Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 20 снежня 2015 г. Дзе Немаўлятка Езус?
Аднаві нас, Пане, і дай нам збаўленне
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн реэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы вельмі добра перадае нашы пачуцці і думкі, калі з кожным днём мы набліжаемся да святаў Божага Нараджэння. І гэта натуральна. Калі мы чакаем славутага госця, то чым бліжэй гэтая сустрэча, тым большая туга па ім. Мы яго чакаем і не можам дачакацца, кожную хвіліну нервова пазіраем на гадзіннік і кажам сабе: “Ну калі ж ён прыйдзе?”
Падобна і з чаканнем Езуса. Аднак вельмі часта, асабліва ў сучаснай секулярнай культуры, рэлігійны змест святаў замяняецца бездухоўнай свецкай практыкай. Так, напрыклад, на мінулым тыдні я атрымаў запрашэнне Пасольства Швецыі на нацыянальнае зімовае свята Люцыі. Cапраўды, 13 снежня Каталіцкі Касцёл успамінае святую Люцыю. Аднак у запрашэнні ні слова пра гэтую святую. Яе імя выкарыстоўваецца як рэклама свецкага свята. Падобна і многія іншыя пасольствы заходніх краін дасылаюць віншаванні не з Божым Нараджэннем, але так званыя сезонныя віншаванні, “Season’s greetings”. Такім чынам, рэлігійныя сімвалы падмяняюцца бездухоўнымі.
Калі да гэтага дададзім перадсвяточны шопінг, планаванне, куды пайсці на святы і каго запрасіць да сябе, якія блюды прыгатаваць, дзе купіць ёлку, як яе ўпрыгожыць і г.д., то ў такой перадсвяточнай мітусні лёгка можна страціць сапраўднае значэнне святаў. Ніхто не кажа, што такая падрыхтоўка непатрэбна, але калі яна становіцца дамінуючай, то мы лёгка можам размінуцца з сапраўдным сэнсам надыходзячага свята Божага Нараджэння.
2. У сённяшнім Евангеллі Марыя, як першая асоба, якая спазнала нараджэнне Збаўцы, вучыць нас аб вопыце прыняцця Хрыста. Пасля Звеставання, калі ў Яе ўлонні ўжо быў будучы Збаўца, Яна стала не толькі Яго рэцыпіенткай, але і носьбіткай.
Прысутнасць Езуса ва ўлонні Марыі стала прычынай радасці Альжбеты, якую Яна адведала. Больш за тое, Альжбета пад натхненнем Святога Духа стала прарочыцай. Яна назвала Марыю Маці Збаўцы і дадала, што ўзрушылася дзіцятка ў яе ўлонні. Айцы Касцёла гэты факт інтэрпрэтуюць як вызваленне будучага святога Яна Хрысціцеля ад першароднага граху. Якая благаслаўлёная сустрэча двух благаслаўлёных – Марыі і святога Яна Хрысціцеля!
3. Евангельская гісторыя адведзінаў Марыяй святой Альжбеты заклікае нас да разважання аб прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Доўгія чэргі да споведзі, калі мы ачышчаем нашыя душы ад граху, і Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які распачаўся, з’яўляюцца не чым іншым, як упрыгожваннем нашых душаў да святаў Раства Хрыстовага.
Мы можам упрыгожваць нашыя дамы ёлкамі і каляровымі гірляндамі, аднак нам трэба ўпрыгожыць сябе ласкай адпушчэння грахоў, якую атрымліваем дзякуючы Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, калі мы разрываем з грахом, каб спазнаць у сабе прысутнасць Езуса.
Калі гэтага няма, то Божае Нараджэнне найчасцей ператвараецца ў застолле. Паступаючы такім чынам, мы спрыяем таму, каб секулярныя тэндэнцыі ператварылі свята Божага Нараджэння ў свецкае зімовае свята, якое часта называюць Christmas holiday – Ражджэственскія канікулы, але без Хрыста.
4. Адна мама распавяла наступную прыгожую гісторыю. Яна выкарыстоўвала маленькія яслі, каб вучыць свайго малога сына аб нараджэнні Езуса ў Бэтлееме. Потым яны пайшлі ў вялікі магазін на перадсвяточныя закупкі. Там было шмат забавак, так што ў хлопчыка разбягаліся вочы. Аднак у пэўны момант ён спытаў маму: “А дзе Немаўлятка Езус?” Усе здзівіліся яго пытанню.
Гэты малы хлопчык нявольна паўтарыў галоўную думку святаў Божага Нараджэння, а менавіта тое, што яны самым цесным чынам звязаны з Езусам. Таму можна сказаць, што цэнтрам гэтага сезоннага свята, выкарыстоўваючы сучасную свецкую тэрміналогію, павінен быць Езус, а не чыста зямныя справы. Вельмі прыгожа гэтая думка гучыць на англійскай мове: “Jesus Christ is the reason for the season”.
5. Таму літургія IV Нядзелі Адвэнту прыгадвае нам, што калі мы перад святам Божага Нараджэння наводзім парадак у нашых дамах і іх упрыгожваем, то ў гэтым працэсе мы павінны пакінуць месца для Немаўляткі Езуса. Мы павінны дзейнічаць па прыкладу Марыі. Яе сустрэча з Альжбетай прынесла ў яе дом Езуса і Ягоную ласку. Падобна і нашы перадсвяточныя і святочныя сустрэчы павінны быць накіраваны на нараджэнне Езуса Ягонай ласкай у нашых сэрцах і сэрцах тых, з кім мы сустракаемся. Калі мы будзем так рыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, то не размінёмся з Хрыстом, які прыходзіць.
Перад святой Імшой у Чырвоны касцёл прыбыў Бэтлеемскі агонь, які з’яўляецца сімвалам узыйшоўшага XX стагоддзяў таму і ніколі не заходзячага сонца – Езуса Хрыста. Мы возьмем гэты агонь у свае дамы, каб нагадваў аб той гістарычнай падзеі, якая змяніла гісторыю свету, - Нараджэнні Хрыста ў Бэтлееме.
Пасля святой Імшы адбудзецца аплатковая сустрэча з дзецьмі з місіі Св. Уршулі Ледухоўскай. Увесь Адвэнт дзеці хадзілі на раратнія святыя Імшы з лампадамі. Сёння яны і дарослыя возьмуць Бэтлеемскі агонь, каб занесці дадому. Няхай яго святло дапамагае нам яднацца з Бэтлеемам і духоўна рыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, каб у нашых сэрцах засвяціла святло Збаўцы і ніколі не гасла. Амэн.
|