Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB падчас Імшы дыяканскага пасвячэння Паўла Федаровіча

28 лістапада 2015 г., парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе

Глыбокапаважаны айцец аравінцыял Кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Павел Навумовіч.
Глыбокапаважаны настаяцель Вікарыяту мучанікаў з Росіцы а. Міхаіл Цвячкоўскі і ўсе дастойныя айцы марыяне.
Глыбокапаважаны пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа і біскупскі вікарый для Лідскага рэгіёну кс. Уладзімір Гуляй.
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
Любыя дзеці і моладзь.
Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце,
Дарагі семінарыст Павел.


У гаміліі я буду звяртацца да цябе, бо менавіта ты падчас гэтай святой Імшы атрымаеш сан дыякана!

Аднак, звяртаючыся да цябе, у першую чаргу я хачу прамаўляць да самога сябе, а таксама да дыяцэзіяльных святароў і законнікаў, прысутных тут, да кансэкраваных асобаў і ўсёй святой асамблеі, сабранай у гэтай прыгожай святыні.

Выдатным выбарам твайго дыяканскага пасвячэння стала субота, бо гэты дзень не толькі дае магчымасць большай колькасці вернікаў прыняць удзел у цэлебрацыі, але найперш ён прысвечаны ўспаміну Панны Марыі, якую твая законная сям’я – сям’я айцоў марыянаў – асабліва ўшаноўвае і распаўсюджвае Яе культ.

Марыя, як ніхто іншы, перажывала дыяканію, будучы на выключнай службе планаў Бога, планаў Езуса, планаў Яго Валадарства, планаў Касцёла!

Марыя была і застаецца тою Слугою, якая заўсёды і бясконца паўтарае: “Вось я”!

Некалькі хвілін таму і ты, дарагі Павел, хоць і іншымі словамі, але таксама прамовіў сваё: “Вось я”!

Няхай тваё “Вось я” як сына марыйнай кангрэгацыі кожны дзень набліжаецца ды тых пачуццяў, якія мела Найсвяцейшая Панна Марыя!

Без сумніваў, сённяшні дзень перапаўняе кожнага з нас асаблівымі пачуццямі. Што гэта за пачуцці?

1. Перш за ўсё, гэта пачуццё радасці і ўдзячнасці, таму што мы перажываем падзею, якая з’яўляецца дарам і ласкай.

Дарам, які Пан праз дыяканскае пасвячэнне дае нашаму дарагому Паўлу, сыну гэтай парафіяльнай супольнасці, нашаму Касцёлу ў Беларусі і кангрэгацыі айцоў марыянаў. Праз гэты сакрамэнт Пан робіць Паўла ўдзельнікам свайго жыцця. Перамяняе яго ў самога сябе, таго слугу, які служыць іншым. Перадае яму сваю любоў. Выказвае яму свой давер і даручае місію.

Адначасова мы бачым і той дар, які сам Павел прыносіць Пану праз ахвяру свайго жыцця дзеля выключнай службы Богу і Касцёлу.

Распазнаны дар ператвараецца ў падзяку. Падзяка праяўляецца ў паставе, з якой Павел рыхтуецца атрымаць ласку дыяканату, адказваючы на заклік Пана сваім “Fiat”. Падзяка – гэта і тое адчуванне парафіяльнай супольнасці і ўсёй кангрэгацыі айцоў марыянаў, якая выказваецца Богу за тое, што Ён глянуў сваім ласкавым вокам на нашага сябра і брата.

Словы ўдзячнасці скіроўваюцца сёння і да бацькоў Паўла, якіх, на жаль, сёння няма побач з намі, аднак якія з Дому Нябеснага Айца глядзяць на свайго сына, цешацца, ганарацца, што ён абраў шлях Божага служэння, і адтуль аказваюць сваю больш эфектыўную бацькоўскую падтрымку.

Разам мы хочам падзякаваць выхавацелям і выкладчыкам семінарый: Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, дзе Павел пачынаў свой шлях да святарства, і марыянскай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Любліне, якая падрыхтавала яго да сённяшняга дня. Шчыра дзякуем і тым, хто суправаджаў Паўла на шляху да атрымання духоўнага сану.

2. Дыяканат з’яўляецца дарам, але нельга забываць, што адначасова гэта таксама і задача, місія. Па прыкладу Езуса, як мы чулі ў сённяшнім Евангеллі, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, а каб служыць (пар. Мц 20, 28), місія дыякана заключаецца ў тым, каб служыць іншым. Само слова “дыякан” азначае “слуга”. Гэтае служэнне іншым праяўляецца ў нясенні слова Божага, у дапамозе святару пры цэлебрацыі літургіі, а таксама ў паслузе міласэрнасці патрабуючым.

Літургія слова, якую семінарыст Павел выбраў для сённяшняй урачыстасці, сведчыць пра галоўныя заданні дыякана.

Першая паслуга, як будзе паказана ў хуткім часе праз уручэнне кнігі Евангелля, нагадвае аб неабходнасці перадаваць вернікам Евангелле, Божае слова. Чытанне з Дзеяў Апосталаў паказвае нам сёння Філіпа, які раскрыў вусны свае і, пачынаючы з месца Пісання, абвяшчаў мужу эфіопскаму, еўнуху, Евангелле пра Езуса (пар. Дз 8, 35).

Дыякан мае абавязак абвяшчаць Евангелле не толькі падчас святой Імшы. Перш чым абвяшчаць яго словам, ён павінен сведчыць яго сваім жыццём, паказваючы такім чынам любоў Бога і Яго план збаўлення для ўсіх нас. Каб гэта выканаць, як навучае словам і прыкладам Папа Францішак, табе, Павел, трэба ісці насустрач людзям: каб слухаць іх, весці з імі дыялог і паказаць, якое прыгожае жыццё тых, хто прыняў у сваё жыццё Хрыста – крыніцу радасці і святла для ўсяго чалавецтва.

Другая паслуга дыякана – гэта ўмацаванне хрысціянскага жыцця вернікаў праз службу Алтара, дапамогу біскупу і святарам падчас Эўхарыстыі, анімацыю літургічных набажэнстваў, цэлебрацыю малітвы Літургіі гадзінаў. Асабліва важным з’яўляецца ўзаемасувязь, блізкасць асобы дыякана з Эўхарыстыяй. Ад Эўхарыстыі, добра перажытай і належна цэлебраванай, залежыць далейшае служэнне ўсіх хрысціян у будаванні касцёльнай супольнасці, заснаванай на ўдзеле, супрацоўніцтве і супольнай адказнасці. Дарагі Павел, заўсёды рыхтуйся да кожнай літургічнай цэлебрацыі, каб перажыць яе самому і дапамагчы Божаму народу сустрэцца падчас яе з жывым Хрыстом.

Трэцяя паслуга – гэта канкрэтнае сведчанне ў дабрачыннасці. Практыка дабрачыннасці з боку дыяканаў існуе ад заснавання дыяканату: першыя дыяканы, пра якіх узгадваецца ў Дзеях Апосталаў, былі абраны, каб служыць бедным падчас спажывання ежы. Такім чынам, прыняўшы дыяканат, ты, Павел, станешся слугою, які будзе ўважліва ставіцца да патрэбаў сваіх братоў і сясцёр, і сведчыць канкрэтнымі дзеяннямі пра міласэрную любоў Бога.

3. Сёння ты таксама яшчэ раз пацвердзіш свой выбар захоўваць цэлібат, каб стаць знакам пастырскай любові. Жаданне шчырай любові выключна да Хрыста, жаданне прысвяціць жыццё толькі Яму ўчыніць цябе больш вольным у служэнні Богу і бліжнім, і больш даступным для тых, хто патрабуе твайго служэння.

Дзявоцтва для Валадарства Божага, цнатлівасць сэрца не могуць быць абмежаваны фактам толькі фізічнага ўстрымання. Бо гэта дар, які альбо робіць нашае жыццё плённым праз прысвячэнне сябе любіць Бога ўсім сэрцам, якое не дзеліцца ні з кім, акрамя Яго і ўсіх братоў і сясцёр, альбо гэта страшная, невыносная пакута, дачаснае перажыванне пекла, і, самае галоўнае, пакута, якая не прыносіць карысці. Не кожнаму дадзена зразумець гэта, аднак благаслаўлёны ты, які хочаш убачыць і зразумець гэта!

4. Дарагі Павел, сёння праз ускладанне маіх рук табе давяраецца місія дыякана. І тое, якім чынам, з якім духам і наколькі рупліва ты будзеш яе выконваць, некалі зможаш адказаць толькі ты.

Галоўнае – не бойся! Таму што сваё служэнне ты выконваеш у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові. Служыць азначае аддаваць сябе братам і сёстрам у Хрысце. Аддаваць сябе з Яго пачуццямі, адданасцю і любоўю, пра якія нам сведчыць сённяшняе Евангелле.

Дай Езусу свае рукі і сваё сэрца, пазыч Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля, якое заўсёды прыносіць вясну духоўнага абнаўлення. Май чыстае сэрца і чысты позірк, тады будзеш мець шмат добрых сяброў. Дай іншым Хрыста, а тады ўсё астатняе табе як законніку будзе лягчэй раздаваць іншым. Палюбі Божае слова!

І яшчэ адна, апошняя рэкамендацыя: вышэй за ўсё, у самым цэнтры свайго жыцця пастаў стварэнне асабістай і глыбокай еднасці з Богам: дбай пра асабістую малітву, медытацыю, Літургію гадзінаў, Эўхарыстыю, успамінаючы словы Езуса: “без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5).

Дарагі Павел, няхай цябе благаслаўляе Хрыстус разам з Марыяй, Яго і нашай Маці! Няхай Яны стануць тваімі пастаяннымі спадарожнікамі на шляху, які ты абраў.

Пасля ўсяго сказанага застаецца толькі дадаць пажаданне. У добры шлях дыяканскага служэння!

Адноўлена 30.11.2015 14:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі