Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на вячэрняй Імшы ва ўрачыстасць Усіх Святых

Мінскі архікатэдральны касцёл, 1 лістапада 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Сёння мы ўспамінаем вядомых нам, кананізаваных, святых, і невядомых, працэс кананізацыі якіх ніколі не праводзіўся, але якія жылі святым жыццём і знаходзяцца ў нябеснай славе.
   
Сёння вечарам мы таксама пераносімся на месцы пахавання нашых памерлых і ў задуме становімся над іх магіламі, у сваіх малітвах давяраючы іх Божай міласэрнасці. Мы сваімі думкамі затрымліваемся над іх магіламі, прыгадваем іх твары, іх клопат аб нас, іх павучэнне і прыклад. Найперш успамінаем нашых памерлых бацькоў, братоў, сясцёр, блізкіх, знаёмых, дабрадзеяў. Вачыма душы мы бачым тых, якіх любілі нас і працягваюць любіць, якім мы ўдзячны за перададзены Божы дар жыцця і хрысціянскае выхаванне, за іх ахвярнасць і добразычлівасць адносна нас.

У гэтыя дні ў Беларусі адбываюцца вядомыя “Дзяды”, калі мы ўспамінаем не толькі нашых памерлых, але і асаблівым чынам успамінаем ахвяраў таталітарнага рэжыму, які знішчыў сотні тысяч нашых нявінных суайчыннікаў. Успамін аб іх усіх. Любоў да іх выклікае слёзы на нашых вачах. Яны – нашы карані і наша гісторыя. Без іх не было б нас.

2. У той жа час сённяшняя ўрачыстасць Усіх Святых перадусім нясе нам радасць, бо накіроўвае наш позірк да неба, да незлічной колькасці тых, якія заслужылі ўдзел у Божай святасці. Сярод іх святыя Старога Запавету, пачынаючы ад справядлівага Абэля, і Новага Запавету, пачынаючы ад першамучаніка св. Стэфана, дыякана, а таксама незлічоных мучанікаў, вызнаўцаў, сведкаў веры і проста справядлівых людзей.

Сёння Касцёл глядзіць на тых, якія ў сваім жыцці стараліся выконваць Божую волю, любячы Бога ўсім сэрцам, воляю і разуменнем, а бліжняга - як самога сябе.

3. Чаму нас вучыць сённяшняя ўрачыстасць? Святыя не патрабуюць нашай пахвалы і іх зямны культ нічога ім не дадае. Аднак, калі мы разважаем пра святых, то яны нас заахвочваюць да іншага, новага жыцця. Святы Аўгустын казаў: калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму ты не можаш? І ён стаў святым. Таму мы павінны наследаваць святых і браць з іх прыклад.

Як можна дасягнуць святасці? Адказ вельмі просты. Святасць – гэта не прывілей выбраных, а наступства згоднага з Божай воляй жыцця. Гэта шлях нялёгкі, але магчымы. Бог ніколі не ставіць патрабаванняў, якія вышэй за нашыя сілы. Акрамя гэтага, Ён дапамагае ў выпрабаваннях. Неабходна толькі даверыцца Яму.

4. Гэтая ўрачыстасць прыгадвае нам таксама аб чысцы, бо заўтра ўспамін усіх памерлых вернікаў. Мы павінны ім дапамагаць, бо яны самі для сябе ўжо нічога не могуць зрабіць. Іх час завяршыўся, яны ведаюць, што збаўлены, але яшчэ не могуць сузіраць Бога тварам у твар, і таму яны здадзены на нашу ласку. Чысцец – гэта не месца, а форма жыцця, аб якой вялікі італьянскі паэт Дантэ пісаў, што ў ёй душы, змыўшы зямныя недасканаласці, становяцца годнымі ўвайсці ў Божае Валадарства.

Адкуль чысцовыя душы бяруць сілы вытрываць такое балеснае ачышчэнне? З Божай Любові, якая іх чакае. Падобна як ваенныя пленныя ці тыя, якія знаходзіліся ў канцэнтрацыйных лагерах, вытрывалі, бо ведалі, што іх чакаюць дома блізкія, якія іх любяць. Чысцовыя душы – гэта тыя асобы, якім мы патрэбны і якія спадзяюцца на нас. І мы сапраўды можам ім дапамагчы, асабліва праз поўныя адпусты, якія можам ахвяраваць за іх цягам усёй актавы малітваў за памерлых.

Молячыся за душы чысцовыя, мы павінны памятаць і аб тым, што яны таксама могуць нам дапамагчы. Святы Ян Віянэй кажа, што калі мы жадаем выпрасіць у Бога сапраўдны жаль за свае грахі, то павінны звяртацца да душаў чысцовых, якія шкадуюць за свае грахі ў чысцовым агні.

Мы таксама павінны памятаць аб нашых памерлых з удзячнасці за любоў, якою яны нас любілі падчас свайго зямнога жыцця, бо любоў не памірае, але заўсёды трывае.

5. Сённяшняя ўрачыстаць таксама заклікае нас засяродзіцца на пекле. Гэта тая сітуацыя, у якой знаходзіцца чалавек, які адмовіўся ад Бога як крыніцы жыцця і радасці. Пекла не з’яўляецца карай, якой Бог карае нявернага яму чалавека, але лагічным вынікам прынятых самім чалавекам рашэнняў, якія праяўляюцца ў адмове ад Божай любові і жыцця паводле Яго запаведзяў. Гэта тая сітуацыя, у якой знаходзіцца чалавек, які адмовіўся ад Божай міласэрнасці. Таму не Бог карае чалавека пеклам, але чалавек яго сам выбірае.

6. Пасля таго, як мы засяродзіліся на небе, чысцы і пекле, неабходна ажывіць нашу сувязь са святымі і браць з іх прыклад, каб у вечнасці прабываць разам з імі.

Калі сёння сваімі думкамі мы адведваем месцы пахавання нашых блізкіх, а таксама ўсіх памерлых, загінуўшых у тэрарыстычных актах і катастрофах, войнах, у канцэнтрацыйных лагерах, расстраляных у Курапатах і іншых месцах масавага людабойства, ахінем іх усіх нашай гарачай малітвай, бо яны патрабуюць Божай міласэрнасці. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа, што благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

Сёння мы павінны памятаць і аб нас саміх, аб нашых адносінах да жыцця і смерці, каб мы не змарнавалі нашага жыцця і клапаціліся не толькі аб матэрыяльных справах, але і аб вечных.

Выпрошваючы Божую міласэрнасць нашым памерлым, гэтым самым мы выпрошвам яе і для нас саміх, бо для нас прыйдзе час стаць перад абліччам Бога, які хаця і міласэрны, але справядлівы і нішто нячыстае не ўвойдзе ў Божае Валадарста.

Не змарнуем дадзены нам шанец дапамагчы нашым памерлым, каб яны як мага хутчэй убачылі Бога тварам у твар, і нам самім, каб мы жылі паводле Божага права, якое з’яўляецца гарантыяй вечнага шчасця. Амэн.

Адноўлена 01.11.2015 21:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі