Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 22 лістапада 2015 г.
Кароль сэрцаў
Дарагія браты і сёстры!
1. Сёння, у апошнюю нядзелю літургічнага года, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. У сучасным свеце, які імкнецца да дэмакратыі, словы “кароль” і “каралеўства” могуць выклікаць неразуменне і нават непрыняцце, хаця, як вядома, у сучасным свеце існуюць каралі і каралеўствы, аднак у дэмакратычных краінах улада караля толькі фармальная. У сучасным свеце, можа, акрамя словаў “кароль музыкі” ці “кароль спорту”, слова “кароль” з яго абсалютнай уладай вядзе да ўспаміну часоў несправядлівасці і парушэння правоў чалавека.
У дэмакратычнай дзяржаве прэзідэнт атрымлівае ўладу ад народа праз выбары. Кароль жа атрымлівае яе ад свайго папярэдніка і яна перадаецца ў спадчыну ад папярэдніка. З гісторыі мы ведаем, што кароль быў найвышэйшым валадаром у сваім каралеўстве. І кожны, хто не згаджаўся з гэтым, павінен быў быць пакараны, нават смерцю. Усе правы, уключаючы права на зямлю і нават на жыццё, належалі толькі яму. Іншыя іх маглі мець толькі ў межах, устаноўленых каралём. Яго слова было законам. Калі кароль хацеў, то мог даць свабоду сваім падуладным, а калі не хацеў, то гэтага не чыніў, і яны былі як рабы.
2. Што тады для нас, веруючых людзей ужо XXI стагоддзя, азначае ўрачыстасць Хрыста Валадара? Як мы ставімся да яе? Такія і падобныя пытанні мы задаём сабе і шукаем на іх адказу.
Сённяшняе Евангелле вядзе нас на сапраўдны шлях да разумення прыроды Валадарства Хрыста. Маючы перад вачыма гістарычнае тлумачэнне прыроды каралеўства і каралеўскай улады, нам лёгка зразумець пытанне Пілата з сённяшняга Евангелля: “Ты кароль?” У Рымскай імперыі быў свой імператар, і нельга было нават падумаць, што ён можа мець канкурэнта, што можа быць іншы валадар. Такая думка сама па сабе была крымінальнай і ніхто не мог яе цярпець. У рымскіх правінцыях былі прадстаўнікі імператара, якія дзейнічалі ад яго імя. І калі нехта называў сябе каралём, то яго называлі здраднікам імператара, і таму яго чакала смерць.
У Рымскай імперыі была вельмі добра арганізавана палітычная і вайсковая сістэма кантралявання нязгодных з імператарам. Таму абвінавачванне Езуса ў блюзнерстве, якое вынес духоўны суд Сінэдрыёна пад кіраўніцтвам Каяфы, у судзе Пілата змянілася ў палітычную інтрыгу. Пры гэтым Пілат меў права прыняць любое рашэнне: памілаваць ці пакараць.
3. Ці пацвердзіў Езус тое, што Ён кароль? Так. На пытанне Пілата: “Ты кароль?”, - Езус адказаў: “Ты кажаш, што Я кароль”. Ён таксама сказаў, што Яго Валадарства не з гэтага свету. Калі б яно было з гэтага свету, то Ягоныя слугі баранілі б Яго. Такім чынам, без усялякага сумнення Езус патлумачыў Пілату, што той не павінен баяцца Ягонага Валадарства.
4. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: “Якая прырода Валадарства Езуса?” Гэта зусім іншая і не адпавядаючая зямной рэальнасць. Яго Валадарства не адпавядае нашым уяўленням аб каралеўстве. Будучы вязнем, высмеяны, збіты, каранаваны цернем, знаходзячыся перад намеснікам імператара, Езус уяўляе сабой духоўны аўтарытэт, які не мае нічога супольнага ні са знешнімі атрыбутамі ўлады, ні з яе мілітарнай сілай. Яго ўлада – гэта ўлада праўды. Ён прыйшоў, каб засведчыць аб праўдзе. Ён сам жыве праўдай і іншых вядзе да праўды, якая вядзе ў вечнае жыццё. Ні Пілат, ні любая іншая сіла не могуць зрабіць нічога супраць яе. Яго Валадарства ў сэрцах людзей. Імператары і атэісты цягам стагоддзяў стараліся звергнуць яго з трону ў людскіх сэрцах. Усё дарма. Цяпер мы бачым новы ліберальны пераслед хрысціянства. Дэмакратычным спосабам, праз прыняцце нязгодных з Божым правам законаў, робяцца спробы абмежаваць дзейнасць Езуса ў жыцці паасобнага чалавека і грамадства або нават Яго выгнаць.
5. Мы, вучні Хрыста, павінны памятаць, што следаваць за нашым Каралём Езусам Хрыстом нялёгка і за гэта нярэдка трэба заплаціць жыццём. Так было ў першыя стагоддзі пераследу хрысціян, так было падчас атэістычнага рэжыму. Так ёсць сёння ў некаторых краінах, дзе хрысціяне ў XXI стагоддзі плацяць цаной свайго жыцця за вернасць Хрысту.
Нялёгка следаваць за Хрыстом, калі Яго высмейваюць і заканадаўча дазваляюць дзейнічаць супраць Яго вучэння, як гэта ёсць у сучасным свеце.
Нягледзячы на гэта, мы заўсёды павінны быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля, бо верыць у Яго азначае ажыццяўляць наша хрысціянства і жыць тым, у што верым.
6. Гэта нялёгкая справа, асабліва ў наш час наступаючага лібералізму і адмаўлення ад духоўных каштоўнасцяў. Выклікі нашага часу вельмі небяспечныя. І сапраўды, неабходна быць вельмі моцнымі духоўна і жыць праўдай Хрыста, каб на іх адказаць і не страціць веры.
Касцёл нам дапамагае ў гэтым праз Святое Пісанне, сакрамэнты, дабрачыннасць і г.д. Сакрамэнт канфірмацыі, які сёння ўдзяляецца ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, і ёсць тым сакрамэнтам, які нас ажыўляе і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы былі сведкамі Хрыста ў наш час. Для гэтага неабходна выбраць Хрыста нашым Валадаром і кіраўніком. У нашым жыцці нам неабходна ісці глыбей, чым Яго прадстаўляюць медыя, каб знайсці праўду, якая нас вызваліць і ўчыніць нашы сэрцы Божым Валадарствам.
Жывучы праўдай у любові, мы ўшаноўваем Божае Валадарства і яго распаўсюджваем. Жыццё паводле Божай праўды ў бізнесе, палітыцы, на працы і дома павінна быць нашым ідэалам, нашай вядучай каштоўнасцю і адметнай рысай нашага жыцця.
7. Хрыста не трэба шукаць у аблоках ці ў нябесных пакоях. Ён з намі. Трэба толькі не размінуцца з Ім і дазволіць Яму заняць месца ў нашых сэрцах, каб Ён іх змяняў на лепшае. Палітыкі могуць змяніць сацыяльна-палітычны лад, але сэрца змяніць можа толькі Хрыстус.
Таму памолімся, каб нашы вочы былі адкрыты на Яго, калі Ён прыходзіць да нас у розных праявах нашага жыцця, каб быць Богам з намі і для нас і быць Валадаром нашых сэрцаў. Амэн.
|