Мінскі архікатэдральны касцёл, 19 снежня 2015 г.
Глыбокапаважаныя браты i сёстры, дарагiя дзецi!
1. Толькi што мы сталi сведкамi прыбыцця Бэтлеемскага агню ў мiнскую катэдру. Штогод гэты агонь бярэцца з грота Нараджэння Пана ў Бэтлееме, дзе ўвесь час гарыць вечны агонь. Потым скаўты нясуць яго ў сталiцу Аўстрыi Вену. Далей праз Славакiю i Польшчу ён трапляе ў Беларусь.
Вельмi сiмвалiчна тое, што Бэтлеемскі агонь прыбывае да нас практычна перад святамі Божага Нараджэння. Езус прыйшоў у наш свет як святло. Ён асвятлiў свет, які знаходзіўся ў цемры з часоў Адама i Евы. Мы не любiм цемру i радуемся, калi завяршаецца ноч i надыходзіць дзень. Таксама радуюцца людзi з Нараджэння Езуса Хрыста, якi ўносiць у цемру нашага жыцця святло свайго Евангелля.
Дзякуючы Бэтлеемскаму агню, мы як быццам дакранаемся да таго святога месца, дзе нарадзiўся Збаўца i дзе засвяцiла Яго святло, як нiколi не заходзячае сонца. Дзякуючы прыбыццю Бэтлеемскага агню месца нараджэння Збаўцы як быццам наблiжаецца да нас i гэтым самым заахвочвае да яшчэ больш iнтэнсiўнай падрыхтоўкi да святаў Божага Нараджэння.
На фiнальным этапе падрыхтоўкi да іх i ў святочны час нам будзе спадарожнiчаць Бэтлеемскае Святло, якiм мы хочам дзялiцца памiж сабой i гэтым самым даць бачнае сведчанне адзiнства ў Езусе Хрысце і імкненню да міру і супакою як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце.
2. Святая Імша, у якой мы прымаем удзел, з’яўляецца раратняй Імшой для дзяцей. У Адвэнт мы асаблiвым чынам праслаўляем Марыю, бо дзякуючы Яе згодзе з Божай воляй завяршыўся першы гiстарычны Адвэнт.
Марыя вядзе нас у Бэтлеем, каб мы маглi стаць сведкамi нараджэння Езуса Хрыста i каб Ён сваёй ласкай нарадзiўся ў нашых сэрцах. Менавіта для гэтага ў касцёлах падчас Раратаў запальваецца раратняя свечка, якая сімвалізуе Марыю, каб мы ў сваім жыцці бралі з Яе прыклад і следавалі за Ёй.
3. Сённяшняе Евангелле распавядае пра звеставанне анёла Захарыi аб тым, што ў яго сям’i народзiцца святы Ян Хрысцiцель, задачай якога было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. Захарыя не мог паверыць у гэта, бо i ён i ягоная жонка, святая Альжбета, былi старыя. Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што для Яго няма немагчымых рэчаў.
Сёння Бог таксама прамаўляе да нас. Ён прамаўляе праз знакi часу, прамаўляе і праз гэты Бэтлеемскi агонь. Услухаемся ў Яго голас i зробiм так, як Ён жадае, бо тады Ён народзiцца ў нашых сэрцах, як калiсьцi нарадзiўся ў Бэтлееме.
4. Дэвіз сёлетняй пілігрымкі Бэтлеемскага агню – “Заўваж чалавека”. Калі цёмна, то мы нічога не бачым. Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам евангельскага святла, якім Хрыстус нас асвятляе. І ў гэтым святле мы павінны бачыць чалавека, кожнага з яго патрэбамі. Аб гэтым асабліва важна памятаць у Год Міласэрнасці, які распачаўся, калі мы павінны заўважаць патрэбы іншых людзей і ім дапамагаць.
5. Свята Божага Нараджэння – гэта свята для ўсiх, але асаблiва для дзяцей. Сёння апошнiя Рараты для iх. У Адвэнт дзецi з радасцю прыходзiлi ў касцёл з лампадкамi. А сёння яны пойдуць дадому са Святлом з Бэтлеема. Гэта вельмi сiмвалiчна, бо ў iх дамах будзе Святло з месца Нараджэння Збаўцы.
Свята Божага Нараджэння – свята сямейнае, i бацькi павiнны ўчынiць усё магчымае, каб iх дзецi былi шчаслiвымi. Што для гэтага патрэбна? Падарункі? Напэўна, так, і дзеці іх чакаюць. Але гэта яшчэ далёка недастаткова для поўнага шчасця.
Адзiн аповед распавядае пра тое, як у маладой сям’i нарадзiлася першае дзiця, якое вельмi моцна плакала. Маладыя бацькi не ведалi, як яго супакоiць. Яны чыталi розныя парады са шматлікіх кнiг, але нiчога не дапамагала. I вось да iх прыйшла бабуля гэтага дзiцяцi. Паглядзеўшы на сiтуацыю, яна сказала: “Пакладзіце кнiгi i вазьміце дзiця на рукi”, – і дзіця сапраўды супакоілася.
Дарагія бацькi, у Адвэнт вы прыводзiлi сваiх дзяцей на Рараты. Гэтым самым вы як быццам бралі іх на рукі, вялі да Бога. Не забывайцеся і далей браць iх на рукi, гэта азначае клапацiцца пра iх заўсёды, клапаціцца пра іх духоўнае выхаванне, каб весцi ў Бэтлеем XXI стагоддзя, каб у iх душах сваёй ласкай нараджаўся Езус. Амэн.
|