Мінскі архікатэдральны касцёл, 3 студзеня 2016 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Адна гісторыя распавядае пра малога хлопчыка, які вельмі хацеў даведацца, на якой мове размаўляе Бог. Бацькі не ведалі, што сказаць сыну. Ён тады спытаўся ў настаўніка ў школе, які пасля доўгага роздуму адказаў: “Сапраўды не ведаю”. Задаваў гэтае пытанне ён і жыхарам свайго горада. Аднак ніхто не мог на яго адказаць.
Хлопчык, аднак, не паддаваўся і сам сабе казаў: немагчыма, каб ніхто не ведаў, хтосьці павінен ведаць. Гэтае пытанне не давала яму спакою нават тады, калі ён стаў дарослым. У пошуку адказу ён паехаў у іншыя краіны. Паўсюль задаваў тое ж самае пытанне і паўсюль чуў той самы адказ: “Не ведаем”. Аж нарэшце ён дабраўся да маленькага гарадка Бэтлеема. Доўга шукаў начлегу, бо ніхто не хацеў яго прыняць. Не зайшоўшы, пайшоў за горад, дзе былі скальныя гроты, у якіх пастухі трымалі статкі авечак.
Ён увайшоў у адзін з іх з надзеяй, што там зможа пераначаваць. Там яго чакала прыемная неспадзяванка. Ён убачыў нованароджанае Немаўля, маладая мама якога прывітала яго словамі: “Вітай, мы чакаем цябе”. Яшчэ большае здзіўленне агарнула яго, калі яна працягнула, кажучы, што ён падарожнічае доўгі час і шукае адказу на пытанне, на якой мове прамаўляе Бог. Мама дзіцяці сказала: “Цяпер ты ведаеш адказ. У гэтую ноч ты можаш пераканацца, на якой мове Ён прамаўляе да чалавека. З любові да чалавека Бог паслаў на нашу зямлю свайго Сына. Таму Бог прамаўляе да нас мовай любові”.
Узрушаны пачутым, гэты чалавек упаў на калені перад Немаўляткам і з радасці заплакаў. Нарэшце ён даведаўся пра Божую мову. Гэта самая прыгожая мова, якую разумеюць усе людзі, незалежна ад іх узросту, адукацыі, сацыяльнага паходжання, нацыянальнасці і г.д.
Зачараваны ўбачаным і пачутым, ён застаўся на некалькі дзён са Святой Сям’ёй і потым вырушыў у дарогу дадому. Усё сваё жыццё ён прысвяціў таму, каб абвяшчаць людзям гэтую праўду. А каб яго разумелі, то ён сам пачаў размаўляць мовай любові і вельмі хутка спазнаў яе моц і тое, што яна з’яўляецца крыніцай радасці, мудрасці, міру і адзінства.
2. Бог прамаўляе да нас мовай любові. З любові Бог стварыў свет. Вянцом жа стварэння стаў чалавек. Менавіта таму ён з’яўляецца асабліва “ўзлюбленай” часткай Божага тварэння. Нават калі чалавек зграшыў і гэтым самым адвярнуўся ад Бога, то Ён не пакінуў яго аднаго. Бог пасылаў сваіх прарокаў, каб кіравалі Выбраным народам. Вывеў яго з егіпецкай няволі. А калі прыйшла паўната часу, то паслаў свайго Сына, каб збавіць чалавека. З любові да чалавека Езус аддаў сваё жыццё на крыжы.
Святы Ян евангеліст кажа, што Бог так палюбіў свет, што свайго Сына Адзінароднага даў, каб кожны, хто паверыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. А святы апостал Павел вучыць, што з любові да нас Бог прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста. У Ім мы маем гарантыю, што не загінем у патопе зла, што збаўленне будзе нашым удзелам, калі будзем трымацца Яго.
Аднак, як паказвае жыццё, чалавек можа пагарджаць Божай любоўю і заставацца глухім на яе мову. Сын Божы прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Так было, калі Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, так ёсць і сёння. Але тыя, хто Яго прымае, маюць моц перамянення ў дзяцей Божых, удзелам якіх ёсць збаўленне.
3. Адзін англійскі пісьменнік апісвае вельмі павучальную гісторыю аб тым, якой каштоўнай з’яўляецца любоў. Ён распавядае аб вельмі багатым чалавеку, які меў надзвычай каштоўную калекцыю карцін. У яго быў адзін сын, якога ён вельмі любіў. Калі памерла маці гэтага хлопчыка, то ён усе свае сілы прысвяціў яму і перажыў вельмі вялікую трагедыю і нават роспач, калі памёр яго адзіны сын.
Перажываючы ўсё гэта, ён напісаў вельмі дакладны запавет, што і як трэба зрабіць пасля яго смерці, - што ўсе карціны павінны быць прададзены на аўкцыёне. Сярод вельмі каштоўных была адна, якая называлася “Мой умілаваны сын”. Яна не мела вялікай вартасці, таму ніхто не звяртаў на яе ўвагі і не хацеў купляць. Аднак паводле волі памерлага менавіта гэтая карціна павінна была быць прададзена першай.
Нарэшце ёй зацікавіўся былы слуга памерлага чалавека, які асабіста ведаў яго сына і вельмі любіў яго. Ён набыў гэтую карціну за грошы. Потым наступіла самае цікавае. Вядучы аўкцыёну абвясціў апошнюю волю памерлага багатага чалавека: “Той, хто купіць партрэт майго сына, атрымае ўсю калекцыю задарма”. І аб’явіў канец аўкцыёну.
Праз паслугу Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас са сваімі каштоўнасцямі, якія сучасны свет недаацэньвае і не хоча прымаць. Для сучаснага свету з яго крыклівымі антыкаштоўнасцямі яны не з’яўляюцца канкурэнтамі. Аднак хто іх прымае, атрымлівае ўсё тут, на зямлі, і ў вечнасці.
4. Дарагія браты і сёстры!
Божы Провід дазваляе мне сёння дзякаваць Богу за 70 гадоў жыцця. Сёння дзякую бацькам за перададзены мне Божы дар жыцця і каталіцкае выхаванне. Дзякую сястры, з якой разам рос і вучыўся жыць у праўдзе і любові да бліжняга і якая загінула пасля няшчаснага выпадку. Дзякую святарам, блізкім і ўсім людзям, якія вельмі пазітыўна ўплывалі на маю фармацыю. Перапрашаю ўсіх, каго, можа, пакрыўдзіў, і прабачаю тым, хто, асабліва ў часы пераследу Касцёла, чыніў зло. Можа, яны не да канца ведалі, што чыняць.
Дзякую біскупам, святарам і кансэкраваным асобам, з якімі прыйшлося служыць у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў у Беларусі. Дзякую вам, дарагія вернікі. Я з вас узяты і для вас пастаўлены, каб Божай мовай любові несці вам Евангелле. Можа, не ўсё ўдалося, але заўсёды з верай і праўдай стараўся служыць людзям і разам з вамі адраджаць і будаваць Касцёл. Маліцеся за мяне, каб і далей мог паспяхова выконваць даручанае мне Божым Провідам заданне, каб мы ўсе прамаўлялі адзін да аднаго мовай любові, якая ёсць творчай. Амэн.
|