Эйн-Карэм, 26 верасня 2015 г.
Праслаўляць Бога, які наведаў свой народ
Дарагія пілігрымы!
1. Мы знаходзімся на месцы, у якім Захарыя праспяваў свой славуты гімн «Benedictus» пасля таго, як зведаў бязмежную Божую любоў і міласэрнасць, бо ў яго сям’і нарадзіўся сын – будучы папярэднік Езуса, св. Ян Хрысціцель, заданнем якога было падрыхтваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. У гэтым гімне Захарыя выказвае сваю радасць як з нараджэння сына, на што ён і яго жонка св. Альжбета не маглі нават спадзявацца, бо былі старымі, так і з таго, што такім чынам Бог наведаў свой народ.
Сёння гэтае святое месца ўзбагачаецца яшчэ адной табліцай гімну Захарыі «Benedictus» на беларускай мове. Гэта ўжо чацвёрты знак прысутнасці беларускай культуры на Святой Зямлі, пасля табліцы з малітвай «Ойча наш» у аднаімённым храме ў Ерузалеме, мазаікі Божай Маці Будслаўскай у Назарэце і гімна Марыі «Magnificat» таксама ў Эйн-Карэм, толькі ў іншым месцы.
2. У Старым Запавеце Бог паабяцаў людзям, што пашле Збаўцу, які выбавіць іх ад граху і аб’явіць мір паміж Богам і імі. Аднак здавалася, што Бог маўчаў і не дзейнічаў, хаця людзі маліліся і чакалі, каб Ён паслаў Збаўцу.
Але настаў дзень, калі Бог паслаў арханёла Габрыэля са спецыяльнай місіяй да святара Захарыі, калі той выконваў сваю святарскую місію ў святыні. Божы пасланец сказаў яму, што Бог дасць яму і яго жонцы Альжбеце сына, які абвесціць прыйсце Збаўцы.
Захарыя не паверыў словам арханёла Габрыэля, бо ён і Альжбета былі старымі і, натуральна мяркуючы, ужо не маглі мець дзяцей. За гэта Захарыя быў пакараны і стаў глуханямым аж да дня нараджэння св. Яна Хрысціцеля. А калі Ян Хрысціцель нарадзіўся, то ўся супольнасць радавалася таму, што Бог аказаў сваю міласэрнасць Альжбеце і Захарыі, які ў знак удзячнасці прапяваў гімн «Benedictus». У ім Захарыя праслаўляе Бога за два прароцтвы: прароцтва адносна Збаўцы і прароцтва адносна Яго папярэдніка.
3. Адносна Збаўцы Захарыя праслаўляе Бога, які наведаў і збавіў свой народ. Захарыя стаў першым у Новым Запавеце, каго наведаў Бог праз арханёла Габрыэл. Аднак адведзіны Бога былі прызначаны не толькі для яго, але і для ўсяго Божага народу. Пасылаючы свайго пасланца Захарыі, а потым Марыі, і даючы магчымасць Альжбеце нарадзіць папярэдніка Езуса, а Марыі – Збаўцу, Бог сапраўды наведаў свой народ і такім чынам увайшоў у яго гісторыю, каб збавіць чалавецтва.
Галоўны змест і сэнс Добрай Навіны ў тым, што Бог нас збавіў. Мы не павінны забывацца аб тым, што самі не можам сябе збавіць. Бог дзейнічае, каб нас збавіць, для чаго Ён пасылае на зямлю свайго Сына.
Пасля праслаўлення Бога за тое, што Ён пасылае Збаўцу, Захарыя праслаўляе Яго за нараджэнне папярэдніка Езуса – св. Яна Хрысціцеля, які прыходзіць, каб падрыхтаваць Яму дарогу.
4. Як бачна, галоўным суб’ектам гімну Захарыі быў Езус, хаця яго сэрца распірала радасць з нараджэння сына. Гэта вялікая лекцыя для нас, якая вучыць аб тым, што мы павінны канцэнтравацца найперш на праслаўленні нашага Збаўцы.
Мы спяваем песню Захарыі, бо абяцаны Збаўца чыніць для нас тое, што Ён учыніў для Захарыі і Альжбеты, для Яна і для ўсіх нашых продкаў па веры. Дадзенае Богам Абрагаму абяцанне было выканана праз нараджэнне Марыяй Езуса і праз здзейсненае Ім збаўленне.
5. Заданнем Яна было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу і паказаць Яго людзям. І Ян годна выканаў гэтае заданне. Ён быў голасам клічучага ў пустыні і над водамі Ярдана, паказаў людзям Збаўцу, кажучы: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». Падобна Захарыі, Ян праслаўляе Хрыста і служыць Яму. Тое ж самае павінны чыніць і мы – з пакорай Захарыі і Яна служыць Богу, бо Ён наведаў свой народ.
Сёння пры асвячэнні ў Эйн-Карэм табліцы з тэкстам «Benedictus» на беларускай мове нам неабходна засяродзіцца на гэтай праўдзе. Мы павінны заўсёды памятаць, што наша збаўленне ў адпушчэнні грахоў, якое Езус дае нам у сваёй пасхальнай таямніцы. Гэта тое, аб чым сведчылі Захарыя і Ян.
З гэтага святога месца на Святой Зямлі вернемся ў нашу Бацькаўшчыну Беларусь з пастановай служыць Богу, які наведаў свой народ, служыць, як Яму служылі Захарыя і Ян Хрысціцель. А табліца з гімнам «Benedictus» няхай прыгадвае ўсім, што Бог наведаў таксама і Беларусь і жыве на Беларусі. Амэн.
|