Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы для святароў Мінска |
Гамілія падчас св. Імшы для святароў Мінска. Чырвоны касцёл, 29 снежня 2015 г. Глыбокапаважаныя святары, дарагія вернікі! 1.Сёння, у пяты дзень актавы Божага Нараджэння Касцёл успамінае св. Томаса Бэкета, біскупа і мучаніка. Ён нарадзіўся ў Лондане ў 1118 г. Пасля завяршэння вучобы ў Парыжы, кароль Генрых у 1155 г. прызначыў яго сваім канцлерам. У 1161 г. ён стаў біскупам Кэнтэрбэры і мужна бараніў Касцёл ад уплываў караля, які імкнуўся падпарадкаваць яго сабе. За гэта ён паплаціўся жыццём, бо 29 снежня 1170 г. быў забіты ў катэдры падчас цэлебрацыі Нешпараў. Папа Аляксандар III ў 1173 г. яго кананізаваў, а кароль Генрых II пры яго магіле адбыў публічную пакуту. У часы караля Генрыха VIII, яго магіла была знішчана. Св. Томас Бэкет з’яўляецца апекуном Англіі і духоўных асобаў. Можа не выпадкова Божы Провід учыніў, што менавіта сёння святары Мінска збіраюцца на стаўшаю ўжо традыцыйнай аплатковую сустрэчу, каб прадстаўніцтвам святога сённяшняга дня прасіць Божага благаслаўлення на далейшае служэнне людзям. 2.Сёння Касцёл таксама ўспамінае караля Давіда, нашчадкам якога ёсць Езус Хрыстус. У гэты час Божага Нараджэння мы разважаем аб тым, як прароцтва Давіда больш ніж 2000 гадоў таму ажыццявілася ў сваёй поўні ў Бэтлееме. Аб гэтым нам вельмі добра нагадвае сённяшняе Евангелле, якое распавядае пра ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні. Яно нам кажа, што па прашэсці 40 дзён ад нараджэння Езуса, Марыя з Юзафам згодна з законам Масіея прынеслі Яго ў святыню, каб ахвяраваць Богу. Такім чынам сённяшняе Евангелле абвяшчае нам аб тым, што старое прароцтва завяршылася і распачынаецца новае. Той, каго абвяшчаў кароль Давід у сваіх псальмах, нарэшце ўвайшоў у святыню Бога. Чалавецтва, вобразам якога ёсць старац Сімяон, ўбачыла Бога ў Езусе. Сімяон, які чакаў спаўнення прароцтва з радасцю усклікае: «Цяпер, Валадар сусвету, можаш адпусціць свайго слугу, бо мае вочы ўбачылі збаўленне свету, якое Ты падрыхтаваў усім народам». 3. Дарагія святары! Завяршыўся час Адвэнту, калі мы самі і давераныя нашай пастырскай апецы вернікі, рыхтаваліся на прыйсце Хрыста ў нашыя душы сваёй ласкай. Аднак з завяршэннем Адвэнту не павінны завяршыцца нашыя змаганні жыць Божай ласкай. Кожны з нас моцаю хросту стаў святыняй Святога Духа. Моцаю сакрамэнту святарства мы сталі распарадчыкамі Божай ласкі. Дзякуючы нашай паслузе Хрыстус прыходзіць у душы людзей. У сакрамэнце хросту яны ўключаюцца ў Хрыста, становяцца Ягонымі і таксама становяцца святынямі Святога Духа. У сакрамэнце пакаяння мы самі дасвядчаем цуду бязмежнай Божай міласэрнасці і даем іншым магчымасць яго дасведчыць. У сакрамэнце Эўхарыстыі Езус корміць нас сваім Целам. Мы бачым, што дзякуючы паслузе святара цуд Бэтлеемскай ночы працягваецца. Гэта Божы дар для нас і адначасова заданне, якое стаіць перад намі і аб якім мы ніколі не павінны забывацца. Асабліва аб гэтым мы павінны памятаць у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці. У абвяшчаючай Юбілейны Год Буле Папа Францішак вельмі ясна нагадвае аб заданнях, якія