Мінскі архікатэдральны касцёл, 31 снежня 2015 г.
Выклікі новага года
Дарагія браты і сёстры!
1. Вось і завяршаецца чарговы 2015 год Панскі, і зусім хутка ён пяройдзе ў гісторыю. Таму ў сённяшні вечар мы маем вельмі добрую нагоду азірнуцца на яго, каб ацаніць, як мы яго пражылі, і зазірнуць у будучыню. Гэта добрая нагода зрабіць самааўдыт нашага жыццёвага падарожжа ў год, які завяршаецца, праз прызму вучэння Хрыста. Ён дапаможа нам устанавіць, у якім пункце адносін з Ім мы знаходзімся, ці адпавядае наша жыццё Божай волі і ці згодна яно з тым, чаго ад нас жадае Бог.
2. Звычайна перад Новым годам мы робім генеральную ўборку нашых хатніх памяшканняў і месцаў працы. Пры гэтым мы бачым, што разам з патрэбнымі нам у будучыні рэчамі знаходзяцца і такія, якімі мы не будзем карыстацца, і мы вырашаем ад іх пазбавіцца. Мы таксама натыкаемся на рэчы, якія ажыўляюць нанова нашу памяць аб мінулых падзеях, аб якіх мы забыліся.
Падобнае адбываецца і ў нашых адносінах з Богам. Адны справы мы павінны захаваць, іншых пазбыцца, а аб некаторых абнавіць памяць. Гэта не што іншае, як заданні, якія стаяць перад намі. Бог мае свой план адносна кожнага з нас і жадае, каб мы ўпісваліся ў яго.
3. Каб лепш зразумець нашу актуальную духоўную сітуацыю і перспектыву на будучыню, звернемся да наступных слоў святога апостала Паўла з Паслання да Каласянаў: “Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале” (Клс 3, 1-4).
3.1. Найперш засяродзімся на справах, якія павінны застацца ў нашым жыцці.
Як мы ўжо ўспаміналі, робячы парадак у нашым доме, мы знаходзім рэчы, якіх не можам выкінуць, бо яны нам патрэбны. Апостал Павел кажа, што мы ўваскрэслі з Хрыстом. Гэта азначае, што дзякуючы смерці і ўваскрасенню Хрыста мы таксама памерлі для граху і ўваскрэслі да новага жыцця. Таму нам нельга забыцца гэтага дару і ўстаноўленага Богам маральнага парадку. Нават самыя прывабныя прапановы гэтага свету, але не згодныя з Божай воляй, не павінны нас схіліць да таго, каб мы адмовіліся ад сваёй веры. Гэтая праўда дапамагае нам навесці парадак у нашай душы.
Далей Апостал народаў кажа, што, уваскросшы разам з Хрыстом, мы павінны шукаць таго, што ў вышынях. Гэтым самым ён заахвочвае нас не зацыклівацца на зямных і матэрыяльных справах, але думаць пра духоўныя. Кажучы іншымі словамі, вядомыя Святым Духам, мы павінны жыць так, як нас вучыць жыць Езус.
3.2. Цяпер звернем увагу на справы, ад якіх мы павінны адмовіцца.
Наводзячы парадак у нашым доме, мы павінны выкінуць з яго некаторыя рэчы. Яны нам больш не патрэбныя, некаторыя з іх ператварыліся ў смецце, або папросту ў нас няма для іх месца.
Падобна і ў нашым духоўным жыцці: мы павінны адмовіцца ад маральна неўпарадкаванага жыцця, бо яно – не што іншае, як духоўнае смецце, якога мы павінны пазбавіцца, каб змяніць наша жыццё.
Апостал Павел заахвочвае засяродзіцца не на справах гэтага свету і спакусах, але на духоўных справах. Гэтая яго парада вельмі практычная, бо калі мы канцэнтруемся на зямных справах, то не маем часу на духоўныя. Тады наша жыццё не адпавядае Божаму плану, яно становіцца духоўна дэфармаваным. Таму мы павінны паступаць так, каб злому духу не было месца ў нашай душы. Калі мы напоўнім сябе Божымі справамі, то ў нас не будзе месца для злых і грэх не запануе ў нашым сэрцы.
3.3. Нарэшцe паглядзім на тое, аб чым мы павінны памятаць. Наводзячы парадак у нашым доме, мы адчыняем вялікую камоду, шафу ці, можа, бабулін куфар. Там шмат хаатычна спакаваных рэчаў, якія не маюць асаблівага значэння. Аднак, калі мы паглядзім глыбей, то можам знайсці тыя, якія адраджаюць нашу памяць. Гэта могуць быць сямейныя фатаграфіі, памяткі ад бацькоў ці сяброў, падарункі, дыпломы і г.д. Гэта добрая нагода спыніцца і ўспомніць сваю гісторыю, якую мы павінны памятаць, бо яна – нашы карані.
Святы апостал Павел нагадвае нам, каб мы памяталі аб некаторых вельмі важных духоўных справах. А менавіта аб тым, што мы разам з Хрыстом памерлі для граху. Памёршы для граху, мы адначасова ўваскрэслі з Хрыстом і ў Ім атрымалі новае жыццё, якое гарантуе жыццё вечнае, бо Ён нас абараняе ад усялякага зла.
І нарэшце апостал Павел вучыць, што, калі Хрыстус прыйдзе другі раз у славе, то і мы будзем узвышаны разам з Ім. Таму наша жыццё павінна быць напоўнена імкненнем да вечнасці, бо зямное жыццё часовае. Аб гэтым нам неабходна памятаць, каб захаваць веру, бо толькі тады нас чакае карона святога ці святой.
4. У святле гэтых разважанняў паглядзім уважліва на наш жыццёвы шлях, падзякуем Богу за Яго шчодрыя дары і ласкі, якія мы атрымалі ў годзе, які завяршаецца. Вырашым, што мы павінны пакінуць надалей і без чаго, як хрысціяне, не можам жыць. Вырашым, ад чаго неабходна як мага хутчэй адмовіцца. І нарэшце, вырашым, аб чым мы павінны заўсёды памятаць.
Як бачна, духоўныя заданні і выклікі, з якімі мы сустракаем Новы год, тыя ж самыя, аб якіх успамінаў святы апостал Павел 2000 гадоў таму. Змяняюцца толькі іх формы, але сутнасць застаецца. А менавіта не адмаўляцца ад Божага закону і ніколі нічым яго не падмяняць. Адмовіцца ад грахоўнай залежнасці. Памятаць аб тым, што, злучаныя з Хрыстом у сакрамэнце хросту, мы з’яўляемся спадкаемцамі вечнага шчасця.
5. Новы год – гэта ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. З Яе іменем мы ўступаем у новы этап нашага жыцця. Яе згода з Божай воляй дала пачатак практычнаму ажыццяўленню Божага плану збаўлення. Мы павінны браць з Яе прыклад, каб кожны дзень гэтага новага перыяду нашага жыцця быў напоўнены нашым “Fiat” – згодай з Божай воляй. Бо толькі тады Божы закон будзе нашым вярхоўным законам. Толькі тады наша жыццё будзе жыццём у Божай ласцы. Толькі тады мы будзем памятаць аб нашай хрысціянскай тоеснасці і годнасці дзяцей Божых.
Усё, што нам патрэбна, – гэта слухаць голас Бога і чыніць тое, што Ён хоча. Няхай з дапамогай Марыі новы год, які ўжо стукае ў дзверы нашых сэрцаў, стане годам паўнаты Божай ласкі і добрых учынкаў, да чаго заклікае нас Папа Францішак у Год Міласэрнасці, на хвалу Бога і для збаўлення людзей. Амэн.
|