Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы з нагоды 25-годдзя служэння айцоў палатынаў у Воранаве

XXV Звычайная нядзеля, Год В, 20 верасня 2015 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Палатынская супольнасць сёння адзначае сярэбраны юбілей сваёй працы ў Воранаве. Добра памятаю тыя часы, калі толькі пачынаўся працэс адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў. Менавіта тады палатыны прапанавалі сваю дапамогу і пачалі працу ў Воранаве.

З таго часу ўцякло шмат вады, Касцёл у нашай краіне ўмацаваўся, аб чым сведчаць новыя дыяцэзіі і біскупы, новыя парафіі, новыя святары і кансэкраваныя асобы, а таксама ўсё больш актыўны ўдзел свецкіх людзей у жыцці Касцёла. Сведчыць аб гэтым таксама і актыўная дзейнасць айцоў палатынаў ва ўсіх чатырох дыяцэзіях нашай краіны, за што мы ўсе ім удзячны і падчас гэтай святой Імшы просім Бога, каб ім благаславіў на будучае служэнне.

2. Сённяшняе Евангелле ўздымае вельмі вялікую праблему, з якой мы сустракаемся ў штодзённым жыцці, — праблему першынства, бо апосталы спрачаліся паміж сабой, хто з іх будзе большы ў Божым Валадарстве.

Чалавек мае свае амбіцыі і імкнецца быць першым, часамі нават любым коштам і нярэдка ідучы па трупах іншых людзей. Падобнае здарылася і з апосталамі, якія былі пакліканы Езусам перад усім для духоўнай місіі. Езус пра сябе казаў, што прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць. Аднак, нягледзячы на навучанне Хрыста, апосталы разважалі над тым, хто з іх будзе большы ў Нябесным Валадарстве.

На гэтую іх заклапочанасць Езус адказаў вельмі проста — што першым будзе той, хто з’яўляецца апошнім і слугой усіх. Прыкладам можа служыць Марыя. Простая дзяўчына, якая нічым не вылучалася, стала Каралевай неба і зямлі. Чаму? Бо была паслухмяная Божай волі і стала слугой Бога і бліжняга. Яна, па прыкладу свайго Сына Езуса Хрыста, імкнулася не валадарыць, але служыць. Яе веліч у паслухмянасці Божай волі і ў служэнні іншым.

Апосталы, хаця і бачылі Езуса служачым іншым, тым не менш не маглі да канца зразумець велічы місіі служэння. Езус, які прынізіў сябе і прыняў вобраз раба, быў для іх добрым прыкладам. У сённяшнім Евангеллі Ён прадказвае свае цярпенні і смерць. І такіх прадказанняў было ажно тры.

Езус знаходзіцца ў гушчы свайго служэння, але незваротна ідзе ў Ерузалем, дзе на Галгоце павінен завяршыць сваю місію. Апосталы не да канца разумеюць сэнс Яго цярпенняў. Таму Хрыстус павінен быў казаць аб гэтым аж тры разы, каб яны крок за крокам маглі асэнсаваць тое, што павінны стаць часткай гэтых цярпенняў, а не спрачацца, хто будзе большым.

3. Кожную нядзелю мы ідзём у касцёл. Мы, якіх вядзе наша вера, прыходзім сюды, каб разам з жывых камянёў, якімі з’яўляюцца нашы душы, утвараць сапраўдны Касцёл; каб разам маліцца і праслаўляць Бога. Мы з’яўляемся вучнямі Хрыста ў сучасным свеце, падобна як калісьці імі былі апосталы, і ў нашым жыцці імкнёмся ісці шляхам, якім Езус хоча, каб мы ішлі згодна з Яго вучэннем. Мы ведаем, што часта падаем і спрачаемся, як гэта чынілі апосталы, бо хочам быць галоўнымі, але з Божай дапамогай падымаемся і пачынаем усё нанова, ведаючы, што такім чынам ідзём наперад да мэты нашага жыцця.

4. Калі хтосьці хоча быць першым, павінен стаць апошнім і быць слугой іншых. Гэтыя словы Езуса знаходзяцца ў цэнтры Яго вучэння. Гэта рэцэпт таго, як быць вучнем Хрыста. Аднак пры гэтым неабходна памятаць і аб тым, што заклік да пакоры і служэння іншым не азначае, што мы не павінны мець свайго меркавання па тым ці іншым пытанні, асабліва баронячы хрысціянскія каштоўнасці, што вельмі важна ў наш час.

Усё гэта азначае, што мы павінны прыпадабняцца не свету, але Хрысту. Не павінны плыць па цячэнні секулярнага свету, але супраць яго. Быць не флюгерам, які паварочваецца ў той бок, куды дзьме вецер, але моцным дубам, які не паддаецца бурам.

5. Езус заклікае нас быць слугамі ўсіх. Гэта гучыць як вельмі ўзнёслае заданне, але на самой справе яно ёсць часткай служэння Хрыста, які аддаў сваё жыццё за ўсіх людзей. Ён ацаніў кожнага чалавека і служыў найбольш патрабуючым, чым даў ім новую надзею і магчымасць жыць новым лепшым жыццём. Так і мы павінны паступаць, служыць іншым так, як Езус служыць нам.

Гэта той урок, які сённяшняе Евангелле дае нам. Гэты ўрок жывы, і Касцёл праз сваіх святароў яго актуалізуе ў адпаведнасці з канкрэтнай сітуацыяй і выклікамі часу.

6. Сёння мы адзначаем 25-годдзе дзейнасці палатынаў у Воранаве. Святары палатыны належаць да Таварыства Каталіцкага Апостальства, якое заснаваў св. Вінцэнт Палоцці яшчэ ў 1835 г. Ад самога пачатку яно складалася са святароў і свецкіх вернікаў.

Галоўнай ідэяй гэтага апостальства з’яўляецца тое, што кожны ахрышчаны моцаю сакрамэнту хросту з’яўляецца апосталам і таму павінен клапаціцца аб збаўленні сваім і іншага чалавека. Такім чынам яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя нарадзілася ідэя апостальства свецкіх. З цягам часу яна развівалася далей і знайшла сваё зацвярджэнне на Другім Ватыканскім Саборы ў вучэнні аб паўсюднасці апостальства хрысціян. Усё гэта нагадвае пра тое, што заснавальнік супольнасці палатынаў св. Вінцэнт Палоцці глядзеў далёка наперад і меў сваю візію апостальскага Касцёла, якая ў паўнаце ажыццяўляецца ў наш час.  

7. Палатынская харызма выводзіцца з іх дэвізу: «Caritas Christi urget nos» — «Любоў Хрыста абдымае нас». Гэтая любоў з’яўляецца маторам дзейнасці палатынаў, нябеснай апякункай якіх ёсць Марыя — Каралева апосталаў, якая пасля Езуса з’яўляецца найдасканалейшым прыкладам да наследавання.

Любоў Хрыста павінна кіраваць нашым жыццём як адносна матэрыяльнай ці духоўнай дапамогі іншым, так і адносна захоўвання Божага закону. Мы сапраўды любім Бога толькі тады, калі жывём у адпаведнасці з Божым правам. А гэта адна з найбольш актуальных праблем сучаснасці.

Свет жыве так, як быццам Бога няма або Ён памёр. Гэта пацвярджае штодзённае жыццё. Маральныя нормы забываюцца і нават высмейваюцца. Медыя, якія фармуюць свядомасць чалавека, асабліва маладога, у імя фальшыва зразуметай свабоды прапагандуюць насілле, сужэнскую нявернасць, нязгодны з Божым правам секс і г.д. Амаральнасць прадстаўляецца як выраз свабоды. У той жа час маральнасць — як яе абмежаванне.

Нашу краіну залівае алкагалізм. Незразумелым з’яўляецца зняцце  абмежаванняў на час продажу алкаголю. Гэта не што іншае, як шлях да спойвання нацыі. Да традыцыйнага п’янства дадаецца наркаманія, якая руйнуе чалавека. Неўпарадкаванае сексуальнае жыццё з’яўляецца прычынай распаўсюджвання СНІДу. Сёння СНІД — гэта ўжо далёка не афрыканская хвароба, але эпідэмія, якая ахапіла ўвесь свет, у тым ліку і Беларусь.

А якой трагедыяй з’яўляецца крызіс сям’і?! Чалавек адмаўляецца ад традыцыйнай, Богам устаноўленай мадэлі сям’і, як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, узаемнай дапамогі, нараджэння патомства і яго выхавання. Замест гэтага прапагандуюцца аднаполыя саюзы. Расце колькасць разводаў, што вядзе да трагедыі як сужэнцаў, так і дзяцей.

Божы дар жыцця дэвальвуецца і ім, выкарыстоўваючы дасягненні навукі, можна маніпуляваць. Небяспеку самому чалавеку, якую сёння нават нельга прадказаць, нясе кланаванне жывых істотаў, бо ўсё часцей нагадваецца аб кланаванні чалавека або прынамсі скрыжаванні чалавека і жывёлы. Што мы тады атрымаем?

Навука і тэхналогіі развіваюцца такімі тэмпамі, што, як прадказвае адзін з самых славутых сучасных астрафізікаў англічанін Стывен Гобкінс, напрыканцы гэтага стагоддзя штучны інтэлект пераможа чалавечы. Вядома, што ў наш час камп’ютар паспяхова гуляе ў шахматы з чалавекам і нават выігрывае. Але калі гэта стане паўсюднасцю, то можам сабе толькі ўявіць, з якімі пагрозамі мы спаткаемся.  

Такім чынам у сучасным апанаваным новымі тэхналогіямі свеце чалавек становіцца толькі маленькім вінцікам, якім свет круціць, як хоча.

Дзе паратунак? Хто дапаможа? Ці ёсць выйсце з такой складанай сітуацыі, у якой знаходзіцца свет? Ёсць. Праблема ў тым, што чалавек парушыў Богам устаноўлены парадак. Вядома, што калі ў дызельны матор зальём бензін, то ён не будзе працаваць, бо парушана інструкцыя яго абслугоўвання. Гэтак жа і з чалавекам. Дадзеная Богам інструкцыя для нашага паспяховага жыцця не можа быць парушана, а калі так здарылася, неабходна як мага хутчэй вярнуцца да яе. Бог не памёр і жыве, і нам неабходна будзе перад Ім здаць справаздачу з нашага жыцця, справаздачу з таго, ці жылі мы паводле дадзенай Ім інструкцыі, гэта азначае паводле Ягонага закону.

Гэта заданне не толькі для святароў, але і для свецкіх вернікаў. А менавіта іх фармацыя — гэта заданне айцоў палатынаў.

Віншуючы вас з сярэбраным юбілеем працы ў Воранаве, жадаю Божага благаслаўлення і апекі Марыі — Каралевы апосталаў, каб ваша служэнне прынесла багаты духоўны плён, каб любоў Хрыста ахапіла ўсіх, да каго вы пасланы, і каб дзякуючы вашаму служэнню людзі жылі паводле Божай інструкцыі — маральнага закону, як гарантыі шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці. Амэн.  


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі