Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы 22 снежня 2015 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. З кожным днём мы набліжаемся да святаў Божага Нараджэння, і кожны з нас вельмі моцна заняты як непасрэднай падрыхтоўкай нашых касцёлаў і капліц, ясляў, магчыма, аплаткавай сустрэчы з вернікамі, але таксама і духоўнай падрыхтоўкай саміх сябе і вернікаў праз рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, споведзь, справы дабрачыннасці і г.д.

2. Сённяшнія чытанні прадстаўляюць нам дзвюх радасных жанчын. Першае прадстаўляе Ганну – маці прарока Самуэля, а другое – Марыю, якая пад сваім сэрцам насіла Збаўцу Езуса Хрыста.

У гісторыі Ізраэля мы знойдзем шмат прыкладаў, як сярод бедных і пакорных Бог выбіраў мужчын і жанчын, каб яны кіравалі Выбраным Народам і адыгрывалі вялікую ролю ў збаўленні чалавецтва. Такім быў Самуэль, аб якім нагадвае сённяшняе першае чытанне. Такім быў святы Ян Хрысціцель – адвэнтавы пратаганіст. Такой была Марыя, з якой нарадзіўся Збаўца.

3. У сённяшніх чытаннях Ганна і Марыя праслаўляюць Бога за тое, што вялікія рэчы ім учыніў. Ганна нарадзіла Самуэля, а Марыя – Езуса Хрыста, усімі чаканага Збаўцу свету. Ганна прасіла Бога аб ласцы дзіцяці, і Ён яе выслухаў. Яе радасць выліваецца ў песні праслаўлення Бога, якая сугучная з гімнам “Магніфікат”, што праспявала Марыя падчас адведзінаў дома Захарыі і Альжбеты, якія таксама чакалі нараджэння святога Яна Хрысціцеля, чыім заданнем было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану.

У сваім гімне “Магніфікат” Марыя дзякуе Богу за тое, што Ён чыніць пакорным і тым, хто верыць у Яго. Менавіта таму гэты гімн з’яўляецца найбольш рэвалюцыйным дакументам у свеце. Бо сапраўды, хто можа сказаць, што шчаслівыя пакорныя сэрцам, калі ў наш час усе толькі і мараць аб славе? Колькі каментараў, напрыклад, пра “Міс сусвету” ці пра артыстаў, палітыкаў і г. д! Выглядае так, быццам у свеце німа нічога больш важнага, чым можна было б захапляцца, нават блізкім святам Раства Хрыстовага.

Словы гімна “Магніфікат” аб тым, што Бог рассеяў пыхлівых сэрцам, магутных скінуў з трону і багатых ні з чым адправіў, не трэба разумець так, што Ён заўсёды карае такіх людзей. Бог не дыскрымінуе нікога, тым больш калі бярэцца пад увагу паходжанне чалавека і яго сацыяльны статус. Перад Богам усе роўныя. Ён аднолькава любіць усіх і аднолькава адорвае сваімі ласкамі тых, хто верны Яму. Таму праблема не ў сацыяльным стане, але ў маральным жыцці чалавека і яго згодзе з Божай воляй.

4. Аб гэтым вучаць нас сённяшнія чытанні: што Бог міласцівы да тых, хто праслаўляе Яго і застаецца верны Яму, а не зацыкліваецца толькі на сабе, на сваіх прыватных справах, па-за якімі не бачыць нікога і нічога, у тым ліку і Бога. Менавіта аб гэтым нагадвае Марыя, і ўжо 20 стагоддзяў пакаленні за пакаленнямі паўтараюць гэтыя Яе словы.

Адна гісторыя расправядае, як нейкі час таму назад тагачасны чэмпіён свету па боксе ў цяжкай вагавай катэгорыі Мухамад Алі ляцеў у самалёце. Падчас лёту здарылася турбуленцыя, і самалёт пачало кідаць уніз-уверх і ўправа-ўлева. Хто лётае ў самалётах, той добра ведае, як гэта непрыемна і таксама небяспечна. У такіх выпадках пілоты кажуць зашчапіць рамяні бяспекі, што таксама мае на ўвазе, што трэба маліцца. Мухамад Алі не выказваўся вялікай пакорай і не зашчапіў рамяня бяспекі. Тады сцюардэса сказала яму, што ён павінен выканаць загад пілота. На што Алі адказаў, што супермэн не мае патрэбы ў рамянях бяспекі. На гэта сцюардэса яму сказала, што, можа, супермэн не мае патрэбы і ў самалёце.

5. У сучасным свеце вельмі цяжка заставацца верным Богу і пакорным, бо мы часта больш давяраем сабе, чым Яму. Мы разлічваем на сябе, на свае сілы, на дасягненні навукі і г. д. Тэндэнцыя сучаснага свету такая, што мы больш ідзем за пажаданнямі нашага сэрца, а не Бога. Спакусы д’ябла ніколі не скончацца, і ён ніколі не перастане імкнуцца схапіць нас у сваіх пастках.

Гэта адносіцца як да свецкіх людзей, так і да нас – святароў і кансэкраваных асобаў. Таму надыходзячыя святы Божага Нараджэння з’яўляюцца для ўсіх нас вялікім выклікам і нагодай разарваць з грэшным спосабам мыслення і пажадання і адначасова аднавіць нашу веру ў Бога, які прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека.

6. Усё гэта вельмі важна ў перспектыве Года Міласэрнасці, які распачаўся. Падчас яго нам, святарам, як міністрам Божай міласэрнасці, найперш неабходна самім яе спазнаць, каб эфектыўна распараджацца ёю на карысць іншых людзей. Божае благаслаўленне, аб якім спявае Марыя, дадзена ўсім, і нашым, святароў і кансэкраваных асобаў, заданнем ёсць дапамагчы давераным нашай пастырскай апецы людзям яго спазнаць. Гэта заўсёды актуальны і заўсёды новы выклік для нас. Нашы вернікі ў нашых вачах павінны перадусім бачыць міласэрнасць, а не асуджэнне. Касцёл ніколі не асуджае чалавека, але асуджае зло.  

Адзін чалавек распавёў наступную гісторыю. Ён пайшоў у магазін за перад святочнымі пакупками. На ўваходзе ён сутыкнуўся з абвешанай мноствам падарункаў жанчынай. Іх было так многа, што жанчына нічога не бачыла на сваім шляху, сутыкнуўшыся з ім, яе пакункі рассыпаліся па зямлі. Чалавек стаў дапамагаць ёй іх сабраць. У той час яна сама сабе казала, што не любіць Раства Хрыстовага, бо яно ўсё пераварочвае з ног на галаву.

Сапраўды, Уцелаўленне Сына Божага ўсё перавярнула існуючы парадак з ног на галаву. У цэнтры Божага Нараджэння знаходзіцца Немаўлятка Езус. Калі ў сям’і нараджаецца дзіця, то яно ўсё пераварочвае з ног на галаву, змяняе ўсё.

Таму сёння, калі ўжо праз два дні мы будзем адзначаць святы Божага Нараджэння, спытайма ў сябе: Ці Божае Нараджэнне змяняе нас? Кім мы з'яўляемся? Суддзямі ці носьбітамі Божай міласэрнасці? Праз паслугу Касцёла міласэрны Хрыстус прыходзіць да нас. Ці мы гатовы да спаткання з Ім і ці дапамагаем іншым, каб яны Яго спаткалі?

Таму даверым сябе Богу, з Яго дапамогай зменім наша жыццё на згоднае з Божай воляй і нашым пакліканнем, каб праз наша служэнне Хрыстус сваёй ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах і ў сэрцах давераных нашай пастырскай апецы людзей. Амэн.

Адноўлена 22.12.2015 14:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі