Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята Святой Сям’і

Мінск, парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, 27 снежня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Найперш дазвольце вас павінашаваць з двайным святам. Першае – гэта свята Божага Нараджэння, якое мы ўсе адзначаем. Другое – гэта парафіяльнае свята св. Яна Евангеліста. Сын Божы прыйшоў у гэты свет, каб нас збавіць, таму Божае Нараджэнне стала зваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. З прышэсцем Хрыста ў свет ён змяніўся, у яго замест закону помсты ўвайшоў закон любові, і любові аж да крыжовай смерці для збаўлення чалавецтва. Наш нябесны апякун, святы Ян Евангеліст, якраз і з’яўляецца тым, хто ў напісаным ім Евангеллі і пасланнях на першае месца ставіць любоў Бога да чалавека і Бога называе любоўю.

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння і парафіяльным святам св. Яна Евангеліста. Жадаю паўнаты ласкі Немаўляткі Езуса, Яго супакою, радасці і любові да Бога і бліжняга, а таксама шчаслівага Новага года, які ўжо не за гарамі.

Паводле ўсходняга календара, новы год будзе годам вогненнай малпы. Вядома, што малпа непрадказальная ў сваіх паводзінах, аднак яна паслядоўна імкнецца да вызначанай мэты і ведае, чаго хоча. Таксама і мы павінны ведаць, чаго хочам, і ўсімі сіламі імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты з тым, што гэтая мэта і шлях да яе павінны адпавядаць Божай волі.

Няхай тады ў перыяд Божага Нараджэння і ў новым годзе вам спадарожнічае агонь Святога Духа і любоў да Бога і бліжняга. А новы перыяд вашага жыцця, які распачаўся ў Юбілейны Год Міласэрнасці, няхай стане перыядам спазнання бязмежнай Божай міласэрнасці і дзялення ёю з іншымі.   

2. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Гэта не выпадкова, што ў першую нядзелю пасля Божага Нараджэння мы адзначаем гэтае свята. Езус прыйшоў у гэты свет у сям’і, і мы таксама нараджаемся ў сям’і. Сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай і падмуркам кожнага грамадства. Вядома, што калі фундамент слабы, то і будынак доўга не прастаіць. Таму ў інтарэсах кожнага грамадства клапаціцца пра сям’ю. Касцёл, які стаіць на варце маральнага парадку і сацыяльнай справядлівасці, у якасці адной са сваіх галоўных задач бачыць клопат аб сям’і.

Усім вядома, што сучасная сям’я перажывае не бачны дасюль крызіс. Нездарма ў 2014 і 2015 гг. у Ватыкане адбыліся два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і. Касцёл не праходзіць міма і не абыякавы да праблем сям’і і стараецца іх вырашыць з захаваннем Божага права.

3. Сёння Касцёл звяртае нашу ўвагу на Святую Сям’ю і ставіць яе ў прыклад сучасным сем’ям. Евангелле распавядае нам аб тым, што Марыя і Юзаф былі аўтарытэтам для Езуса, хаця, як вядома, Яго Бацькам быў Нябесны Айцец. У Святым Пісанні мы чытаем таксама, што Юзаф настолькі клапаціўся аб Езусе, што нават уначы ўстаў і пайшоў з Ім і Марыяй у Егіпет, каб абараніць народжанае ў Бэтлееме Немаўлятка ад мяча Ірада. Мы таксама ведаем, што Марыя клапацілася аб сваім сыне, які адначасова быў Сынам Божым. Яна была пры Ім заўсёды, нават у хвіліну Яго смерці на дрэве крыжа. Усё гэта нагадвае аб тым, што гэтая сям’я сапраўды было святой, якіх так патрабуе сучасны свет.  

4. А што мы можам сказаць аб нашых сем’ях? Ці з’яўляюцца яны месцам першага выхавання маладога пакалення, хатнім Касцёлам, дзе штодзённа бацькі і дзеці разам моляцца, кожную нядзелю бяруць удзел у святой Імшы, з любоўю адносяцца адзін да аднаго і дапамагаюць адзін аднаму? Напэўна, цяжка даць станоўчы адказ на гэтыя і падобныя пытанні.

Ці не адлюстроўвае наступнае шчырае прызнанне аднаго маладога чалавека сітуацыю ў нашых сем’ях? Паслухаем.

Ён піша: Калі я быў малы, то мама павінна была чытаць мне казкі, але яна заўсёды знаходзіла сабе іншы занятак і не мела часу. Я заставаўся адзін або з камп’ютарам. Мама была задаволена, што я не плакаў, а я жыў, не адчуваючы любові, ласкі і чуласці мамы.

Калі я быў малы, то мой тата павінен быў часцей знаходзіцца са мной, але ён аддаваў перавагу тэлевізару і футболу.

Калі я быў малы, то мае дзядуля і бабуля з-за таго, што не было каму глядзець за іх малым сабачкам і выгульваць яго, рэдка або зусім не адведвалі мяне, нават на Божае Нараджэнне. На вуліцы было холадна, і ў маёй душы таксама, бо я быў пакінуты ўсімі.

Калі я вырас і вырашыў заснаваць сваю сям’ю, то хацеў пабыць разам з мамай і татам і сказаць ім, што іх вельмі моцна люблю. Але мама паспяшыла ў магазін, а бацька з сябрамі пайшоў на паляванне. У іх ізноў не было часу на мяне.

У поўны мітусні свет прыходзіць Езус і заклікае нас спазнаць Яго прысутнасць. А мы спазнаем Яго тады, калі будзем звяртаць увагу на вечныя і духоўныя справы як у нашым асабістым жыцці, так і ў жыцці сям’і, якая з’яўляецца галоўным рухавіком у дасягненні святасці і выхаванні маладога пакалення да самастойнага жыцця паводле прынцыпаў хрысціянства. Таму яны павінны быць святымі, у іх жыцці заўсёды павінен быць прысутны Бог, яны павінны бачыць Бога ў іншых, асабліва ў хворых і церпячых.

5. Як сям’я можа быць святой?

Найперш прысутнасцю Бога ў жыцці ўсіх яе членаў. Гэта дасягаецца праз малітву асабістую і супольную ўсёй сям’і. На жаль, гэтая практыка зараз знікае, і яе неабходна адрадзіць, калі хочам мець духоўна здаровыя сем’і. Маладыя людзі, які збіраюцца заснаваць свае сем’і, павінны таксама практыкаваць дух малітвы. Хрыстус кажа выразна, што без Яго нічога не зможам зрабіць. Не дастаткова толькі слепа захлынуцца першым каханнем, якое можа хутка мінуць. Неабходна сур’ёзная, найперш духоўная падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства, каб яно было трывалым.

Сённяшняе Евангелле распавядае аб тым, што Езус, Марыя і Юзаф штогод наведвалі Ерузалемскую святыню. Марыя з Юзафам знайшлі Езуса ў святыні. А дзе сёння бацькі шукаюць сваіх дзяцей? У касцёле ці ў падваротні, дзе яны п’юць піва з сябрамі і, можа, кураць траўку?

Далей, сям’я павінна клапаціцца пра тое, каб Езус сваёй ласкай прабываў у ёй і ў яе доме. Сёння найбольшы ўплыў на жыццё чалавека і на выхаванне моладзі маюць сродкі масавай камунікацыі, тэлебачанне, радыё і інтэрнэт. На жаль, усё большая колькасць іх праграм прысвячаецца не духоўным справам, а свецкім і нават амаральным.

Замест святых абразоў на сценах нашых дамоў фатаграфіі славутых артыстаў, спартсменаў, палітыкаў і г.д., якія далёка не заўсёды жывуць згодна з маральнымі нормамі. Гэта новыя багі, якім мы, асабліва моладзь, пакланяемся. Але яны не вечныя, яны знікаюць і не дапамогуць у вырашэнні нашых праблем.

Пры гэтым такая практыка лічыцца паступовай і сучаснай. Вынікі бачны няўзброеным вокам.   

І нарэшце, у сям’і мы павінны выхоўвацца да таго, каб у іншых, асабліва ў хворых, бедных і патрабуючых, бачыць Хрыста і імкнуцца дапамагчы ім. Так рабіў Езус і так мы павінны рабіць.

6. Шлях да дасканаласці нялёгкі, але мы не адны. Не адны і нашы сем’і. Касцёл сёння нас заклікае карміцца хлебам малітвы, Божага слова і Эўхарыстыі, каб Езус быў сярод нас і нараджаўся сваёй ласкай у нашых душах. Мы павінны чуваць, каб зло не пранікала ў нашы сем’і, каб сужэнцы захавалі вернасць адно аднаму, а дзеці не паддаваліся ўплывам секулярных тэндэнцый. Мы таксама павінны бачыць Езуса ў іншых людзях і дапамагаць у выпадку патрэбы. Мы створаны па вобразу і падабенству Бога, але іншыя таксама з’яўляюцца Яго вобразам.  

Няхай жа Святая Сям’я і апякун вашай парафіі святы Ян Евангеліст выпрошваюць у Бога адпаведныя ласкі ўсім нам, асабліва нашым сем’ям, каб яны былі радасцю і надзеяй сучаснага свету і нашай краіны. Амэн.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі