прэтэнзіі, якія веруючыя бацькі жывучых без шлюбу дзяцей маюць да святароў за тое, што яны іх дакараюць, чаму не ўрэгулююць сваё жыццё згодна з касцёльным правам. Нярэдка ад бацькоў у такіх выпадках можна пачуць, што гэта не такая важная справа, маўляў, сёння ўсе так жывуць, бо такія часы. Так, часы змяняюцца, але Божае права не змяняецца і яго неабходна захоўваць.

3. Гэта выклік сучаснага хрысціянства. Таму нам, сляпым на духоўныя справы або слаба іх бачачым, неабходна прасіць Езуса, каб учыніў цуд, каб мы маглі бачыць Божы закон і бачыць яго парушэнні. Нам, глухім на голас Евангелля і навучанне Касцёла, трэба прасіць аб цудзе, каб мы яго пачулі, належным чынам успрынялі і практыкавалі ў нашым жыцці. Адносна нашай мовы, мы часта з’яўляемся салодкамоўнымі або “косноязычными”. Тое самае, на жаль, праяўляецца і адносна практыкі нашай веры. Гора тым, хто не рэагуе на злачынствы іншага чалавека, бо ў сваёй балбатлівасці яны застаюцца нямымі, - кажа св. Аўгустын. Бяда мне, калі б я не абвяшчаў Евангелля, - вучыць св. апостал Павел.

Чалавек, які слаба бачыць, цешыцца, калі адзене акуляры, якія яму дапамагаюць бачыць добра. Чалавек, які слаба чуе, патрабуе слыхавога апарату, каб лепей чуць. Падобнае і нам неабходна адносна нашай веры. Нам трэба звярнуцца да духоўнага лекара – Езуса Хрыста, і папрасіць Яго, каб вылечыў нас ад духоўнай слепаты і глухаты, каб мы добра бачылі духоўныя анамаліі нашага жыцця, не баяліся на іх адказваць і дапамагалі іншым выйсці з духоўнай залежнасці. Для гэтага неабходна прасiць Езуса, каб дакрануўся да нашых вачэй, да нашых вушэй і языка, каб мы маглі бачыць і чуць Яго вучэнне і абвяшчаць яго ў сучасным свеце.

4. Аздараўленне глуханямога і сляпога – гэта не што іншае, як знакі Месіі, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Апошні сказ сённяшняга Евангелля: “Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць”, – азначае тое, што ў Езусе выкананалася прароцтва аб Месіі. Здзіўленне натоўпу было прадыктавана не толькі і не столькі аздараўленнем хворых, колькі месіянскім значэннем гэтага факту. Людзі дзівіліся ўсяму таму, што чыніў Езус, і задавалі пытанне, ці Ён чаканы Месія, які распачне новую эру ў гісторыі чалавецтва.

Нягледзячы на тое, што Езус трымае ў таямніцы тое, што Ён з’яўляецца Месіяй, і забараняе апосталам аб гэтым гаварыць, тым не менш звесткі пра гэта прасочваюцца. Мы ўсе добра ведаем пра сучасную праблему Wikileaks, калі найбольшыя сакрэты спецслужбаў ЗША сталі вядомымі. Але падобны, калі так можна выказацца, Езусleaks меў месца 2000 гадоў таму.

Апосталы, асабліва Пётр, які вызнаў веру ў Езуса як Божага Сына, мелі візію Езуса як Месіі, аднак таксама паддаліся спакусе няправільнага тлумачэння значэння слова Месія. Яны больш думалі пра славу і магутнасць Езуса, чым пра Крыж, на якім Ён павінен быў збавіць чалавецтва. І толькі пасля Уваскрасення яны ў поўні адкрылi ў Езусе чаканага Месію.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці ўспрымаем мы Езуса як Месію, бо і на нашых вачах Ён чыніць цуды? Адным з іх з’яўляецца атрыманая свабода веравызнання пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл, дзякуючы чаму ў ім мы можам вылечыцца ад духоўнай слепаты і глуханематы, каб праз нас, нашу глыбокую веру і хрысціянскае сведчанне, як каналы Яго аздараўляючай моцы, Ён чыніў цуды навяртання іншых людзей, каб усе хвалілі Пана, нашага Творцу і Збаўцу.

Адкажам на яго сёння, бо заўтра можа быць позна. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі