Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Iмшы з нагоды 100-годдзя нараджэння а. Уладзіслава Чарняўскага

Вiшнева, 23 студзеня 2016 г.

Ахвярны слуга Касцёла

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. “Tu es sacerdos in aeternum secundum ordinem Melchisedek” – “Ты святар на векi паводле закону Мэльхізэдэка”.

Cёння, калi Каталiцкi Касцёл у Беларусi i наша грамадскасць адзначаюць юбiлей 100-годдзя нараджэння святой памяцi а. Уладзіслава Чарняўскага, гэтыя словы прыходзяць на вусны. Кожны святар на векi застаецца святаром. Мiнула амаль што 15 гадоў ад смерцi а. Уладзіслава Чарняўскага, змяняюцца людзi i абставiны жыцця, прыходзiць новае пакаленне святароў, а памяць аб славутым сыне нашага народа жыве. Ён назаўсёды святар, якi ў цяжкiя часы ганенняў на Касцёл верна выконваў сваю святарскую i таксама асветнiцкую мiсiю.

2. 100 гадоў таму, 14 студзеня 1916 г., у пабожнай каталiцкай сялянскай сям’i Чарняўскiх каля Гальшан нарадзiўся хлопчык, якi быў адзiнаццатым у шматдзетнай сям’i з дванаццацi дзяцей. Падчас хросту ён атрымаў iмя Уладзіслаў.

Выхаваны ў духу паслухмянасцi Богу i служэння блiжнiм, ён вельмi добра чытаў знакi часу i, калi пачуў голас клiчучага яго Пана да служэння Яму, то адразу адказаў словамi прарока Iсаi: “Вось я, Пане, пашлi мяне”. Пад уплывам свайго дзядзькi кс. Францiшка Чарняўскага ў 1934 г. ён паступiў у славутую марыянскую гiмназiю ў Друi. Напэўна, вялiкая роля ў гэтым i ягонай мацi, якая вельмi хацела, каб яе сын Уладзiслаў стаў святаром.

У 1938 г. пасля завяршэння вучобы ў гiмназii ён пачаў навiцыят у Кангрэгацыi айцоў марыянаў. Пасля законнай фармацыi ў навiцыяце працягнуў вучобу ў Вiленскай духоўнай семiнарыi. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1944 г. Служыў у розных парафiях у Лiтве, а з 1954 г. да канца жыцця быў пробашчам парафii Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыi ў Вiшневе.

У 1967 г. ён наведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з благаслаўлёным Папам Паўлам VI. З 1971 г. супрацоўнiчаў з Беларускай бібліятэкай і музеям імя Ф. Скарыны ў Лондане. Значная частка іх фондаў складаюць дасланыя а. Уладзiславам Чарняўскім матэрыялы.

Дзейнасць а. Уладзiслава Чарняўскага атрымала высокую ацэнку i на дзяржаўным узроўнi. У 1997 г. ён быў адзначаны ордэнам “Гонар Айчыны”, а ў 2000 Юбілейным Годзе рашэннем Нацыянальнага аргкамітэта святкавання 2000-годдзя хрысціянства атрымаў памятны медаль.

Бог паклiкаў яго да сябе 22 снежня 2001 г. Ён пахаваны каля вiшнеўскага касцёла.

3. Так коратка выглядае бiяграфiя а. Уладзіслава Чарняўскага. Аднак за яе сціплымi радкамi знаходзiцца святар i асоба вялiкага маштабу. Трэба толькi ўсвядомiць, у якiх абставiнах яму прыйшлося выконваць святарскае служэнне. Святароў з кожным днём станавiлася ўсё менш i менш, не было рэлiгiйнай i катэхетычнай лiтаратуры, атэiстычная ўлада ставiла Касцёл i святароў у такiя ўмовы, што яны проста не маглi нармальна выконваць свае абавязкi. I тут патрэбны былi кемлівасць i непахiсная воля, каб працаваць у такiх абставiнах. А працаваць было для каго. Не толькi парафiя ў Вiшневе, але i навакольныя парафii чакалi паслугі святара.

Нягледзячы на жорсткiя ганеннi, а. Уладзіслаў Чарняўскi дваiўся i траiўся, каб толькi абвяшчаць заўсёды жывое i дзейснае Божае слова. Чынiў гэта, прамаўляючы гамiлii i катэхiзуючы, у тыя часы, калi катэхiзацыя была забаронена. Чынiў таксама сваiм святарскiм i чыста хрысцiянскiм сведчаннем.

Акрамя абвяшчэння Божага слова, а. Уладзіслаў цэлебраваў сакрамэнты, асаблiва Эўхарыстыю, як хлеб вечнага жыцця. Ён кармiў гэтым хлебам людзей у Вiшневе i iншых месцах, дзе яго чакалi. Старэйшыя людзi добра памятаюць, якое шчасце было, калi ў парафiю, дзе не было святара, ён прыязджаў, спавядаў, цэлебраваў святую Iмшу, размаўляў з людзьмi i гэтым самым у цемры атэiзму даваў iм новую надзею. Гэта было як быццам неба на зямлi.

Акрамя непасрэдна святарскага служэння, а. Уладзіслаў Чарняўскi займаўся вельмi важнай i актуальнай справай перакладу Катэхiзiса, Святога Пiсання i лiтургiчных тэкстаў на беларускую мову. Гэтым самым ён узбагацiў нашу культуру, уносячы ў яе духоўны i рэлiгiйны змест.

Пераклад рэлiгiйнай лiтаратуры, а асаблiва Святога Пiсання, - гэта вельмi складаны працэс, якi працягваецца i будзе працягвацца да канца часоў. Святое Пiсанне, як Божае слова, з часам пазнаецца ўсё больш i больш, i пераклад павiнен перадаваць яго сапраўдны сэнс, беручы пад увагу культуру часу, калi яно было напiсана, а таксама сучасную культуру. Перад перакладчыкам стаiць вельмi адказнае заданне – як мага дакладней перадаць змест Святога Пiсання i прадставiць пераклад прыгожым i зразумелым сучаснаму чалавеку.

Дзякуючы гэтаму а. Уладзiслаў Чарняўскi стаў пiянерам у галiне шырокага выкарыстання беларускай мовы ў жыццi Касцёла. Таму яго спадчына мае вялiкае значэнне як для адраджэння Касцёла на нашай зямлi, так i для ўзбагачэння нашай культуры. Гэтая спадчына добра ўпiсваецца ў дынамiчны працэс перакладу Святога Пiсання i лiтургiчных кнiг на беларускую мову i будзе служыць дапамогай для будучых новых перакладаў.

4. Такiм чынам а. Уладзiслаў Чарняўскi сваёй пастырскай дзейнасцю, а таксама працай па перакладзе Бiблii i лiтургiчных тэкстаў на беларускую мову, пакінуў пасля сябе пакаленнi людзей, якiя ў часы атэiзму не толькi не страцiлi веры, але яе захавалi i перадалi маладым пакаленням. Ён таксама пакінуў пасля сябе глыбокi след на нашай зямлi, след, па якiм iдуць яго нашчадкi і які вядзе да Бога.

Сёння мы дзякуем Богу за такога правiдэнцыйнага святара, якiм быў а. Уладзiслаў Чарняўскi. Глядзім на яго самога i дзякуем яму. Без падобных яму святароў не было б нас. Прыклад яго жыцця i спадчына, якую ён пакінуў, заклiкаюць нас жыць паводле хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Яго прыклад павiнен стаць заклiкам да маладых людзей адказаць “так” Пану, клiчучаму iх да святарства i кансэкраванага жыцця. Вiшнеўская парафiя павiнна быць славутай не толькi а. Уладзiславам Чарняўскiм, якi складае частку яе гiсторыi, але i шматлiкiмi паклiканнямi i жывучымі паводле духу Евангелля людзьмi.

Гэта будзе найлепшы помнiк слаўнаму сыну нашай зямлi.

5. Айцец Уладзiслаў. Ты амаль што два пакаленнi з гэтага месца вучыў людзей праўдзе Евангелля i благаслаўляў iх. Узглянь на гэты Божы народ, якi сабраўся тут, каб успомнiць цябе ў юбiлей 100-годдзя твайго нараджэння i падзякаваць табе, ак ахвярнаму святару.

Благаславi нас з акна нашага нябеснага Айца, каб мы, ужо ў новых абставiнах свабоды веравызнання i адначасова не бачнага дасюль нацiску лiбералiзму i секулярызму, нiколi не адраклiся евангельскiх каштоўнасцяў i на iх будавалi нашу будучыню. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі