27 кастрычніка 2015 г.
“I Я кажу табе, што ты – Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16, 18-19).
Вашы Эксцэленцыi, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнiкi дзяржаўнай улады, браты i сёстры!
1. Гэтымi словамi сённяшняга Евангелля вiтаю ўсiх вас у радасны дзень асвячэння новапабудаванага касцёла св. Бэнэдыкта ў Пiнску. Ад усяго сэрца вiншую ардынарыя Пiнскай дыяцэзii Яго Эксцэленцыю біскупа Антонiя Дзям'янку, пробашча кс. Андрэя Рылку, святароў, законных асобаў i вернiкаў як мiкрараёна Жылгарадок горада над Пiнай, так i ўсю дыяцэзiю з гэтай гiстарычнай падзеяй. Знамянальна, што асвячэнне новага касцёла адбываецца ў юбiлей 90-годдзя заснавання Пiнскай дыяцэзii. Трэба адзначыць, што ў маi гэтага года ў Баранавiчах таксама быў асвечаны новы касцёл у гонар св. Яна Паўла II. Якi вялiкi i значны падарунак на юбiлей! Сцвярджаю гэта з радаснай зайздрасцю.
2. Святы Ян Павел II у 1991 г. аднавiў структуры Каталiцкага Касцёла i гэтым самым удыхнуў у яго новы дух i надаў дынамiзм яго адраджэнню i развiццю. Сведчаннем гэтага з’яўляецца i сённяшняя ўрачыстасць, на якую прыбыў Апостальскi Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджроццi, якi прадстаўляе нам Святога Айца Францiшка. Ва ўрачыстасцi прымае ўдзел увесь беларускi епiскапат, якi сёння складаецца з васьмі бiскупаў. А якая колькасць святароў, кансэкраваных асобаў, вернiкаў! Хто аб гэтым мог падумаць яшчэ 25-30 гадоў таму?! У самых смелых марах цяжка было б сабе гэта ўявiць. Аднак Бог, а не хтосьцi iншы, кiруе светам. Ён пiша проста на пакручастых лiнiях гiсторыi i ставiць апошнюю кропку над “i”.
3. Цягам трох пакаленняў на нашай зямлi зачынялiся i разбуралiся касцёлы, кляштары, семiнарыi. Святары ссылалiся ў лагеры i ссылкi. Здавалася, што са смерцю апошняга настане канец Касцёла. Так здавалася чалавеку, але Бог распарадзiўся iнакш. I калi многiя апусцiлi рукi i страцiлi надзею, то Божы Провiд даў Касцёлу правiдэнцыйнага Папу Яна Паўла II, якi адразу заклiкаў людзей усяго свету адчынiць дзверы Хрысту, бо толькi Ён да канца ведае чалавека i толькi ў Iм чалавек можа пазнаць сябе. I гэтыя дзверы адчынiлiся.
Вялiкi Папа добра прачытаў знакi часу, аднавiў структуры Касцёла ў нашай краiне i прызначыў бiскупаў. У 1989-1991 гг. мне давялося быць Апостальскiм адміністратарам для католiкаў лацiнскага абраду ў Беларусi. Тады я часта бываў у Пiнску i сваiмi вачыма бачыў веру палешукоў, веру не прыгнечаную, але сапраўдную; веру, якая прайшла выпрабаваннi часам i не знiкла. Дзякуючы старэйшаму пакаленню яна не толькi захавалася, але і была перададзена маладому.
Пасля адраджэння касцёльных структур у 1991 г. на авансцэне адраджэння Касцёла ў Беларусi стаў жывы мучанiк, стары ўзростам, але малады душой, спачатку арцыбiскуп, а потым кардынал Казiмiр Свёнтэк. Ён энергiчна распачаў грунтоўную працу адраджэння Касцёла на нашай зямлі, якая мае багатую i адначасова трагiчную гiсторыю хрысцiянства. Будавалiся i рамантавалiся касцёлы, аднавiла сваю дзейнасць духоўная семiнарыя ў Пінску, развiвалася выдавецкая дзейнасць i г.д. Сёння біскуп Антонi Дзям'янка паспяхова працягвае яго дзейнасць, адным са знакаў якой ёсць кансэкрацыя касцёла св. Бэнэдыкта ў Пiнску, у якой мы прымаем удзел.