ў сувязі з гэтым стаяць перад намі святарамі. Пантыфік асаблівую ўвагу звяртае на сакрамэнт пакаяння, дзякуючы якому людзі знаходзяць шлях вяртання да Бога і сэнс свайго жыцця. Папа заклікае паставіць гэты сакрамэнт у цэнтр нашага служэння, бо ён — крыніца сапраўднага ўнутранага супакою. Таму спаведнікі павінны быць знакамі Божай міласэрнасці. Для гэтага найперш яны самі павінны дасведчыць Божую міласэрнасць. Папа таксма падкрэслівае, што быць спаведніком — азначае прымаць удзел у міласэрнай місіі самога Хрыста, а таксама быць знакам бязмежнай Божай любові, якая прабачае і збаўляе. Дзякуючы сакрамэнту святарства мы атрымалі дар прабачэння грахоў пэнітэнтам. Гэта адначасова дар і заданне, і ад нас залежыць, як мы будзем ім распараджацца. Пэнітэнтаў трэба прымаць так, як айцец прыняў марнатраўнага сына, які вярнуўся дадому, і радавацца з імі. Спаведнікі таксама не павінны пакінуць без увагі людзей, якія не радуюцца навяртанню іншых, асабліва тых, якія камусьці ўчынілі зло. Мы памятаем гісторыю вяртання марнатраўнага сына, калі яго брат не хацеў з ім нават размаўляць і пярэчыў айцу, што прыняў яго ў свой дом. Падобная гісторыя часта паўтараецца і ў наш час. Таму трэба выходзіць да такіх людзей і растлумачваць, што іх суд несправядлівы і не мае сэнсу перад бязмежнай міласэрнасцю Айца. Адным словам, спаведнікі заўсёды павінны быць знакам перамогі міласэрнасці над грахом. Як бачым, у святле вучэння Папы Францішка, заданні святароў у Юбілейным Годзе Міласэрнасці вельмі вялікія і адказныя. Калі дадаць да іх заўсёды актуальную праблему, чытаючы знакі часу і яго выклікі, абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць іншыя сакрамэнты і будаваць хрысціянскую супольнасць, то заданні, якія стаяць перад святарамі, перавышаюць усе магчымая іншыя, бо ад іх належнага выканання залежыць збаўленне людзей. 5. Сучасны свет супрацьпастаўляецца вучэнню Хрыста і замяняе яго на сваё. Адсюль і ўсе праблемы. Апякун сённяшняга дня св. Томас Бэкет бараніў Касцёл ад уплываў караля, які імкнуўся падпарадкаваць яго сабе. Сучасны свет таксама імкнецца да падобнага. Ён часта адмаўляецца ад веры ў Бога. А калі і верыць, то хоча, каб Бог падпарадкаваўся яму, а не ён Богу. Усё пераварочвае з ног на галаву, але на галаве мы доўга не прастаім. Каб нармальна функцыянаваць, неабходна стаць на ногі, гэта азначае трымацца Божага закону. Нараджэнне Збаўцы стала духоўна-сацыяльнай рэвалюцыяй, якая змяніла свет. Ад нас залежыць ці гэта рэвалюцыя прадоўжыцца і ці яна далей будзе пераменяць жыццё людзей. Св. Томас Бэкет не завагаўся аддаць свайго жыцця пры абароне правоў Касцёла і рэлігійнай свабоды. Дзякуй Богу, мы можам свабодна вызнаваць сваю веру. Аднак націск секулярызму становіцца ўсё мацнейшым. Лібералізм вядзе да таго, што разам з вадой з балеі можна выплюхнуць і дзіця. Умацаваныя Божай ласкай і выконваючы функцыю яе распарадчыкаў, учынім усё магчымае, каб Немаўлятка Езус, якое нарадзілася ў Бэтлееме, не было выплюхнута сучасным светам на яго перыферыю, а заставалася ў яго цэнтры. Амэн. |
Адноўлена 29.12.2015 18:08 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.