Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Магілёве

Магілёўскі катэдральны касцёл, 30 снежня 2015 г.

Глыбокапаважаныя Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. У шосты дзень актавы Божага Нараджэння Касцёл прадстаўляе нашай увазе Евангелле, якое з’яўляецца працягам учарашняга евангельскага аповеду пра ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні і канцэнтруецца на прарочыцы Ганне. Божае слова распавядае аб тым, што яна дзень і ноч постам і малітвай служыла Богу. Яно таксама прадстаўляе яе як свайго роду прапаведніцу, бо яна гаварыла пра Езуса ўсім, хто чакаў збаўлення Ерузалема. Лёс Езуса, якому было толькі 40 дзён, быў прадказаны прарочыцай Ганнай, якая была ва ўзросце 84 гадоў.

Мы не ведаем у якім узросце быў старац Сімяон, які ў той час таксама знаходзіўся ў святыні. Аднак ужо само слова “старац” нагадвае аб тым, што і ён быў у старым узросце. Ён таксама доўга чакаў, каб убачыць Збаўцу. Таму, убачыўшы Яго, быў гатовы пакінуць гэты свет, бо яго вочы ўбачылі збаўленне свету.

2. Пад натхненнем Святога Духа прарочыца Ганна і старац Сімяон у дзіцяці, якога маладая пара Марыя і Юзаф прынеслі ў Ерузалемскую святыню, распазналі Збаўцу свету.

Іх сустрэча была шчаслівай сустрэчай старога і маладога пакаленняў, як прадстаўнікоў Старога і Новага Запаветаў. У Ерузалемскай святыні маладая пара сустрэлася са значна старэйшымі за іх мужчынам і жанчынай. Гэтая сустрэча стала крыніцай благаслаўлення як для старога, так і для маладога пакаленняў. Малодшыя былі ўзбагачаны жыццёвым досведам і цярплівасцю ў чаканні старэйшых прыйсця Збаўцы, а старэйшыя – згодай малодшых з Божай воляй.

Практыка штодзённага жыцця пацвярджае, што досвед і мудрасць старэйшых з’яўляецца дапамогай і нават натхненнем для маладых. Таму розныя пакаленні павінны быць адно з адным у кантакце, бо яны маюць што ахвяраваць адно аднаму. Паміж імі наступае абмен дарамі.

3. Мы перажываем радасны і збаўчы перыяд Божага Нараджэння і разважаем над той бязмежнай любоўю, якая прывяла на свет Збаўцу. Бог схіліўся над чалавекам, Створца – над стварэннем, нявінны – над грэшнікам. Калі ўважліва асэнсоўваем гісторыю збаўлення, то лёгка можам заўважыць, што Бог больш хацеў збаўлення чалавека, чым сам чалавек.

Святкуючы Раство Хрыстова, нам трэба памятаць і аб тым, што цуд Бэтлеемскай ночы – гэта не толькі гістарычная падзея, але таксама і сучаснасць. Дзякуючы святарскай паслузе Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых душах, прыходзіць да нас у Божым слове, сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі, і іншай дзейнасці Касцёла.

Дзякуючы сакрамэнту святарства мы сталі распарадчыкамі Божай ласкі, і на наш голас Езус прыходзіць да нас. Такім чынам паўтараецца цуд Богаўцелаўлення, калі, паводле паэтаў, неба пацалавалася з зямлёй. А гэтага пацалунку так патрабуе сучасны свет, які перажывае эпоху войнаў, тэрарыстычных актаў, насілля, карупцыі, секулярызму і маральнага рэлятывізму.

4. У такой сітуацыі нам таксама патрэбна сустрэча пакаленняў, каб узаемна абагачацца. Патрэбна сустрэча пакалення тых, хто перажыў жорсткі пераслед веры і ганенняў на Касцёл, і пакалення сучасных людзей, якія жывуць у час секулярызму.

Усё менш застаецца тых, хто на сваёй скуры спазнаў, што такое атэізм і пераслед веры. Аднак такая сустрэча магчыма, і яна павінна быць. Яна не абавязкова павінна быць фізічнай, дастаткова таго, каб была маральнай. Нам неабходна ўспомніць герояў гэтай зямлі, вядомых і невядомых нам, і сёння ў гістарычнай магілёўскай катэдры, можна сказаць, у нашай Ерузалемскай святыні, сустрэцца з імі.  

Доўгі спіс магілёўскіх мітрапалітаў, арцыбіскупаў, біскупаў і адміністратараў, пачынаючы ад Станіслава Богуша-Сестранцэвіча да жывых мучанікаў Эдварда фон Ропа, Яна Цепляка і Балеслава Слосканса – гэта гісторыя Каталікага Касцёла як на магілёўскай зямлі, так і ў былой Расійскай імперыі. Усе яны паводле складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыі тых часоў і абставінаў чынілі магчымае і нават немагчымае, каб гэтая зямля стала месцам нараджэння Езуса. Асабліва аб гэтым нагадвае гісторыя апошніх трох Магілёўскіх біскупаў Эдварда фон Ропа, Яна Цепляка і Балеслава Слосканса.

5. Сёння, калі мы ў гэтай гістарычнай святыні сустракаем Езуса, мы павінны памятаць аб тым, што Ён ёсць тут дзякуючы ім. Ён ёсць тут дзякуючы святарам, якія ў часы ганенняў патаемна прыязджалі сюды, каб цэлебраваць Эўхарыстыю і служыць людзям, якія былі без пастыра, і такім чынам захаваць у іх веру. Ён прысутнічае дзякуючы вядомым і невядомым мучанікам гэтай зямлі. Сведчанне іх мучаніцтва – скарб гэтай зямлі.

Мы сёння маральна сустракаемся з імі, каб духоўна ўзбагаціцца. Кроў мучанікаў – гэта насенне хрысціян. І яно сёння дае свае ўсходы. Да вялікіх плёнаў, можа, яшчэ далёка і многае залежыць ад нас, біскупаў, святароў. Старац Сімяон і прарочыца Ганна праслаўлялі Бога за тое, што ўбачылі Збаўцу. Радуюцца людзі, а ў нямногіх, што засталіся яшчэ ў жывых, людзей старэйшага пакалення на вачах слёзы радасці, бо пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў Езус ізноў нараджаецца на гэтай зямлі.

6. Зададзім сабе пытанне: калі б сучасны чалавек апынуўся на месцы нараджэння Езуса, то як ён успрымаў бы ўсё тое, што там сталася? Ці ён мог бы ў гомане сучаснага свету пачуць голас анёла, які абвяшчае Нараджэнне Збаўцы? Ці ўбачыў бы ён у святле вітрын магазінаў, святочных ілюмінацый і ярка свецячых лямпаў бясконцага патоку машын Бэтлеемскую зорку? Ці знайшоў бы на экранах тэлевізараў і камп’ютараў пасланне аб нараджэнні Эмануэля – Бога з намі? Цяжка даць пазітыўны адказ на гэтыя і падобныя пытанні.

І нашым, святароў, заданнем з’яўляецца дапамагчы яму пачуць голас анёла, які і сёння абвяшчае Нараджэнне Збаўцы, а таксама дапамагчы ўбачыць Яго. Нам неабходна абудзіць спячага чалавека і сказаць яму: “Уставай, паглядзі, пасля доўгіх пакаленняў пераследу над нашай зямлёй ізноў засвяціла Бэтлеемская зорка. Уставай і спяшайся ў наш беларускі Бэтлеем, бо там цуд, там нарадзіўся Езус. Ідзі і распавядзі іншым аб гэтым”.

Да гэтага нас заклікае сустрэча з пакаленнем тых, хто мужна бараніў веру. Да гэтага заклікаюць выклікі секулярызму. Да гэтага заклікае Святы Айцец Францішак у Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме – гэта найбольш значнае праяўленне Божай міласэрнасці. Мы самі павінны яе спазнаць і несці сучаснаму чалавеку, каб і ён дакрануўся да крыніцы Божай міласэрнасці.

Не важна, да якога пакалення, старэйшага ці малодшага, мы належым – наша святарскае і законнае пакліканне павінна быць благаслаўленнем для іншых, бо мы з людзей узяты і для людзей пастаўлены, каб праз наша служэнне Хрыстус сваёй ласкай нараджаўся ў сэрцах людзей, а цуд Бэтлеемскай ночы трываў і нёс новую надзею людзям. І няхай так будзе. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі