Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Усіх Святых

Мінскі архікатэдральны касцёл, 1 лістапада 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Гэта адзіны дзень у годзе, калі мы ўспамінаем не аднаго або некалькіх святых, як звычайна, але ўсіх разам. Успамінаем кананізаваных і тых, працэс кананізацыі якіх не праводзіўся, але якія дзякуючы свайму цнатліваму жыццю знаходзяцца ў Божым Валадарстве і сузіраюць Бога тварам у твар.

Сённяшні дзень – гэта таксама дзень імянін усіх нас, бо ўспамінаем усіх святых. Таму наша радасць павінна быць вялікай, калі мы ўсе сумесна святкуем свае імяніны.

2. Святкуючы такое вялікае свята, здаецца мэтазгодным задаць сабе пытанне: “Што для сучаснага чалавека азначае слова “святы”?” Пагружаны ў секулярную культуру сучасны свет неадэкватна ўспрымае слова “святасць”, часамі нават высмейвае ідэю святасці. Чалавека, асабліва маладога, які сябе паводзіць згодна з маральнымі нормамі, часта высмейваюць і нават здзекуюцца з яго. Усё гэта нагадвае пра тое, што святыя знікаюць з нашага жыцця, бо ліберальны свет іх у нас забірае. На алтары сучаснасці ўзводзяцца іншыя асобы, вядомыя ў свеце палітыкі, бізнесмены, спартсмены, так званыя зоркі поп-музыкі, артысты і г.д. Гэта сучасныя багі і святыя. Мы ўсе часцей становімся сведкамі такога паталагічнага культу новых святых.

У той жа час пра сапраўдных святых гаворыцца, што гэта перажытак мінулага. Рэліквіі святых – гэта забабоны, а аўтограф музычнага ці спартыўнага ідала ўсхваляецца. Усё менш абразоў святых у нашых памяшканнях і ўсё больш фатаграфій артыстак, убранне якіх падобнае да касцюма Евы. Многія саромеюцца крыжа ў сваім памяшканні, а ў той жа час экспануецца хэлоўінская дыня, і людзі забываюцца аб тым, што такім чынам пачынаецца гульня з самім д’яблам. З нашага лексікону знікае слова “культ” і ўсё часцей гаворыцца пра моду і сучасныя далёкія ад веры жыццёвыя трэнды. Усімі сіламі мы стараемся наследаваць знакамітых людзей, нават калі іх жыццё не адпавядае маральным нормам, галоўнае што яны маюць модную прычоску і моднае ўбранне. Замест крыжыка на шыі людзі носяць нехрысціянскія і нават сатаністычныя сімвалы.

Гэта не што іншае, як маральная хвароба нашага часу, якая нагадвае аб павярхоўнасці і духоўным спусташэнні, а таксам аб тым, што сучасны чалавек страціў сэнс жыцця. Мы карыстаемся жыццём, замест таго, каб жыць яго паўнатой. Усімі сіламі імкнёмся блішчэць, але толькі на хвіліну, бо прыйдзе іншы, больш прывабны, і мы апынемся на перыферыі. Такія паводзіны падобныя да скоку ў плыткую ваду галавой уніз, што заканчваецца ламаннем карку. Мы забываемся, адкуль выйшлі і куды ідзём, забываемся, што павінны зрабіць. Мы баімся задаваць сабе пытанні, а калі задаём, то стараемся не мець на іх адказаў. Так жывучы, мы пагружаемся ў цемру, з якой не выведуць нас так званыя новыя святыя.

3. У такой трывожнай сітуацыі спытаемся сябе: ці не выкарыстаць яе для нашага навяртання? Ці не выражае пошук ідала тугу па сапраўднай святасці?

Святыя, якіх мы сёння ўспамінаем, не жылі ў космасе, яны не іншапланецяне. Яны, як і мы, жылі на зямлі і таму павінны былі моцна ступаць па ёй. Як і мы, яны павінны былі змагацца са спакусамі. Так, як і мы, яны сумняваліся і ім да ног прыклейвалася балота грахоў. Яны не знаходзіліся ў воблаках кадзіла, але жылі ў канкрэтных сацыяльна-палітычных абставінах, павінны былі чытаць знакі часу і на іх адказваць.

4. Касцёл вучыць, што кожны пакліканы да святасці і ў гэтым наш паратунак. У гэтыя дні мы спяшаемся на могілкі, наведваем магілы нашых блізкіх. Гэта добрая нагода паглядзець сабе пад ногі. Мы бачым магілы тых, якія жылі перад намі. На некаторых з іх напісаны словы: “Я быў такім, які ты ёсць сёння, але ты будзеш такім, які я ёсць сёння”. Гэтыя словы павінны нас абудзіць з летаргічнага грахоўнага сну, бо і нас чакае смерць. Дадзена чалавеку адзін раз жыць і памерці. І няма іншага правіла. Нават самыя новыя дасягненні навукі і медыцыны не могуць яго змяніць.

У той жа час Езус заахвочвае нас: “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны”. А святы апостал Павел кажа, што воляй Бога з’яўляецца наша імкненне да святасці. Хрысціянства – гэта не забава, яно не для шукаючых пасрэднасці людзей. Мы прынялі хрост для таго, каб быць святымі. Мы сталі дзецьмі Божымі не для таго, каб сказаць Богу, што імкненне да святасці нас не датычыцца, але для таго, каб стаць святымі. А імі мы становімся ў Касцёле, бо па-за Касцёлам няма збаўлення.

5. У Касцёле Езус вядзе ўсіх нас шляхам збаўлення. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца пра тое, што Езус прамаўляў да натоўпу людзей, не да апосталаў ці нейкай іншай групы, але да натоўпу. У гэтым натоўпе мы павінны пазнаць сябе саміх. Да нас адносяцца словы Яго слаўнага казання на гары, словы Яго васьмі благаслаўленняў, якія з’яўляюцца шляхам да святасці і збаўлення. Восем благаслаўленняў Хрыста – гэта маральны кодэкс хрысціяніна. Гэта як быццам восем прынцыпаў боскай тэрапіі, якая ператварае нас з грэшных у святых.

6. Праслаўляючы ўсіх святых, мы таксама молімся за нашых памерлых, каб яны як мага хутчэй далучыліся да іх. Мы просім Бога, каб яны стаялі па Яго правым баку. Але мы молімся і аб тым, каб мы ў будучыні апынуліся побач з імі і ўсімі святымі ў Божым Валадарстве. Апостал Павел вучыць, што ў гэтым жыцці мы не ведаем, кім будзем у будучым, але нас чакае тое, чаго ні вока не бачыла, ні вуха не чула, - а менавіта вечнае шчасце.

Таму перад абліччам праўды сучаснага свету, які адмаўляецца ад святасці і замяняе сапраўдных святых ідаламі, застанёмся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб ісці дарогай святасці. Амэн.

Адноўлена 01.11.2015 18:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі