Ляскоўка, 17 снежня 2015 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, супрацоўнікі Нацыянальнага і дыяцэзіяльных “Карытас” Беларусі!
1. З кожным днём мы набліжаемся да радасных і збаўчых святаў Божага Нараджэння. Пачаўся апошні перыяд Адвэнту, і імшальныя чытанні дзень за днём паслядоўна ўводзяць нас у праўду Богаўцелаўлення. Сённяшняе Евангелле з пакалення на пакаленне прадстаўляе радавод ці, як сёння модна гаварыць, генеалогію Хрыста як нашчадка караля Давіда.
Напэўна, не адзін з нас задае сабе пытанне: а навошта апостал Мацвей прадстаўляе нам генеалагічную лінію Езуса? У сучасным свеце з дня на дзень расце інтарэс да генеалагічнага дрэва таго ці іншага роду. Мы імкнёмся даведацца як мага больш пра сваіх продкаў, каб ведаць, кім былі тыя, ад каго мы паходзім. Такім чынам гісторыя нашых продкаў становіцца нашай гісторыяй, бо яны – гэта нашы карані.
Так было і ў часы Езуса. Ён меў сваіх зямных продкаў, хаця быў зачаты ад Святога Духа і прыйшоў у гэты свет не па волі зямных бацькоў, але па волі Бога Айца.
Сцвярджэнне, што Сын Божы прыйшоў у наш свет па волі нябеснага Айца, з’яўляецца вельмі важным. У ім заключаецца надзея і для нашых цяжкіх часоў секулярызму і ўсё ўзрастаючага непакою ў свеце. Бог па сваёй волі прыходзіць у яго. Ён ніколі не спіць, але заўсёды дзейнічае, нават калі здаецца, што не засталося ніякай надзеі. Пры гэтым Ён часта прыходзіць да нас неспадзявана, падобна таму, як у пакоры прыйшоў у Бэтлееме. 2. Адзін мультыміліянер, пачуўшы размову пра малітву, сказаў, што яна яму не патрабуецца, бо ўсё, што мае, ён зарабіў сваёй працай і ніколі не прасіў Бога аб дапамозе. Тады адзін са слухачоў сказаў яму, што ён павінен маліцца аб цноце пакоры.
Сапраўды, мы павінны маліцца аб пакоры, асабліва ў наш час, калі людзі толькі і думаюць, як заняць лепшае месца на п’едэстале сучаснага свету. Мы павінны ведаць і памятаць, што пакора – гэта не самапрыніжэнне, але прабыванне ў праўдзе пра сябе і прызнанне ўласных недасканаласцяў. Гэтая вельмі важная для хрысціяніна цнота, на жаль, усё цяжэй успрымаецца ў сучасным свеце. Пакора ні ў якім разе не з’яўляецца слабасцю. Наадварот, напрыклад, прызнанне сваіх памылак – гэта адзнака сілы і адвагі. Ціхі і пакорны сэрцам Езус з’яўляецца Валадаром свету.
3. На авансцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрыcціцель. За ім ішлі натоўпы людзей. Многія лічылі яго чаканым Месіяй. А ён адказаў, што за ім ідзе мацнейшы за яго, якому ён не можа нават развязаць рамні на абутку. Святы Ян Хрысціцель таксама казаў, што ён павінен памяншацца, а Езус узрастаць. У гэтым знаку пакоры крыецца веліч адвэнтавага прарка.
Ёсць прыгожы аповед пра аднаго вельмі богабаязнага чалавека, які ніколі не асуджаў іншага. Ён заўсёды з міласэрнасцю і надзеяй глядзеў наперад, любіў кожнага чалавека і кожнаму дараваў яго правіны.
Аднойчы анёл сказаў яму: “Я пасланы да цябе Богам. Прасі, што хочаш, і я зраблю. Хочаш, я дам табе дар аздараўлення ад розных хваробаў?” “Не, – адказаў чалавек. – Няхай гэтым займаюцца лекары”. – “Можа, ты хочаш навяртаць грэшнікаў?” – “Не, – адказаў чалавек. – Гэта праца святароў”. – “Ці не хочаш ты быць такім, каб усе людзі стараліся быць падобнымі да цябе?” – “Не, – ізноў адказаў той чалавек, – бо тады я буду ў цэнтры зацікаўленасці іншых асобаў”.
“Дык чаго ж ты хочаш?” – спытаў анёл. Чалавек адказаў: “Няхай праз мяне і адначасова без майго ўдзелу чыніцца дабро. Гэта азначае, што нават праз мой цень будуць адбывацца надзвычайныя справы. Будуць аздараўляцца хворыя, зямля стане пладароднай, сумныя – радаснымі і г.д.” І так сталася. Але людзі, якія спазнавалі розныя ласкі, калі цень гэтага чалавека падаў на іх, хутка забыліся пра яго. Такім чынам, пажаданне гэтага чалавека было выканана. Ён не хацеў быць вядомым іншым і слаўным у вачах гэтага свету, але сваёй пакорай стаўся вялікім у вачах Бога, бо дзякуючы яму адбываліся цудоўныя справы.
4. Гэты аповед вельмі добра пасуе да служэння міласэрнасці. Мы павінны бескарысна служыць людзям і не шукаць з гэтага пахвалы і славы сабе. Павінны быць як цень таго святога чалавека. Мы павінны паўтараць словы псальміста: “Не нам, не нам, але імені Твайму няхай будзе хвала”.
Некалькі дзён таму мы распачалі Юбілейны Год Міласэрнасці. Яго галоўная мэта – лепш пазнаць міласэрнага Бога, спазнаць Яго міласэрнасць і быць яе носьбітамі ў сучасным свеце, поўным несправядлівасці, гвалту, матэрыяльнай і духоўнай бяды.
Божая міласэрнасць бязмежная, і мы, асабліва супрацоўнікі дабрачыннага таварыства “Карытас”, павінны быць такімі ж.
Паэты называюць цуд Бэтлеемскай ночы пацалункам Бога з зямлёй. Бог не мае ні рук, ні ног. Мы павінны быць імі, каб Ён мог дзейнічаць праз нас. Няхай жа дзякуючы вашаму ахвярнаму служэнню як мага больш людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, адчуюць гэты пацалунак Бога і спазнаюць Яго міласэрнасць. А для гэтага неабходна, каб яны найперш убачылі ў нашых вачах позірк міласэрнасці.
5. Узгадваючы пра сённяшняе Евангелле аб радаслоўі Хрыста, мы з гонарам павінны сказаць, што таксама маем сваю генеалогію, сваё радаслоўе. “Карытас” дзейнічае ў Беларусі ўжо больш за 25 гадоў. Змяняліся ўмовы служэння і магчымасці, але служэнне заставалася. І толькі адзін Бог ведае, колькі людзей атрымала духоўную і матэрыяльную дапамогу, дзякуючы якой Хрыстус сваёй ласкай нарадзіўся ў іх сэрцах.
Святы Айцец Францішак заклікае ўсіх хрысціян і асабліва дабрачынныя арганізацыі, каб у Юбілейны Год Божай Міласэрнасці яны памяталі аб патрабуючых, аб тых, якія пакрыўджаны, знаходзяцца на перыферыі жыцця і патрабуюць дапамогі, каб аказаць ім міласэрнасць і дапамагчы. Мы павінны быць носьбітамі Божай міласэрнасці, каб такім чынам яны знайшлі страчаную надзею на новае жыццё. Няхай гэты заклік Папа Францішка будзе ўсім нам новым імператывам на Год Міласэрнасці, які распачаўся.
6. Евангелле не толькі прадстаўляе радаслоўе Хрыста, але таксама дае адказ на шэраг пытанняў адносна Яго. Адкуль Ён прыйшоў? Для чаго Ён прыйшоў? Кім Ён з’яўляецца ў адносінах да Бога і чалавека? Прадстаўляючы ўсё генеалагічнае дрэва Езуса Хрыста, Евангелле вельмі прыгожа адказвае на ўсе гэтыя пытанні адным, але вельмі важным і сутнасным словам: „Эмануэль” – “Бог з намі”. Няхай жа праз служэнне міласэрнасці людзі спазнаюць праўду аб тым, што Бог сапраўды з усімі намі. Амэн.
|