Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Iмшы ў Вострай Браме ў межах святкавання Тыдня апекi Маці Божай Вастрабрамскай

18 лістапада 2015 г.

“Mater Misericordiae, sub tuum praesidium confugimus” – “Mацi Мiласэрнасцi, пад Тваю абарону прыбягаем”

Глыбокапаважаныя браты i сёстры, беларускiя прыхiльнiкi Mацi Божай Вастрабрамскай!

1. Сардэчна вiтаю ўсiх вас гэтымi словамi, якiя знаходзяцца на франтоне вастрабрамскай каплiцы. Яны добра вядомы нашаму народу з даўнiх часоў, вядомы да болю ў сэрцы i да слёз у вачах. Сюды цягам апошнiх чатырох стагоддзяў ехалi людзi з нашай краiны, каб прасiць заступнiцтва Марыi, як Мацi Мiласэрнасцi.   

Сёння, у сераду падчас Актавы апекi Маці Божай Вастрабрамскай, беларускiя пiлiгрымы традыцыйна збiраюцца ў гэтым святым месцы. Гэтая традыцыя пачалася падчас жорсткага пераследу веры ў былым Савецкiм Саюзе. Менавiта ў тыя цяжкiя часы пiлiгрымкi вернiкаў з удзелам беларускiх святароў далi пачатак гэтай славутай традыцыi.

2. У той час я служыў вiкарыем у Вострай Браме i добра памятаю тыя набажэнствы. Беларускiя святары разам з вернiкамi ехалi сюды з просьбай: “Не маем свабоды веравызнання, не маем дастаткова святароў, не маем сваёй семiнарыi, не маем рэлiгiйнай лiтаратуры i г.д. Марыя, Ты бачыш нашы асабiстыя праблемы i праблемы нашага Касцёла. Выслухай нашы просьбы i дапамажы нам”.

Людзi верылi, што Марыя не пакіне iх адных i заступіцца за iх перад сваiм Сынам. I стаўся цуд. Сацыяльна-палiтычныя перамены канца 80-х i пачатку 90-х гадоў мiнулага стагоддзя сталi пачаткам аднаўлення жыцця Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.

Мы глыбока верым, што гэтая перамога прыйшла праз Марыю. Дарога з Вострай Брамы вядзе проста на Мiнск. Божая мiласэрнасць, дзякуючы Марыi, дакранулася да нашай зямлi. Сёння мы дзякуем Богу i Марыi за гэта. Жадаем таксама перапрасiць Бога за не да канца выкарыстаныя магчымасцi, якiя Божы Провiд нам даў. Нарэшце, жадаем прасiць благаслаўлення на будучыню, бо бачым, што яна не бясхмарная i кожны дзень прыносiць новыя выклiкi.

3. Сацыяльна-палiтычныя абставiны ў сучасным свеце няпростыя i ўскладняюцца эканамiчным крызiсам, які працягваецца. Гэта горкая праўда, з якой мы ўсе сутыкнулiся.

Аднак, нагадваючы аб гэтых праблемах, неабходна шукаць iх прычыны. Каб вылечыць хворага, недастаткова толькi перавязаць раны, i, можа, нават без адпаведных лекаў. Неабходна ўстанавiць прычыну хваробы, каб сапраўды лячыць хворага. Шукаючы прычын сацыяльна-палiтычных крызiсаў,  перад вачыма неабходна мець i маральны закон. Яго незахаванне вядзе да парушэння агульнапрынятых норм жыцця, да несправядлiвасцi, да выкарыстання чалавека чалавекам, да карупцыi i г.д.

Усiм вядома, што спроба змянiць законы прыроды вядзе да катастрофы. Тое ж самае адбываецца i ў маральнай сферы жыцця чалавека, калi прадпрымаюцца спробы змены Божага закону, што сказваецца на жыццi як паасобнага чалавека, так i ўсяго грамадства.

4. Куды нi глянь, паўсюль праблемы. З аднаго боку наяўнасць праблем нагадвае аб тым, што мы жывём, жыве Касцёл i жыве грамадства, бо праблем са здароўем няма толькi ў памерлых. З iншага ж мы занепакоены тым, як вырашыць iснуючыя праблемы і новыя, якія з’яўляюцца.

Пры гэтым мы таксама ведаем, што вырашэнне ўзнiклых праблем можа стаць штуршком для ўдасканалення. Чаму хiрургiя так моцна развiлася падчас Другой сусветнай вайны? Бо трэба было хутка лячыць раненых, i гэта змушала ўрачоў шукаць новых метадаў лячэння. I яны былi знойдзены.

Таксама i на выклiкi нашага часу неабходна глядзець не толькi як на праблемы, якiя патрабуюць вырашэння, але i як на магчымасць новага развiцця не толькi ў эканомiцы, але i ў духоўным жыццi. Нездарма прыказка кажа, што няма таго благога, каб не выйшла на добрае.

5. На памылках мы вучымся. Яны нас перасцерагаюць, каб у будучыні мы не паступалi падобна. А вучыцца ёсць чаму, бо, на жаль, многiя з нас iзноў наступаюць на тыя ж самыя граблi. Мы перажылi доўгi перыяд ганенняў на Касцёл i будавання грамадскага жыцця без Бога. Сёння перажываем новы парадокс. Цешымся свабодай веравызнання, але ёю не карыстаемся. Больш за тое, самі адракаемся ад Бога i Яго закону.

У вынiку чаго ў нашым жыццi ўсё больш прыкладаў дэвальвацыi духоўных каштоўнасцяў. Як хрысцiяне, мы не заўсёды можам пахвалiцца, што жывём сапраўдным хрысцiянскiм жыццём. Яно ўсё больш i больш становiцца штучным i ўяўляе сабой яго карыкатуру.

6. За прыкладамi не трэба далёка хадзiць. Калi Касцёл падымае праблему, напрыклад, разводаў, абортаў, захавання цноты чыстасцi перад сужэнствам, праблему алкагалiзму, наркаманii, манiпулявання Божым дарам жыцця i г.д., то адразу знаходзiцца маса адвакатаў, якiя кажуць, што сёння не сярэднявечча i мы жывём у iншыя часы. Сёння многiя не захоўваюць Божага права, дык чаму я не магу жыць так, як хачу? Больш за тое, у многiх краiнах дэмакратычным спосабам прымаюцца не згодныя з Божым правам законы, i iх прымаюць не касмiты, але веруючыя.

Але калi многiя, не зважаючы на забараняючы дарожны знак, едуць, гэта не азначае таго, што i мы павiнны паступаць падобна, бо там можа можа быць перакапана дарога або існаваць нейкая iншая перашкода, якая прывядзе да катастрофы. Падобна i ў духоўным жыццi, якое з’яўляецца падмуркам кожнага iншага жыцця. Божы закон - гэта дарожныя знакi на шляху нашага жыцця, каб мы маглi шчаслiва i без праблем будаваць жыццё на гэтай зямлi i накiроўвацца ў напрамку порту вечнага шчасця.

7. На жаль, незахаванне Божага закону ўжо прывяло да шматлiкiх няшчасцяў, i iх колькасць з кожным днём павялiчваецца. Яны бачны няўзброеным вокам. Гэта найперш крызiс веры.У касцёле пабожна молiмся, а за яго парогам жывём так, як быццам Бог не iснуе. У памяшканнях замест крыжа i святых абразоў - фатаграфii славутых артыстаў кiно i спартсменаў. Замест крыжыка цi медалiка на шыi мы носiм незразумелыя i часам нават сатанiсцкiя сiмвалы. Моладзь захапляецца ўсходнiмi рэлiгiямi, хаця вуснамi вызнае Езуса адзiным Збаўцам свету. Колькi маладых людзей бярэ ўдзел у Хэлоўiне i тым самым заiгрывае са злым духам? I гэта перад урачыстасцю Усiх Святых i ўспамiнам усiх памерлых вернікаў!

Гэта таксама не бачны дасюль крызiс сям’i, як галоўнай клеткi i падмурку кожнага грамадства. Калi ў фундаменце з’яўляюцца трэшчыны, то гэта вельмi сур’ёзны знак таго, што будынак знаходзiцца ў аварыйным стане i можа хутка завалiцца. Крызiс сям’i ў многiх краiнах свету паказаў, што традыцыйныя хрысцiянскiя грамадствы сёння губляюць сваю хрысцiянскую тоеснасць.У нашых сем'ях месца дзяцей займаюць сабакi цi iншыя хатнiя жывёлы. Нiхто не супраць сабакi, якога называюць нават лепшым сябрам чалавека, аднак ён не можа замянiць дзiцяцi. Усё гэта новыя багi, якiх сучасны свет праслаўляе.
 
На працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў Захад прапагандаваў iдэю так званага “multicultі” - шмат культурнага грамадства. Сёння ён прызнае, што гэта была вялiкая памылка. Людзi iншых цывiлiзацый не iнтэгравалiся ў заходнюю культуру, i нават пачалiся сутыкненнi цывiлiзацый. Усё гэта выклiкае новыя праблемы i непакой у сувязi з растучай мiграцыяй i амаль што некантраляваным наплывам бежанцаў у Заходнюю Еўропу. З iншага ж боку, без мiгрантаў Захаду ўжо не абыйсцiся. Крызiс сям'i прывёў да дэмаграфiчнага крызiсу i ў вынiку гэтага - да недахопу працоўных рук. Таму для падтрымання тэмпаў прадукцыi неабходна выкарыстоўваць спецыялiстаў з замежжа.

З крызiсам сям'i цесна звязаны крызiс Божага дару жыцця. Яго каштоўнасць дэвальвуецца, яно становiцца таварам i iм можна манiпуляваць, амаральна выкарыстоўваючы дасягненнi генетыкi.

Вялiкiм выклiкам з'яўляецца выхаванне моладзi, якая ў iмя фальшыва зразуметай свабоды чынiць усё, што ёй захочацца, зусiм не зважаючы на маральныя нормы i iх не прызнаючы. А моладзь - гэта наша будучыня. Якой яна будзе? Шчаслiвай цi напоўненай няўпэўненасцю? Такое пытанне неабходна паставiць, бо сучасная моладзь вельмi часта жыве без яснай перспектывы i не iмкнецца да духоўных вышыняў. Яна выкарыстоўвае вядомы прынцып бязбожных рымлянаў: “Carpe diem” – “Бяры ад жыцця ўсё, бо жывеш толькi адзiн раз”. Дзе сёння славутая Рымская імперыя? Засталася толькi ў помнiках гiсторыi i на палiцах бiблiятэк. А людзi, якiя жылi паводле Божага закону, жывуць у Божым Валадарстве.

Усё большую трывогу выклiкаюць сучасныя медыя. Замест таго, каб несцi ў свет Божую праўду, яны прапагандуюць амаральнасць. Не згодныя з Божай воляй учынкi прадстаўляюцца як дасягненнi сучаснасцi i прагрэс чалавецтва. Вядома, што медыя фармуюць грамадскую думку i адыгрываюць вельмi важную ролю ў выхаваннi чалавека, асаблiва моладзi. Таму паўстае пытанне: на якiх каштоўнасцях яны iх выхоўваюць?

Сучасны свет напоўнены звесткамi аб лакальных войнах i тэрарыстычных актах. Увесь свет занепакоены i ўстрывожаны тэрарыстычнымi актамi, якiя мелi месца ў апошнiя часы. Так 13 лiстапада гг. у тэрарыстычных актах у Парыжы загiнула больш за 130 чалавек, а каля 350 паранена. Гэта не што iншае, як выклiк чалавецтву. Нездарма Святы Айцец Францiшак кажа, што свет ужо перажывае Трэцюю сусветную вайну, якая носiць фрагментарны характар.

Добрая па сваёй сутнасцi глабалiзацыя без захавання маральных нормаў вядзе да паглыблення сацыяльнай несправядлiвасцi, у вынiку чаго багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць.

8. Гэтыя i iншыя праблемы i выклiкi сучаснасцi вельмi сур'ёзныя i небяспечныя. Здаецца, што свет стаiць на краю безданi. Таму лагiчна ўзнiкае пытанне: дзе шукаць паратунку?

А ён ёсць. Бог не пакінуў нас адных з нашымi праблемамi. Так было, калi чалавецтва чакала абяцагана збаўлення. Тады Ён паслаў у свет свайго Адзiнароднага Сына, каб збавiў нас сваёй крыжовай смерцю. Здаецца, што Бог больш жадаў збаўлення чалавека, чым ён сам, бо хто адважыцца аддаць жыццё за iншага?

Бог спяшаецца з дапамогай і асаблiва робiць гэта праз Марыю. Аб гэтым сведчыць першы цуд, якi Езус учынiў у Кане Галiлейскай па Яе просьбе. Амаль сто гадоў таму Марыя ў Фацiме прадказала навяртанне нашага народа, i сёння мы з'яўляемся не толькi сведкамi, але i ўдзельнiкамi гэтага працэсу, якi нялёгкi.

Цягам стагоддзяў нашы продкi спяшалiся сюды, у Вострую Браму, i прасiлi дапамогi. Тысячы вотаў на сценах вастрабрамскай каплiцы сведчаць аб тым, што iх просьбы былi выслуханы. Нам не трэба нанова выдумваць ровар, а iсцi шляхам нашых продкаў i даверыцца Марыi.

Сiмвалiчна, што сёлетнiя ўрачыстасцi апекi Маці Божай Вастрабрамскай адбываюцца практычна перад абвешчаным Папам Францiшкам Годам Мiласэрнасцi, якi пачынаецца ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi 8 снежня гг.

Сiмвалiчна таксама i тое, што ўпершыню абраз Езуса Мiласэрнага быў выстаўлены для публiчнага пакланення ў вастрабрамскай каплiцы ў далёкiм ужо 1935 годзе. Гэта быў пачатак буйнога развiцця культу Божай Мiласэрнасцi, якая, па словах Яна Паўла II, з'яўляецца адзiнай надзеяй свету.

9. Мы не павiнны забывацца аб гэтым i павінны прыбягаць да нашай духоўнай Мацi з надзеяй, што Яна нас не пакіне i дапаможа.     

Сёння мы, беларускiя пiлiгрымы, з даверам звяртаемся да Цябе, Марыя: Ты, якая свецiш у Вострай Браме, як казаў наш вялiкi паэт Адам Мiцкевiч, мiласцiва ўзглянь на нас i наш народ i асвяцi наш шлях.

У час мiласэрнасцi, як называе сучаснасць Папа Францiшак, выпрасi нам ласку кiнуцца ў абдымкі Езуса Мiласэрнага, каб Ён духоўна нас адрадзiў, каб мы штодзённым жыццём сведчылi наша хрысцiянскае паклiканне, былi сведкамi заўсёды актуальнага i дзейснага Евангелля i на яго каштоўнасцях будавалi сваё жыццё. Амэн.

Адноўлена 18.11.2015 17:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі