Мінскі архікатэдральны касцёл, 29 лістапада 2015 г.
Вярнуцца да Бога
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл пачынае новы літургічны год, пачынае яго Адвэнтам. Гэта час чакання і час надзеі, час аднаўлення нашага даверу ў Божую міласэрнасць і час новага прышэсця Хрыста ў наша жыццё. Акрамя першага прышэсця Сына Божага на гэты свет, памяццю аб чым з’яўляецца ўрачыстасць Божага Нараджэння, мы звяртаем увагу на Яго прышэсце ў сакрамэнтах, у слове Божым, у дзеянні Касцёла, у хвіліну нашай смерці і напрыканцы часоў. У Адвэнт Касцёл заахвочвае нас да гэтай жыццёвай пілігрымкі веры насустрач прыходзячаму Збаўцу.
2. Аднойчы група маладых людзей наведала славутага Гуру. Адзін малады чалавек з мэтай выпрабаваць яго спытаў: “Настаўнік, пасля смерці я хацеў бы трапіць на неба. Колькі дзён перад гэтым я павінен рыхавацца?” Гуру яму адказаў: “Толькі адзін дзень перад самой смерцю”.
Такі адказ быў нечаканым для маладога чалавека, і ён спытаў: “Але як я магу ведаць, калі памру?” Тады Гуру спакойным голасам сказаў: “Паколькі мы не ведаем дня сваёй смерць, то пачынай падрыхтоўку сёння і арганізуй сваё жыццё згодна з адпаведнымі духоўнымі прыярытэтамі”.
У гэтых словах Гуру крыецца таямніца Адвэнту. Жыццё чалавека напоўнена чаканнем і надзеяй. Мы чакаем, калі вырасцем, калі завершым вучобу, калі заснуем сям’ю або станем святаром ці кансэкраванай асобай, калі атрымаем добрую пасаду і г.д. Мы таксама жывём надзеяй, што заўтрашні дзень будзе лепшым за сённяшні.
3. Божае слова на Першую нядзелю Адвэнту прадстаўляе нам два вельмі важныя аспекты гэтага часу: Уцелаўленне Сына Божага і Яго другое прыйсце. Таму Адвэнт з’яўляецца часам падрыхтоўкі да прыняцця Сына Божага, які стаў чалавекам для нашага збаўлення. Ён таксама з’яўляецца часам падрыхтоўкі да Яго другога прыйсця ў славе, калі Ён будзе судзіць жывых і памерлых.
Евангелле вельмі ясна ўздымае праблему другога прыйсця Хрыста. Трэба адзначыць, што ўсе спекуляцыі на гэтую тэму беспадстаўныя і не нясуць ніякага пажытку, бо гэты дзень прыйдзе неспадзявана, як злодзей.
4. У гэтым сэнсе пазіцыя Хрыста ясная. Ён вучыць нас аб нашых хрысціянскіх абавязках і тым, як яны павінны праяўляцца ў жыцці. Хрыстус кажа сваім вучням чытаць знакі часу, каб мець ясную ідэю, як чыніць у адным ці іншым выпадку. Гэтае Яго заданне апосталы вельмі добра выканалі пасля спаслання на іх Святога Духа, ад якога яны атрымалі дары мудрасці і адвагі. Трэба таксама памятаць аб фундаментальнай справе, што, хаця мы можам адмовіцца ад Хрыста, Ён ніколі не адмовіцца ад нас. Таму мы заўсёды павінны быць адкрыты на Яго дзеянне.
Адначасова Езус перасцерагае ад непамяркоўнай упэўненасці ў сабе. Ён кажа: “Зважайце на сябе, каб вашы сэрцы не былі абцяжараны грахамі і жыццёвымі клопатамі”. Мы не можам быць спакойнымі, калі адчуваем толькі матэрыяльную забяспечанасць. Праблема ў тым, што тады мы можам быць не падрыхтаваны да спаткання з Езусам. Трагедыя будзе ў тым, што мы будзем заняты толькі зямнымі справамі, а не духоўнымі.
5. Як яе пазбегнуць? Калі мы забыліся пра Езуса і даўно з Ім не сустракаліся, пойдзем да Яго, дарога адчынена і Ён чакае. Калі мы не паяднаныя Богам і Касцёлам, то ў сакрамэнце пакаяння ўчынім гэта як мага хутчэй.
Езус нас заахвочвае: “Чувайце і маліцеся”. Таму нам неабходна чуваць, каб не трапіць у пасткі граху. Неабходна маліцца, каб мець сувязь з Богам. Сярод штодзённай мітусні трэба знайсці час на малітву, на чытанне заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова, на ўдзел у нядзельнай святой Імшы, на рэкалекцыі і іншыя духоўныя практыкаванні ў Адвэнт і г.д.
6. Адзін аповед распавядае пра вадзіцеля, які праехаў сотні тысяч кіламетраў без адзінай аварыі. Калі ў яго спыталіся, як яму гэта ўдалося, ён адказаў, што проста глядзеў на дарогу. У сённяшнім Евангеллі Езус таксама заклікае нас чуваць, гэта азначае заўсёды глядзець на дарогу, каб яе не зблытаць.
Гэта добрая парада не толькі на Адвэнт, але і на штодзённае жыццё. Добры футбаліст падчас гульні канцэнтруецца на мячы і іграках. Добры студэнт – на вучобе. Добры католік – на вучэнні Хрыста і выконванні сваіх хрысціянскіх абвязкаў.
У старажытных рымлян быў бог Янус. Ён меў два твары, адзін з якіх глядзеў у мінулае, а другі – у будучыню. Падобна і хрысціяне ў Адвэнт павінны ўспамінаць і духоўна перажываць першае гістарычнае прыйсце Хрыста і адначасова чакаць і рыхтавацца да Яго другога прыйсця.
7. Мы павінны рыхтавацца да гэтай падзеі, хаця і не ведаем калі яна адбудзецца. Павінны дазволіць Хрысту нанова нарадзіцца ў нашых сэрцах, каб быць духоўна моцнымі.
Аднойчы падчас круізу акеанскага лайнера здарыўся шторм. Пасля таго, як капітан вывеў лайнер у спакойныя воды, ён сказаў, што заўсёды дзейнічае паводле простай філасофіі. Калі мора спакойнае, то прыйдзе час шторму, а калі на моры шторм, то ён у свой час супакоіцца. Але калі карабель добры, то на ім заўсёды можна плысці, па спакойным моры і па ўзбураным.
Нашым караблём ёсць наша вера ў Хрыста. Няхай адвэнтавыя духоўныя практыкі дапамогуць нам вярнуцца да Бога і ўмацуюць веру, каб мы маглі бяспечна плысці па ўзбураным акіяне XXI стагоддзя і дасягнулі порту вечнага шчасця. Амэн.
|