Назва св. Бэнэдыкта звязана са шматвяковай і слаўнай гісторыяй касцёла і кляштара бэнэдыктынцаў у мястэчку Гарадзішча (7 км ад Пінска). Гэты кляштар быў знакаміты як цэнтр адукацыі, навукі, мастацтва з 1650-х да 1939 г. (з перапынкам у часы ганенняў з 1863 да 1918 гг.). У назве новай парафіі вернiкi хацелі захаваць памяць пра слаўнае мінулае бэнэдыктынцаў на Піншчыне.
4. Калi мы глядзiм на новапабудаваны касцёл, то найперш здзіўляемся таму, як хутка ён быў пабудаваны. У гэтым заслуга бiскупа, пробашча, вернiкаў, спонсараў, архiтэктараў, дзяржаўных уладаў, якiя далi дазвол, будаўнiкоў.
Здзiўляючыся так хутка пабудаванаму Божаму дому i яго архiтэктуры, мы павiнны задацца iншым пытаннем: а для чаго ён быў пабудаваны? Каб быць чарговым ўпрыгажэннем старажытнага Пiнска? Гэта не далёка ад праўды. Аднак касцёл - гэта не проста будынак, якiх кожны год будуецца шмат. Гэта не супермаркет. Не тэатр. Не спартыўная зала. Гэта сакральнае месца, месца спаткання чалавека з Богам, месца будавання касцёльнай супольнасцi як Божага народу.
Як гэтая касцёльная супольнасць будуецца? Найперш праз слуханне Божага слова, удзел у сакрамэнтах, перадусiм у Эўхарыстыi, i дабрачынную працу. У нашых сённяшнiх разважаннях спынімся на заўсёды жывым i актуальным Божым слове i Эўхарыстыі.
5. Першае сённяшняе чытанне з кнiгi Нээмii распавядае, як Эздра чытаў людзям кнiгу Майсея i як яны з радасцю i верай прымалi Божае слова, пацвярджаючы гэта воклiчамi “амэн”, “амэн”, што азначае “верым у тое, што нам Бог кажа”.
Рэфрэн сённяшняй святой Iмшы “Слова Тваё, Пане, – светач для маёй нагі” таксама нагадвае пра значэнне Божага слова ў жыццi кожнага чалавека. Мы добра ведаем, што без святла не можам нi хадзiць, нi ехаць у цемры. Каб асвятлiць дарогу, мы выкарыстоўваем лямпы цi пражэктары. Але акрамя фiзiчнай цемры ёсць яшчэ i духоўная. У ёй такiм святлом з’яўляецца Божае слова.
Святы апостал Павел вучыць, што вера ад слухання. А каб слухаць, неабходна, каб хтосьцi i дзесьцi абвяшчаў. Гэтым “хтосьцi” з’яўляецца святар, а “дзесьцi” - касцёл. Такiм чынам, у мурах збудаванага з камянёў касцёла, дзякуючы Божаму слову, якое там абвяшчаецца, людзi атрымлiваюць магчымасць пазнаць веру, яе прыняць i ў ёй узрастаць. Дзякуючы Божаму слову таксама будуецца Касцёл з жывых камянёў, якiмi з'яўляюцца людскія сэрцы, каб адказаць Богу “амэн”, што азначае “веру ў тое, што чую”.
6. А гэтай веры так не хапае сучаснаму чалавеку. У нядзелю, 25 кастрычнiка, у Ватыкане завяршыўся Сiнод Бiскупаў на тэму паклiкання i мiсii сям'i ў Касцёле i сучасным свеце. Вядома, што сучасная сям'я перажывае не вядомы дасюль крызiс. Айцы Сiноду станоўча падкрэслiлi, што адной з прычын гэтага крызiсу з’яўляецца няведанне Божага слова. Можа, гэта гучыць як парадокс, бо ў XXI стагоддзi з яго практычна бязмежнымi магчымасцямi адукацыi i новых сродкаў масавай камунiкацыi цяжка гаварыць аб тым, што хтосьцi чагосьцi не ведае. Так, сучасны чалавек добра ведае розныя навукi, але, на жаль, не ведае Божага права i нават супрацiўляецца яму, iмкнецца яго адмянiць або прынамсi змянiць. Менавiта гэта з'яўляецца прычынай многiх крызiсаў. Таму новая евангелiзацыя - галоўнае заданне Касцёла ў наш час, каб людзi ведалi Божую праўду i ёю жылi.
У касцёле таксама адбываецца катэхiзацыя. Калi евангелiзацыя вядзе да спаткання з Хрыстом, то кахэхiзацыя - да пазнання праўдаў веры i ўмацавання ў iх. Ужо выдадзены падручнiкi па катэхiзацыi для ўсiх класаў. Пры касцёлах iснуюць так званыя “нядзельныя школы”, у якiх адбываецца працэс катэхiзацыi.
7. У цэнтры новага касцёла мы бачым алтар – месца, дзе здзяйсняецца Эўхарыстычная ахвяра, падчас якой на нашых вачах нараджаецца Эўхарыстычны Хрыстус, каб быць Богам з намi i быць хлебам вечнага жыцця. У Касцёле iснуе старое выпрабаванае часам правiла, якое кажа, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцел. Як бачым, ёсць простая залежнасць памiж Касцёлам i Эўхарыстыяй. Сапраўдны Касцёл - гэта не сцены, але з'яднаны верай Божы народ. I гэты Касцёл найлепшым чынам праяўляецца падчас Эўхарыстыi, калi мы, людзi розных поглядаў, нацыянальнасцяў, моваў, культураў разам праслаўляем аднаго Бога i кормiмся адным хлебам вечнага жыцця.
Таму ў будаваннi Касцёла, як Божага народу, Эўхарыстыя мае выключнае значэнне.
Падчас Эўхарыстыi мы збiраемся разам, просім прабачэння адзiн у аднаго за нашы грахi, разам слухаем Божае слова, перадаём адзiн аднаму знак супакою, прыступаем да аднаго стала Эўхарыстычнага хлеба. Нiшто людзей так не аб'ядноўвае, як супольны стол. Таксама i Эўхарыстычны стол нас аб'ядноўвае ў адну сям'ю веруючых людзей.
8. Калiсьцi падчас ганенняў на веру людзi не вагалiся ехаць сотнi кiламетраў, каб толькi наведаць касцёл, сустрэцца са святаром, паспавядацца i прыняць святую Камунiю. Сёння, калi такiх магчымасцяў становiцца ўсё больш, мы iх не выкарыстоўваем. Сёння касцёламi становяцца канцэртныя залы, стадыёны, супермаркеты, дыскатэкi i да т.п. Там можна знайсцi ўсё, акрамя Бога. Такiм чынам з'явiлася пакаленне фармальна належачых да Касцёла, але не практыкуючых людзей. Што iх злучае з Касцёлам? Пасведчанне хросту цi сапраўднае хрысцiянскае жыццё? Цi памятаюць бацькi аб сваiм абавязку даваць дзецям хрысцiянскае сведчанне? На жаль, не. I аб гэтым таксама шмат гаварылася на Сiнодзе Бiскупаў на тэму сям’i.
Усе тлумачаць, што вельмi занятыя i не маюць часу на малiтву. Малiтва - гэта наша духоўная ежа. Мы ведаем, як знайсцi час на ежу, бо калi не будзем есці, то наша бiялагiчнае жыццё завершыцца. Цi хочам мы завяршыць наша духоўнае жыццё? Калi не будзем малiцца, слухаць Божае слова i прымаць удзел у нядзельнай Эўхарыстыi, то духоўна памрэм. Але слава Бога - гэта жывы чалавек. Жывы i целам, i душою. Да гэтага жыцця вядзе нас Касцёл.
Сiмвалiчна, што новы касцёл названы ў гонар св. Бэнэдыкта, якi з'яўляецца апекуном Еўропы. Яму належаць словы “Ora et labora” – “Малiся i працуй”. Яны маюць вельмi важнае значэнне ў культуры сучаснага секулярызаванага свету, якi iмкнецца толькi да таго, каб як мага больш мець, i такiм чынам выхоўвае працаголiкаў. Але чалавек ацэньваецца не па тым, што мае, але па тым, кiм ёсць. Няхай жа гэты тытул касцёла нагадвае нам аб тым, што мы павiнны не толькi працаваць, але i малiцца. Трэба працаваць, бо, як вучыць св. апостал Павел, хто не працуе, няхай не есць. Але трэба памятаць i аб малiтве, якая духоўна нас ажыўляе.
9. Дарагiя браты i сёстры!
Касцёл збудаваны i асвечаны. Гэтыя сцены сталi месцам спаткання чалавека з Богам. Не забудзем дарогi да яго, бо нас тут чакае ў Божым слове, Эўхарыстыi i iншых сакрамэнтах Хрыстус - адзiны Збаўца свету. Спаткаўшы Езуса тут, будзем Яго сведкамi i занясём тым, хто Яго яшчэ не спаткаў або забыўся аб Iм, каб свет паверыў і, жывучы верай, будаваў на зямлi цывiлiзацыю міру, жыцця i любовi, а ў вечнасцi дасягнуў радасцi неба. Амэн.
|