28 кастрычніка 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Дарагiя браты i сёстры!
1. Сёння Каталiцкi Касцёл адзначае свята апосталаў свв. Сымона i Юды Тадэвуша.
Сымон у Святым Пiсаннi называецца руплівым, што нагадвае пра яго сур'ёзныя адносiны да давернай яму мiсii абвяшчэння Божага Валадарства. Тадэвуш - азначае верны, што нагадвае аб яго вернасцi апостальскаму паклiканню. Святы Юда Тадэвуш таксама лічыцца апекуном у цяжкіх справах.
Святога Сымона называлі яшчэ Сымонам Кананейцам, бо ён паходзiў са славутай Каны Галiлейскай, дзе Езус здзейснiў свой першы цуд - ператварыў ваду ў вiно.
Святы Юда мае другое імя Тадэвуш, каб можна было адрознiць яго ад апостала Юды Iскарыёта, якi здрадзiў Езусу.
Евангелле распавядае, што яны двое былi паклiканы Езусам, каб стаць Яго апосталамi, хаця без апісання канкрэтных абставiн, як гэта сталася. Яны следавалi за Хрыстом увесь час, былi як быццам у Яго школе. Бачылi Яго Уваскрослага, бачылі, як узносіўся ў неба, у дзень Пяцiдзясятнiцы разам з iншымi апосталамi атрымалi дары Святога Духа, каб верна выканаць даручаную iм Божым Провiдам мiсiю.
2. Выконваючы яе, яны раздзялiлiся. Святы Сымон абвяшчаў Божае слова ў Егiпце, а Юда - у Месапатамii. Божы Провiд так пакiраваў iх жыццём, што праз 30 гадоў яны iзноў сустрэлiся ў Персii. Гэта быў асаблiвы час для гэтай краiны і для апосталаў. Кароль Персii аб'явiў вайну Iндыi. Камандуючы войскам персаў складаў ахвяры розным багам, пытаючыся пра будучы лёс Персii ў гэтай вайне. Але яны маўчалi. Тады ён спытаў аднаго з магаў, чаму багi маўчаць. У адказ пачуў: таму што ў краiне знаходзяцца апосталы Сымон i Юда. Iх моц такая вялiкая, што нiводны з багоў не можа яе перамагчы.
Тады камандуючы загадаў прывесцi да яго апосталаў. Ён прыняў іх з вялiкiм гонарам i спытаўся, чаму персідскiя богi маўчаць. Апосталы параiлi яму ў гэтай справе праз магаў яшчэ раз звярнуцца да багоў. I багi сапраўды прамовiлi. Але iх прадказаннi былi вельмі благiмi: што вайна будзе доўгай i Персiя будзе моцна аслаблена. Тады апосталы сказалi начальнiку персідскага войска, што на наступны дзень ён пераканаецца, што ягоныя багi нiчога не вартыя. I сапраўды, на наступны дзень да камандуючага персідскiм войскам прыбыў пасланец Iндыi з просьбай аб мiры.
Аб гэтым усiм было дакладзена персідскаму каралю, якi паклiкаў да сябе апосталаў, выслухаў iх аповед пра Хрыста, сам ахрысцiўся i ахрысцiўся ягоны народ. Не прынялi хросту толькi магi i багачы. Менавiта яны ў адсутнасць караля сталi прычынай мучанiцкай смерцi гэтых апосталаў. Святы Сымон быў перапiлаваны пiлой, Юда Тадэвуш сцяты. Можа, гэта толькi легенда, але яна вельмi добра нагадвае пра сутнасць апостальства - весцi людзей да Бога.
3. Апостал Юда Тадэвуш пакінуў пасля сябе кароткае, але вельмi значнае пасланне. У iм ён заклiкае хрыцсiян заўсёды заставацца вернымi свайму паклiканню, жыццю згодна з Евангеллем, у практыкаваннi хрысцiянскiх цнотаў, асаблiва духоўнай чысцiнi i дабрачыннасцi.
Больш за 30 гадоў свв. Сымон i Юда Тадэвуш працавалi для збаўлення душаў людзей, не баючыся пераследу i цярпенняў. Што iх натхняла? Без сумнення, любоў да Езуса, якi збавiў гэтыя душы сваёй крывёй, а таксама мiласэрнасць да людзей, бо апосталы добра ведалi, што, будучы духоўна сляпымi, гэтыя людзi загiнуць.
4. Святога Сымона змушалi скласцi ахвяру богу сонца, а Юду Тадэвуша - богу луны. Яны адмовiлiся i таму загiнулi мучанiцкай смерцю. Цi можам мы, людзi ўжо трэцяга тысячагоддзя, з упэўненасцю сказаць, што складаем ахвяры сапраўднаму Богу? Калi пакладзем руку на сэрца, то, напэўна, павiнны будзем прызнаць, што гэта не заўсёды так. Як шмат часу мы прысвячаем бязбожным справам! Нашымi касцёламi сёння становяцца стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкi, гандлёвыя цэнтры i г.д. Нашымi законамi становяцца злыя звычкi i ліберальнае права чынiць усё, што хочам. А як шмат часу мы прысвячаем пустым справам, служым не Богу, а злому духу? Цi гэта меншае зло, чым ахвяра кадзiдла створаным чалавечай рукой багам, ад чаго адмовiлiся святыя Сымон i Юда Тадэвуш? На гэтыя пытаннi мы павiнны адказаць сёння, каб быць падобнымi да святых гэтага дня. Мы павiнны даць адказ, бо нязгоднае з Божым правам жыццё з'яўляецца галоўнай прычынай сучасных крызiсаў.
Апошнiя тры тыднi ў Ватыкане адбываўся прысвечаны сям'i Сiнод Бiскупаў, якi яшчэ раз паказаў, што галоўнай прычынай крызiсу сям'i з’яўляецца крызiс веры. Пратаганiсты сённяшняга дня свв. Сымон i Юда Тадэвуш за вернасць Хрысту заплацiлi жыццём. Дзякуй Богу, сёння ад нас нiхто не патрабуе плацiць за вернасць Богу жыццём, аднак мы самі ад Яго адракаемся i жывём так, як быццам Яго зусiм няма.
5. Святыя з'яўляюцца дарам для нас i мы павiнны iх наследаваць, браць з iх прыклад. Аднойчы падчас рэкалекцый для дзяцей святар спытаў малую дзяўчынку, хто такi святы. Яе адказ быў вельмi прыгожы. Яна сказала, што святы - гэта як вiтраж. Калi свецiць сонца, то бачна яго прыгажосць. Сонцам ёсць Бог, якога чалавек запрашае ў сваё жыццё i жыве паводле Яго права. Калi чалавек знаходзiцца ў стане граху, то ён не бачыць гэтай прыгажосцi. Так ёсць i з вiтражом у начы, калi няма сонца.
Святыя Сымон i Тадэвуш адказалi на запрашэнне Езуса пайсцi за Iм. Яны запрасiлi Яго ў сваё жыццё i дазволiлi, каб Яго словы змянялi iх жыццё, а Яго святло праменавала праз iх.
Святы Юда Тадэвуш вучыць, што малiтвы спаўняюцца паводле нашай веры. Будучы чалавекам нязломнай веры, ён стаў апекуном у цяжкіх справах. Святы Сымон пакінуў нам прыклад руплівага захавання Божага права. Дзякуючы Богу за дар нашых апекуноў, па iх прыкладзе будзем жыць паводле Божага права, якое нiколi не змяняецца i заўсёды актуальнае. Адзначымся моцнай верай, у чым асаблiва мае патрэбу сучасны свет, каб стаўся цуд яго навяртання, каб гэтая вера была падмуркам нашага жыцця тут, на зямлi, i вяла ў шчаслiвую вечнасць. Амэн.
|