Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў межах сімпозіума з нагоды 50-годдзя завяршэння Другога Ватыканскага Сабору

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 28 лістапада 2015 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры, студэнты i выпускнiкi Каледжа каталiцкай тэалогii iмя св. Яна Хрысцiцеля!

1. Сёння, у апошнi дзень лiтургiчнага года, Касцёл запрашае нас засяродзiцца на чытаннях, якiя прадстаўляюць нам дзве рэальнасцi нашага жыцця: яго цяжкая штодзённасць i радасць надзеi. Так ёсць у прыродзе, так ёсць і ў жыцці чалавека.

У прыродзе мы перажываем восень з яе кароткiмi i шэрымi днямi i адначасова радаснае чаканне, што праз месяц дзень пачне павялiчвацца i з кожным днём будзе ўсё больш i больш святла. У жыццi чалавека мы бачым цяжкiя чорныя хмары грахоўнага жыцця, як вынiк адыходу ад Бога. Бачым таксама хмары складанай сацыяльна-палiтычнай сiтуацыi ў сучасным свеце, выкліканыя, між іншым, амаль што некантраляванай мiграцыяй у Еўропу бежанцаў з Сiрыi i iншых краiн, дзе вядзецца пераслед людзей, нядаўнiмi тэрарыстычнымi актамi ў многiх частках свету, пагаршэннем узроўню жыцця i г.д. У той жа час мы таксама павiнны радавацца надзеi на вечнае шчасце, якое нам абяцае Бог.

Таму апошнi дзень лiтургiчнага года заклiкае нас засяродзiцца як на нашай сiтуацыi, так i сiтуацыi свету, у якiм адбываецца баталiя дабра са злом. На жаль, свет менш заўважае дабро, чым зло. Ведаючы, што такое дабро, ён усё часцей чыніць зло.

2. Сённяшнiя чытаннi пацвярджаюць, што пераход ад цемры да святла будзе нечаканы. Таму кожны павiнен выявіць веру ў Божы план адносна нас i ўсяго свету. Мы павiнны памятаць, што Бог заўсёды з намі, не толькі ў светлыя моманты нашага жыцця, але і ў цёмныя. Мы не адны, але з Богам, якi нас не пакідае адных, а дапамагае.

Нягледзячы на засiлле зла ў сучасным свеце, Хрыстус не выпускае з рук свайго жазла. Ён абяцае, што разам з адкупленым народам стане высока i ля Яго падножжа будуць усе ворагi i злачынцы. Аб гэтым нагадвае першае чытанне з кнiгi прарока Данiэля, што валадарства над усiм, што ёсць пад небам, належыць Яму.

3. Аднак паўната радасцi чакае нас толькi ў вечнасцi. Тут, на зямлi, мы не можам да канца давяраць сабе самім, бо паддаёмся спакусам і замест дабра чынім зло. Таму i для нас, людзей ужо трэцяга тысячагоддзя, актуальнымi застаюцца словы сённяшняга Евангелля: зважайце на сябе, каб вашы сэрцы не былi абцяжараныя грахом.

Езус папярэджвае нас, каб мы не былі захоплены справамі гэтага свету, якія засланяюць нам Яго самога. Нам неабходна зрабіць крок назад, каб агледзецца і ўбачыць прысутнасць Езуса сярод нас. Яна бачна найперш на малітве, да якой Ён нас запрашае. Бачна ў дзеянні і гісторыі Касцёла.

Мы пражылi лiтургiчны год, падчас якога Хрыстус прыходзіў да нас у сакрамэнтах і ў сваім слове. Ён умацоўваў нас сваёй ласкай. Заўтра, пачынаючы Адвэнт, як новы этап нашага жыцця, нам нельга панiжаць ступень нашага чування, каб шчаслiва дайсцi да мэты, дзе будзе свяцiць вечнае святло i не будзе цемры.

Сваiмi думкамi злучым першую кнігу Святога Пiсання аб страчаным раi з апошняй – аб знойдзеным. У першай чалавек быў пакараны i ў яго жыццi пачалiся цёмныя дні. У другой ён быў узвышаны і перад iм засвяцiла вечнае святло.

4. Паўстагоддзі таму нiхто на нашай зямлi нават не мог марыць аб тым, каб даведацца аб працах i вучэннi Другога Ватыканскага Сабору. Тады панавала цемра атэістычнага рэжыму. Аднак напрыканцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўсё нечакана змянiлася. Ад цемры пераследу мы перайшлi ў святло свабоды веравызнання. І сёння Касцёл у Беларусі жыве і дзейнічае паводле вучэння гэтага гістарычнага Сабору.

Аднак атрыманая свабода аўтаматычна не чынiць нас шчаслiвымi i чалавек, на жаль, працягвае жыць у цемры граху. Цемра iдэалагiчнага атэiзму завяршылася, але засталася i нават умацавалася цемра практычнага атэiзму. Усё гэта з'яўляецца новым выклiкам для нас, на які ў духу Евангелля і вучэння Касцёла нам неабходна адказаць, і як мага хутчэй, бо заўтра можа быць позна.

Няхай жа заклiк сённяшняга Евангелля дапаможа нам у наступаючым Адвэнце чуваць, бо Пан прыйдзе, як злодзей, калi мы Яго не чакаем. А Надзвычайны Год Мiласэрнасцi, які пачынаецца ў час Адвэнту, няхай надасць новыя сiлы даверыцца ёй i кiнуцца ў абдымкі Мiласэрнага Езуса, каб Ён вывеў нас з грахоўнай цемры ў святло жыцця дзяцей Божых. Амэн.

Адноўлена 28.11.2015 12:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі