Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Iмшы ў межах Юбiлею санктуарыяў

Тракелi, 19 студзеня 2016 г.

Санктуарый – месца спазнання Божай міласэрнасці

“Mater Misericоrdiae, sub Tuum praesidium confugimus” – “Мацi Мiласэрнасцi, пад Тваю абарону прыбягаем”.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, супрацоўнiкi беларускiх санктуарыяў, браты i сёстры!
     
1. Мы добра ведаем гэты надпiс на франтоне Вострай Брамы ў Вільні! З пакалення ў пакаленне нашы дзяды i прадзеды, бацькi i мы самі ездзiлi i працягваем ездзiць ці нават пілігрымаваць у Вiльню да Вострай Брамы i шукаць там ля падножжа Мацi Божай Мiласэрнасцi паратунку.

Святы Айцец Францiшак у буле “Misericordiae Vultus” (“Аблічча міласэрнасці”), якой устанавiў Надзвычайны Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi, даверыў яго Марыi, як Мацi Мiласэрнасцi, якая з’яўляецца Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі.

Аднак Божая міласэрнасць, да якой мы закліканы звяртацца як мага часцей, праяўляецца і ў іншых санктуарыях і абставінах. Таму словы з франтона вастрабрамскай капліцы можна перафразаваць і дастасаваць да кожнага іншага санктуарыя, як месца, дзе Божая міласэрнасць праяўляецца асаблівым чынам.
     
2. Сёння мы збiраемся ў санктуарыi Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай, каб разам адзначыць Юбiлей беларускiх санктуарыяў. А iх існуе нямала. Дастаткова толькi назваць такiя, як Маці Божай Будслаўскай – Апякункi Беларусi, Маці Божай Тракельскай – Каралевы сем’яў, асаблiва мне блiзкай Маці Божай Шкаплернай у Гудагаi, дзе было абвешчана аб маiм прызначэннi бiскупам, Маці Божай Барунскай – Аздараўлення хворых, Маці Божай Фацiмскай у Шчучыне і Шуміліне, Мацi Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеi ў Капцёўцы, Маці Божай Лагiшынскай – Каралевы Палесся, Маці Божай Браслаўскай – Валадаркі азёраў, Езуса Журботнага ў Росi, Божай Міласэрнасці ў Мінску, які будуецца, i многiя iншыя святыя месцы, куды масава пiлiгрымуюць вернiкi.

Чаму яны туды iмкнуцца і чаго там шукаюць, нягледзячы на снег i дождж, спякоту i холад? Яны iдуць і едуць туды, бо маюць патрэбу ў дапамозе, найперш духоўнай.
     
3. Слова "санктуарый" азначае святое месца, месца асаблівай ласкі. Санктуарыi вядомыя ў першую чаргу тым, што ў iх найчасцей адбываюцца цуды. Калi мы кажам слова “цуд”, то звычайна пад гэтым маем на ўвазе аздараўленне чалавека ад невылечнай хваробы. I сапраўды, такiя рэчы здараюцца, калi, напрыклад, прадстаўнiцтвам Марыi цi iншага святога Бог незразумелым для медыцыны спосабам вылечвае ад невылечнай хваробы. Такiя цуды найчасцей здараюцца ў марыйных санктуарыях, аб чым сведчыць вялiкая колькасць вотаў, якiя ў iх знаходзяцца. Гэта знакi ўдзячнасцi людзей, якiя вылечылiся або атрымалi нейкiя iншыя ласкi.

Аднак ёсць яшчэ i не бачныя чалавечаму воку цуды. Гэта цуды аздараўлення душы, калi чалавек, якi, напрыклад, некалькi дзесяцiгоддзяў не быў у споведзi, выходзiць з санктуарыя паяднаным з Богам. Калi б сцены санктуарыяў маглi гаварыць, то, напэўна, маглi б распавесцi шмат цудоўных гiсторый, як марнатраўныя i духоўна памерлыя сыны і дочкі станавiлiся на шлях навяртання.

Таму кожны санктуарый, якi можа мець прыгожую гiсторыю цi надзвычайную архiтэктуру, найперш з’яўляецца месцам асаблiвага дзеяння Божай ласкi i Божай мiласэрнасцi.
       
4. Бог па сваёй сутнасцi мiласэрны. Міласэрнасць – гэта галоўная прыкмета Бога, Яго рыса і імя, як кажа Папа Францішак. З мiласэрнасцi да чалавека Ён стварыў яго i пасялiў у раi. Нават калi чалавек зграшыў i адвярнуўся ад Бога, то, справядлiва яго караючы, Творца даў яму надзею i паабяцаў паслаць Збаўцу. А калi прыйшла паўната часу, Ён выканаў сваё абяцанне i паслаў свайго Адзiнароднага Сына, якi сваёй смерцю i ўваскрасеннем з памерлых збавiў чалавецтва ад смерцi вечнай.

Мы нядаўна завяршылi перыяд Божага Нараджэння, падчас якога разважалi аб прыйсцi ў свет Бога ў вобразе чалавека. Гэта не што iншае, як знак бязмежнай Божай мiласэрнасцi. Бязгрэшны Бог схіляецца над грэшным чалавекам, Творца – над стварэннем.

Бог збавiў чалавека праз пасхальную таямнiцу, у якой самым дасканалым чынам праявілася бязмежная Божая міласэрнасць. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай i адначасова праграмнай энцыклiцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) кажа, што прабiты дзiдай бок Езуса – гэта апагей любові Бога да чалавека, i заклiкае да таго, каб мы падобным чынам аддзячылi Богу за Яго любоў да нас.

Як таямнiца Богаўцелаўлення, так i пасхальная таямнiца – гэта сведчанне таго, што Бог не пакінуў нас адных i ёсць з намi. Гэтая праўда пацвярджаецца i ў наш час. У наступным годзе мы будзем адзначаць 100-годдзе фацiмскiх аб’яўленняў, у якiх была прадказана наша гiсторыя ў ХХ стагоддзi, пераслед веры i яе адраджэнне. Гэта цуд, які стаўся на нашых вачах, бо здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла. Так здавалася чалавеку, але Бог мае свае планы і іх у адпаведны час ажыццяўляе.
     
5. Святы Айцец Францiшак звяртае вялiкую ўвагу на ролю санктуарыяў у святкаваннi Юбiлейнага Года Мiласэрнасцi. Папа заахвоціў ардынарыяў дыяцэзій ва ўсім свеце ўстанавіць “Брамы міласэрнасці” не толькі ў катэдрах, але і ў санктуарыях, што наведваюць шматлікія пілігрымы, якія там часта спазнаюць Божыя ласкі і знаходзяць шлях да навяртання.

Святы Айцец асаблівую ўвагу звяртае на вельмі важны элемент народнай духоўнасці, якім з’яўляюцца пілігрымкі. Ён кажа, што ў Святым Годзе гэта асаблівы знак, бо ў пілігрымцы адлюстроўваецца дарога, якой ідзе кожны чалавек падчас свайго жыцця. Кожны чалавек – гэта пілігрым, і таму пілігрымкі ў Юбілейныя санктуарыі павінны стаць новым штуршком да навяртання і да асабістага спазнання Божай міласэрнасці, каб потым стаць яе носьбітамі ў сучасным свеце.

6. Дарагія ўдзельнікі сённяшняга Юбілею санктуарыяў!

Падзякуем Богу за тое, што ў нашай сінявокай Беларусі ёсць санктуарыі і што яны з году ў год адыгрываюць усё большую ролю ў духоўным жыцці чалавека.

Ля падножжа Маці Божай Тракельскай – Каралевы сем’яў, давяраючы Табе, Марыя, Юбілей Міласэрнасці ў нашай Бацькаўшчыне, просім Цябе, выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы міласэрнага Езуса ласку далейшага росквіту нашых санктуарыяў. Няхай яны стануць месцамі спазнання і шчодрага дзеяння Божай міласэрнасці, а таксама духоўнай фармацыі сучаснага чалавека з мэтай навучыць яго смела пілігрымаваць па жыцці супраць секулярных тэндэнцый сучаснасці і ва ўсіх абставінах жыцця захоўваць і сведчыць хрысціянскую тоеснасць. Амэн.

Адноўлена 19.01.2016 15:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі