Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для кансэкраваных асобаў жаночых манаскіх супольнасцяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 10 снежня 2015 г.

“Вось я, Пане, пашлі мяне” (Іс 6, 8)

Глыбокапаважаныя сёстры!

1. Сардэчна вітаю вас гэтымі словамі прарока Ісаі, які прыгадваюць аб выказанай вамі згодзе ісці шляхам паклікання. Гэтыя словы былі выказаны вамі ў розных абставінах вашага жыцця, але самае важнае, што яны былі выказаны і што вы засталіся ім вернымі, каб у багацці сваіх харызматаў і захоўваючы евангельскія парады чысціні, убоства і паслухмянасці выконваць даручаную вам Богам місію тут, на беларускай зямлі, у гэты час адраджэння і станаўлення Касцёла пасля доўгай ночы пераследу.

Гэтая ваша сустрэча адбываецца ў Год кансэкраванага жыцця, за ласку якога мы ўсе павінны дзякаваць Богу. Ваша актыўнасць і малітва спрыяла прабуджэнню, прыняццю новых ініцыятыў і гэтым самым наданню новага дынамізму Касцёлу, – як да гэтага заклікае нас усіх Папа Францішак.

Адбываецца яна ў Юбілейны Год Міласэрнасці, які толькі што пачаўся і які павінен наблізіць да нас асобу міласэрнага Айца і наш давер да Яго, а таксама схіліць нас да больш актыўнага ўдзелу у справах міласэрнасці адносна душы і цела.

Адбываецца яна ў дзень, калі Каталіцкі Касцёл успамінае Божую Маці Ларэтанскую. Як вядома, Марыя мае шмат тытулаў, і мы іх пералічваем у Латэранскай літаніі. Гэта не што іншае, як выраз чалавечай удзячнасці Марыі за Яе ўдзел у справе збаўлення і апеку над сваімі духоўнымі дзецьмі.

Тытул Божай Маці Ларэтанскай паходзіць ад санктуарыя Маці Божай у італьянскім горадзе Ларэта. Туды ў XIII стагоддзі цудоўным чынам была перанесена частка дома з Назарэта, у якім адбылося Звеставанне і дзе жыла Святая Сям’я – Езус, Марыя і Юзаф. Таму сёння нашым малітвам удзячнасці за служэнне жаночых манаскіх супольнасцяў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і просьбам аб благаслаўленні на будучыню спадарожнічае Маці Божая Ларэтанская.

Яна з’яўляецца апякункай пілотаў. А як вядома, пілоты перамяшчаюцца з аднаго месца на іншае вельмі хутка і пры гэтым на самалётах перавозяць людзей. Сёстры таксама прысутныя паўсюль – у касцёле, катэхетычнай зале, на пілігрымцы, дабрачыннай працы, разам з моладдзю і дзецьмі і г.д. Яны падвойваюцца і патройваюцца, каб толькі паспець паўсюль. Таму ў пэўным сэнсе Маці Божая Ларэтанская з’яўляецца і вашай агульнай апякункай.

2. Галоўнай задачай Касцёла ў наш час з’яўляецца новая евангелізацыя. Немагчыма было б яе ажыццявіць без удзелу кансэкраваных асобаў, таксама як без іх немагчыма было б уявіць жыццядзейнасць нашага Касцёла. За ўсё гэта і многае іншае сардэчны дзякуй усім вам. Ваша малітоўнае жыццё, удзел у розных пастырскіх праграмах і акцыях з’яўляюцца багаццем Касцёла ў Беларусі.

Стымулюючыя гарызонты місіі, да якой вас паклікаў Бог у Касцёле, як умову для яго жыццядзейнасці, патрабуюць безумоўнай вернасці Хрысту і Касцёлу. Тоеснасць прыроды кансэкраванага жыцця характарызуецца наследаваннем Хрыста і прысвячэннем Яго асобе праз прыняцце евангельскіх парадаў. Менавіта ў іх і праз іх захаванне выражаецца поўная ідэнтыфікацыя з Хрыстом у Яго дары самога сябе Айцу і людзям. Яны ўяўляць сутнасць вашага жыцця і ствараюць прастору для абсалютнай свабоды сэрца жыць для Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, а таксама для людзей. Захоўваючы вернасць евангельскім парадам, кансэкраваныя асобы адчуваюць радасць спадарожнічаць Хрысту, жыць Яго словам і прысутнасцю, а таксама прымаць удзел у Яго місіі, – як вучыць святы Ян Павел II (пар. Apostolic Letter, June 29, 1990, 16).

Таму неабходна любіць евангельскую параду чысціні, якая вызваляе сэрца, каб яно гарачэй разгаралася любоўю да Бога і людзей і дапамагала добраахвотна прысвяціць сябе служэнню Богу і апостальскім справам (пар. Perfectae caritatis 12).

Падобным чынам дзякуючы парадзе ўбоства кансэкраваныя асобы ўдзельнічаюць ва ўбостве Хрыста, які стаў убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам (пар. 2 Кар 8. 9) з мэтай мець скарб у небе (пар. Мц 6, 20, пар. Perfectae caritatis 13).

Рада паслухмянасці ў наш час імкнення да абсалютнай свабоды здаецца немагчымай для прыняцця. Аднак дзякуючы ёй кансэкраваныя асобы па прыкладзе Хрыста, які прыняў постаць слугі і застаўся паслухмяным аж да крыжовай смерці (пар. Флп 2, 7-8), прысвячаюць сваю волю Богу (пар. Perfectae caritatis 14).

Сучасны свет нярэдка ўспрымае евангельскія парады як глупства (пар. 1 Кар 1, 18). Мы ж павінны слова “глупства” перамяніць у радаснае шаленства любові. Не можа быць аўтэнтычнага аднаўлення кансэкраванага жыцця без вернасці евангельскім парадам. Вернасць ім таксама дапамагае ў перамозе над усімі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у жыцці кансэкраванай асобы.

Гэтыя тры парады, якія акрэсліваюць самаахвярнае жыццё кансэкраваных асобаў, павінны быць канкрэтызаваны ў харызмаце той ці іншай манаскай супольнасці. Харызматы павінны ажыццяўляцца згодна статуту супольнасці і развівацца ў адпаведнасці з выклікамі часу. Вялікая іх колькасць – гэта як быццам дрэва, якое цудоўна і буйна расквітнела на ніве Пана (пар. Lumen gentium 43).

3. Вялікая разнастайнасць харызматаў, якія існуюць у адным мясцовым Касцёле, патрабуе іх агульнай пастырскай фармацыі, якая ўлічвала б адносіны паміж рознымі харызматамі, а таксама адносіны з дыяцэзіяльнымі пастырамі.

Маючы на ўвазе тое, што манаскія супольнасці на Беларусі малыя, такой фармацыі павінны служыць не толькі агульныя сустрэчы кансэкраваных асобаў, але і пастырскія сустрэчы, якія абавязковыя для ўсіх. Гэта нагода пабыць разам, падзяліцца досведам, праблемамі і іх вырашэннем, духоўна адрадзіцца і г.д., каб мы ўсе разам утваралі духавенства аднаго Мінска-Магілёўскага Касцёла.
 
4. Без мяне нічго не зможаце зрабіць, – кажа Езус (Ян 15, 5). Гэта азначае, што для паспяховага выконвання нашай місіі нам неабходна дапамога Бога. Мы яе атрымліваем у малітве. Таму неабходна “заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18, 1). Калі гэта запавет Хрыста для кожнага хрысціяніна, то тым больш для кансэкраваных асобаў, жыццё якіх павінна быць пазначана глыбокай і трывалай малітвай.

5. Дарагія сёстры!

Разважайце аб вернасці евангельскім парадам, вынікаючым з вашага служэння абавязкам сталай фармацыі згодна з абумоўленасцямі мясцовага Касцёла і трываласцю ў малітве. Ад гэтага будзе залежаць рэалізацыя вашага паклікання і місіі ў Касцёле. Гэтая вернасць заўсёды будзе зыходным пунктам у вашым служэнні і адказе на выклікі часу, што само па сабе патрабуе сведчання сапраўднага кансэкраванага жыцця.

Гэтае заданне асабліва важнае ў свеце Юбілейнага Года Міласэрнасці, які распачынаецца. Колькі людзей жыве так, як быццам Бога няма! Колькі людзей заблукала, знаходзіцца ў пастках розных залежнасцяў і не ведае, як знайсці дарогу свайго жыцця! Колькі разбітых і пакалечаных сем’яў! Колькі дзяцей, якіх пакінулі бацькі! Колькі хворых! Хто ім дапаможа? Святы Айцец Францішак кажа ясна – гэта заданне Касцёла. Кансэкраванае жыццё з’яўляецца неад’емнай часткай Касцёла і таму, само спазнаючы бязмежную Божую міласэрнасць, павінна быць яе прыладай для іншых.

Яшчэ раз дзякую Богу за дар кансэкраванага жыцця, якое з’яўляецца багаццем нашага Касцёла. Дзякую за вашае вернае і ахвярнае служэнне. Малю Бога, каб, дзякуючы росквіту кансэкраванага жыцця, працэс новай евангелізацыі выйшаў на новы этап. Няхай у гэтым усім нам дапамагае Маці Божая Ларэтанская. Амэн.   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі