Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на III Нядзелю Адвэнту, Год С

Мінскі архікатэдральны касцёл, 13 снежня 2015 г.

Радасць юбілею міласэрнасці

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняя III Нядзеля Адвэнту называецца Нядзеляй Gaudete – “Радуйцеся”. Яе літургія заклікае нас да радасці, бо Збаўца блізка, блізка Божае Нараджэнне – свята Уцелаўлення Сына Божага, Бога з намі, які аб’явіў нам аблічча міласэрнага Айца, збавіў нас ад смерці вечнай і нясе супакой у нашы сэрцы.

Аб гэтым вельмі добра нагадвае першае сённяшняе чытанне. Яно заклікае да радасці, бо Бог адмяніў свой прысуд і прагнаў нашага ворага. Яно таксама заклікае не баяцца, бо Бог сярод нас і Ён збавіць. За дабро мы павінны аддзячыць дабром. Таму мы заўсёды павінны дзякаваць Богу, бо Ён міласэрны.

Сярод многіх сведчанняў сапраўднага хрысціянскага жыцця і ласкаў, за якія мы павінны дзякаваць Богу практычна ўжо напрыканцы гэтага каляндарнага года, - ласка Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці пад дэвізам “Міласэрныя, як Айцец”, які Папа Францішак распачаў 8 снежня і які сёння пачынаецца ў паасобных дыяцэзіях, у тым ліку і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

2. Бог прыходзіць з дапамогай чалавецтву праз спецыяльна для гэтага пакліканых Ім людзей. На авансцэне Адвэнту такім чалавекам з’яўляецца святы Ян Хрысціцель. Сведчанне і вучэнне гэтага харызматычнага Божага пасланніка, як магніт, прыцягвала людзей, якія спяшаліся ў Ярданскую даліну, каб яго слухаць і з яго рук атрымаць хрост.

Аднак, у той жа час, людзі хаця і з радасцю слухалі святога Яна Хрысціцеля, тым не менш далёка не заўсёды пагаджаліся з яго вучэннем. Яны чулі яго заклік да малітвы і навяртання, аднак працягвалі жыць сваім грэшным жыццём, да якога прызвычаіліся, і ім было цяжка ад яго адарвацца.

Што мы павінны чыніць? – пыталіся яны ў яго. Ян бачыў іх жаданне перамяніць сваё жыццё, але адначасова бачыў і тое, што ў іх не хапала сапраўднай любові да Бога, якая выражаецца ў жыцці паводле Яго запаведзяў. “Любі і чыні ўсё, што хочаш” – такім быз дэвіз св. Аўгустына. Гэта азначае, што, калі людзі да канца давяраюцца Богу, то яны не змогуць чыніць зла і дзякуючы дзеянню Святога Духа будуць чыніць толькі добрыя справы.

Святы Ян Хрысціцель імкнуўся перамяніць сэрцы сваіх слухачоў, кажучы ім жыць справядліва і дапамагаць патрабучым, гэта азначае быць міласэрнымі. Грамадства, да якога звяртаўся Ян Хрысціцель, а пазней Езус, было духоўна хворым, яно канцэнтравался на знешніх справах замест таго, каб канцэнтравацца на ўнутраных. Падобна жыве і сучасны свет. Найбольш сумным ва ўсім гэтым з’яўляецца тое, што такое жыццё не набліжае, але аддаляе чалавека ад Бога і ад рэлігійнага ідэалізму.

У такім свеце, поўным эгаізму, нянавісці, з кожным днём нарастаючых збройных канфліктаў і тэрарыстычных актаў, а таксама адыходу ад Бога, своечасовым з’яўляецца, аб’яўлены Святым Айцом Францішкам Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці. Відавочна, што сучасны свет адчувае вялікую патрэбу ў міласэрнасці, спачуванні і прабачэнні. Свет павінен адкрыць праўду аб тым, што ў ім існуе міласэрнасць, што Бог – гэта не караючы дэспат, але міласэрны Айцец.

3. Толькі што ў мінскай архікатэдры была адчынена “Брама міласэрнасці”. Езус называе сябе Брамай. Як вядома, праз браму мы ўваходзім у чыюсьці маёмасць ці дом, каб там сустрэцца з іншым чалавекам. Праз Браму міласэрнасці мы ўваходзім у нашу святыню, Маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, каб у ёй спаткацца з Божай міласэрнацю, яе спазнаць і несці ў наш поўны гвалту і несправядлівасці свет.

Адначасовае адкрыццё адразу дзвюх яе палавін сімвалізуе Сэрца міласэрнага Езуса, якое заўсёды адкрыта, каб прыняць і абняць кожнага. Яно дазваляе нам спазнаць прабачэнне, якое аздараўляе. Адчыненая Брама міласэрнасці з’яўляецца запрашэннем увайсці ў клімат прабачэння, братэрства і дапамогі, чаго Бог жадае для ўсіх людзей.

Брама міласэрнасці – гэта не што іншае, як заклік Касцёла да ўсіх людзей: “вяртайцеся” да Бога, бо Ён чакае. Гэта заклік дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў духоўнай і матэрыяльнай патрэбе, і тым, хто страціў надзею. Перад тым, як яны павераць у Божую міласэрнасць, яны павінны ў нашых вачах убачыць міласэрны позірк.  

Неразумным з’яўляецца чалавек, які тоне і не хапаецца за ратавальны круг. Сучасны чалавек тоне ў грахоўным балоце. Але Бог не пакідае яго аднаго бездапаможнага, не адварочваецца ад яго, не забываецца пра яго, але спяшаецца з дапамогай. Усё Святое Пісанне, асабліва Евангелле, прадстаўляе сабой прыклад бязмежнай Божай міласэрнасці. Езус лячыў хворых, выганяў злых духаў, адпускаў грахі і пры гэтым не асуджаў, як у прыкладзе са злоўленай на чужаложстве жанчынай. Ён казаў, што на нябёсах большая радасць ад аднаго чалавека, які навярнуўся, чым са ста справядлівых.

Усё гэта нагадвае аб тым, што Божая міласэрнасць не ведае межаў і Бог чакае грэшніка, каб яму дапамагчы вярнуцца ў Божы дом.

4. Распачынаючы Год Міласэрнасці, неабходна памятаць аб сакрамэнце пакаяння, у якім міласэрны Бог даруе нам нашы грахі, і аб любові да бліжняга ў штодзённым жыцці.

Падчас Года Міласэрнасці ў рымскіх базыліках св. Пятра, св. Паўла за мурамі, св. Яна на Латэране і Маці Божай Вялікай, у мінскай і магілёўскай катэдрах і ў будслаўскай святыні, якія з’яўляюцца юбілейнымі ў нашай архідыяцэзіі, а таксама ў юбілейных святынях іншых дыяцэзій кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст.

Спазнаўшы Божую міласэрнасць, нам неабходна дзяліцца ёю з іншымі. Гэта азначае быць міласэрнымі адносна іншых людзей, як міласэрны наш нябесны Айцец. Таму нам неабходна памятаць аб учынках міласэрнасці адносна душы і цела. Мы адказныя не толькі за сваё збаўленне, але і за збаўленне іншых. Так шмат людзей жыве ў стане граху, і нашым абавязкам з’яўляецца дапамагчы ім змяніць сваё жыццё.

Шмат людзей патрабуе нашай матэрыяльнай дапамогі або нават добрага слова, суцяшэння. Любоў да бліжняга павінна рэалізавацца ў канкрэтных справах. Для гэтага неабходна ў штодзённым жыцці, у парафіі, сям’і, грамадстве і г.д. быць міласэрнымі, каб ніхто не адчуваў сябе адзінокім, пакітутым, ігнараваным.

Юбілейны Год павінен нас змяніць, бо вакол шмат тых, якім мы вінны міласэрнасць. Можа, мы пытаемся: “А чаму я павінен дараваць таму, хто мне ўчыніў зло?” Адказ адзін: “Бо такі ёсць Бог. Ён з’яўляецца міласэрнасцю, якая большая за грэх”. Таму дарога хрысціяніна – гэта дарога міласэрнасці. Гэту праўду мы павінны адкрыць і ёю жыць падчас Года Міласэрнасці.

5. Сімвалічна, што Юбілей Міласэрнасці распачынаецца ў Адвэнт, калі святы Ян Хрысціцель звяртаецца да нас са сваім заклікам: “Рыхтуйце дарогу прыходзячаму Пану”. Езус прыходзіць, толькі неабходна Яго прыняць, неабходна адчыніць перад Ім дзверы сваіх сэрцаў. Аднак Езус – гэта не толькі Збаўца, але адначасова і ўвасабленне бязмежнай любві Бога да чалавека. Таму, дазваляючы Яму ўвайсці ў нашы сэрцы, мы дазваляем дзейнічаць Божай міласэрнасці ў іх.

У Адвэнт мы таксама праслаўляем Марыю. Яе згода з Божай воляй дазволіла рэалізавацца Божаму плану збаўлення, у якім праявілася бязмежная Божая міласэрнасць.

На парозе Юбілейнага Года, удзячныя Богу за Яго ласку, звяртаемся да Марыі – Маці міласэрнасці: “Вядзі нас да свайго Сына, каб мы ўпоўні спазналі ласку Божай міласэрнасці і дапамаглі іншым яе атрымаць, а патрабуючым далі новую надзею, каб ва ўсіх нас панавала радасць, якую абвяшчае сённяшняя Нядзеля Gaudete, – “Радуйцеся, бо Пан блізка”. Амэн.       

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі