Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы асвячэння табліцы «Magnificat»

Эйн-Карэм, 26 верасня 2015 г.

«Magnificat» — Божая рэвалюцыя

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія пілігрымы!

1. Божы Провід прывёў нас на месца, дзе адбылася сустрэча дзвюх благаслаўлёных жанчын – Марыі і Альжбеты. Гэта была сустрэча не толькі іх, але і яшчэ не народжаных Езуса Хрыста і св. Яна Хрысціцеля. Ужо тады Збаўца свету, які яшчэ знаходзіўся ва ўлонні Марыі, пачаў дзейнічаць сваёй ласкай і вызваліў ад першароднага граху свайго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля.

У Евангеллі мы пачулі словы Альжбеты, якая ў Марыі прызнала Маці Збаўцы, бо ў яе ўлонні ўзварухнулася дзіцятка. Гэтыя словы Альжбеты з’яўляюцца сцвярджэннем таго, што св. Ян Хрысціцель, як папярэднік Езуса, быў вызвалены з палону першароднага граху яшчэ перад нараджэннем.

Альжбета таксама назвала Марыю благаслаўлёнай, бо яна паверыла Богу. Марыя ў сваю чаргу ў адказ праспявала свой славуты гімн «Magnificat», які часта называюць «Песняй Марыі». Калі мы спяваем або чытаем гэты гімн, то павінны памятаць аб яго радыкальным і нават рэвалюцыйным характары.

2. Што азначае слова «рэвалюцыя»? Найчасцей мы маем на ўвазе татальную змену, якую яна прыносіць. Так, камп’ютарная тэхніка абсалютна змяніла інфармацыйную індустрыю і стала сапраўднай рэвалюцыяй у інфармацыйнай прасторы сучаснага свету. Націскаеш кнопку і імгненна маеш мільёны інфарматыўных матэрыялаў. Чалавеку не патрабуецца трымаць гэтую інфармацыю ў галаве або запісваць, бо ўсё вельмі хутка можна знайсці ў інтэрнэце.

Другі прыклад – гэта індустрыяльная рэвалюцыя, якая абсалютна змяніла наша жыццё.

Наступны прыклад – гэта палітычна-сацыяльныя рэвалюцыі, якія змяняюць палітычны і сацыяльны парадак.

«Magnificat» з’яўляецца боскай рэвалюцыяй, бо паказвае Божую інтэрвенцыю ў жыцці як асобнага чалавека, Марыі, так і ўсяго чалавецтва.

3. У гімне «Magnificat» Марыя паказвае, як Бог змяняе існуючы на зямлі парадак. Тое, што знаходзіцца ўнізе, Ён ставіць наверх, пераварочвае існуючы парадак з ног на галаву. Гэтым самым Бог рэвалюцыянуе дарогу нашага мыслення, дзеяння і жыцця.

Да боскай рэвалюцыі чалавек ацэньваўся паводле яго матэрыяльных каштоўнасцяў, сацыяльнага статусу, адукацыі, прывабнасці і г.д. АлеБог усё змяніў. Апошнія сталі першымі, а першыя – апошнімі. Гэта не што іншае, як сапраўдная рэвалюцыя.

4. Цяпер звернем увагу на наступныя вельмі важныя думкі гімну «Magnificat». Бог рассеяў пыхлівых сэрцам, скінуў магутных з трону, узвысіў пакорных, насыціў галодных, а багатых ні з чым адправіў. Успомнім, што Бог выбраў простую дзяўчыну па імені Марыя быць Маці Збаўцы, і вялікае ўчыніў Ёй Усемагутны. Выбраў не з багатай каралеўскай сям’і, але з беднай. Ці гэта не рэвалюцыя?

Словы гімну Марыі сапраўды гучаць як рэвалюцыя, асабліва калі браць пад увагу культурны, рэлігійны, палітычны і сацыяльны кантэкст таго часу. Яны – сапраўдная бомба, якая пераварочвае прынятыя ў свеце каштоўнасці з ног на галаву.

Такім чынам Бог кардынальным вобразам змяняе звычайныя каштоўнасці жыцця і замест прывычных зямных указвае на духоўныя. Ён заклікае да духоўнай рэвалюцыі ў нашых сэрцах і душах. Гэта асаблівым чынам падкрэслівае Езус, кажучы: навяртайцеся і верце ў Евангелле. А ў казанні на гары Ён як сапраўдную рэвалюцыю прадставіў маральны кодэкс хрысціяніна, праграму яго жыцця, кажучы, што бедныя, засмучаныя, вязні і г.д. будуць благаслаўлёнымі.

5. Сёння, калі ў гэтым святым месцы асвячаецца табліца з беларускім тэкстам гімну Марыі «Magnificat», мы павінны спытаць сябе: а як ёсць з намі? Ці адбываецца Божая рэвалюцыя ў нашых сэрцах? Каб яна адбылася, неабходна дазволіць Езусу дзейнічаць у нас, неабходна адкрыць Яму дзверы нашых сэрцаў і грамадстваў – як да гэтага заклікае св. Ян Павел II.

Калі ў нейкай краіне адбываецца рэвалюцыя, то людзі параўноўваюць жыццё «да рэвалюцыі» і «пасля рэвалюцыі». Да Божай рэвалюцыі чалавек пакладаў надзею на самога сябе, ён узвышаў сябе, сваё «эга». Пасля – павінен пакладаць надзею на Бога, які ўзвялічвае пакорных.

6. У гэтую ўрачыстую хвіліну спытаем саміх сябе, ці з’яўляемся мы актыўнымі ўдзельнікамі гэтай рэвалюцыі. Жыццё паказвае, што можна быць грамадзянінам сваёй краіны і не быць удзельнікам рэвалюцыі, якая ў ёй адбываецца, ці яе наступстваў. Добрым прыкладам можа быць бальшавісцкая рэвалюцыя 1917 г. Людзі дзесяцігоддзямі хадзілі на парады, але не ўспрымалі ідэй рэвалюцыі.

Падобнае можа быць і з нашай прыналежнасцю да Касцёла, з хрысціянскім пакліканнем і сведчаннем. Можна належаць да Касцёла, але не дазваляць, каб Бог учыніў у нас сваю рэвалюцыю. Можна прымаць удзел у набажэнствах, ездзіць у пілігрымкі, прымаць святую Камунію, але не адчуваць Божай прысутнасці ў сэрцы і тых перамен, якія яна нясе.

Гэта вельмі актуальнае пытанне ў сучасным свеце, калі многія хрысціяне толькі фармальна належаць да Касцёла і не выказваюцца жывой верай, не захоўваюць Божага закону або жадаюць яго змены і паслаблення, кажучы, што калі змяняецца свет, то павінны змяняцца і маральныя нормы. Пры гэтым вельмі часта яны спасылаюцца на бязмежную Божую міласэрнасць, маўляў, Бог усё даруе. Гэта шлях, які вядзе ў нікуды і які становіцца прычынай талерантнасці граху і яшчэ большай грахоўнай залежнасці. Трэба памятаць аб тым, што калі Бог у нас, то Ён нас змяняе.

7. Дарагія браты і сёстры!

Марыя ў гімне «Magnificat» праслаўляе Бога за тую духоўную рэвалюцыю, якую Ён здзейсніў у Ёй. Такая ж рэвалюцыя павінна адбыцца і ў нашым жыцці. А гэта здзейсніцца тады, калі мы па прыкладзе Марыі згодзімся з Божай воляй. Таму, будучы ўдзельнікамі гэтай гістарычнай падзеі — асвячэння табліцы «Magnificat» — учынім усё магчымае, каб яна не была толькі знешнім актам, але крокам да сапраўднай духоўнай рэвалюцыі, дзякуючы якой Бог нас узвысіць і мы ў вечнасці займём месца каля нашай духоўнай Маці – Марыі. Амэн.

Адноўлена 27.09.2015 12:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі