Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас малітвы аб еднасці хрысціян

Мінскі архікатэдральны касцёл, 23 студзеня 2016 г.

Пакліканыя сумесна абвяшчаць Божае слова

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле, якое прызначана на сённяшні дзень Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, распавядае пра сейбіта і зерне, пра тое, што зярняткі падалі на розны грунт: на дарогу, на скалу, паміж церняў і на пладародную зямлю. Менавіта грунт стаўся рашучым фактарам таго, што толькі зерне, якое ўпала на  ўрадлівы грунт, прынесла багаты плён (пар. Мц 13, 3-9).

Гэта, як гаворыцца, прапісная ісціна, бо толькі добрая зямля, гэта азначае дагледжаная і акультываваная, дасць добры ўраджай. Менавіта таму добры гаспадар ужо з восені клапоціцца аб падрыхтоўцы зямлі да наступнага сезону. Ён таксама моліцца аб добрым надвор’і, каб летам было дастаткова дажджу, а зімой снегу, каб летам усходы не засохлі, а зімой – не вымерзлі і г.д.

Нешта падобнае адбываецца і з Божым словам. Касцёл праз святароў, кансэкраваных асобаў, евангелізатараў і свецкіх людзей сее яго. Сее яго Праваслаўная Царква. Сеюць пратэстанцкія супольнасці. Але праблема ў тым, на які грунт яно трапляе. Адпаведна падрыхтаваны ці не? Такое пытанне мы павінны задаць сабе, бо сучасны свет усё часцей жыве так, як быццам Бога няма. Ён не звяртае ўвагі на Божы закон, на прадпісанні маральнага права, на хрысціянскія традыцыі і г.д. Гэта азначае, што грунт, на які падае Божае слова, не падрыхтаваны.

2. Таму сёння перад усімі хрысціянамі стаіць вельмі адказнае заданне супольнага і адпаведнага выклікам часу абвяшчэнне Божага слова. Гэта будзе магчыма ўчыніць эфектыўна толькі тады, калі мы самі будзем сумесна, адчуваючы сябе братамі і сёстрамі, яго абвяшчаць.

Сучасны свет напоўнены словамі. Яны проста ўліваюцца ў наша жыццё. Аднак абсалютная большасць іх паходзіць не з нашых размоваў, а з тэлебачання, радыё і іншых сацыяльных медыя. Гэтыя словы фармуюць чалавека. Яны маюць моц будаваць і нішчыць. Большая колькасць узятых з гэтага мора слоў не нясе ніякага духоўнага паслання. У выніку чаго ў сучасным акіяне праблем яны не адыгрываюць ролі ратавальнага круга, за які можна было б ухапіцца, каб не патануць.

У той жа час Евангелле з’яўляецца тым словам, якое выконвае роль ратавальнага круга ці ліны, за якую можна ўхапіцца. Гэта тое самае слова, якое абвяшчаюць усе хрысціянскія супольнасці. І таму яно таксама нас аб’ядноўвае і заклікае да супольнага і салідарнага яго абвяшчэння.

3. Моцаю хросту мы ўсе інкарпараваны ў Хрыста, утвараем адзіны Божы народ і з’яўляемся святарскім народам. Менавіта таму, калі мы будзем сумесна абвяшчаць Божае слова, то наша абвяшчэнне не будзе падобна да згубленых у сучасным амаральным акіяне кропель, але стане моцным Божым цунамі, здольным змяніць свет.

Падзелы паміж хрысціянамі з’яўляюцца вялікай перашкодай для евангелізацыі. Свет не можа паверыць, што мы з’яўляемся вучнямі Хрыста, калі наша ўзаемная любоў не поўная, калі паміж намі няма згоды і паразумення. У той жа час наша хрысціянскае жыццё павінна быць напоўнена адкрытасцю адзін на аднаго, на іншыя хрысціянскія традыцыі. Кожны з нас, захоўваючы сваю традыцыю і ідэнтычнасць, павінен памятаць і аб тым, што мы ўсе з’яўляемся членамі таго ж самага Містычнага Цела Хрыста. А гэта азначае, што мы павінны быць адзіны, аб чым маліўся Езус падчас Апошняй Вячэры. Менавіта таму сёння мы молімся, каб Дух Святы вёў нас да адзінства.

4. Наказ Езуса да ўзаемнай любові не з’яўляецца толькі тэарэтычным. Экуменічныя сувязі і дыялог не другасныя ў жыцці хрысціянскіх супольнасцяў. Справа еднасці не з’яўляецца факультатыўнай, а адрозненні, якія нас раздзяляюць, не трэба ўспрымаць як непазбежныя, – кажа Папа Францішак (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2015/april/documents/papa-fancesco_20150430_commissione-internazionale-anglicana-cattolica.html).

Міжхрысціянскі дыялог павінен рэалізоўвацца ў штодзённым жыцці, у нашым супольным абвяшчэнні Евангелля і хрысціянскім сведчанні. Гэта нялёгкая справа, але яна неабходна, калі мы хочам захаваць хрысціянства перад націскам секулярызму і адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Не трэба баяцца, што можам нешта страціць. Наадварот, разам сведчачы наша хрысціянства і абвяшчаючы Евангелле, мы ўзаемна абагачаемся.

У справе еднасці хрысціян напісана шмат дакументаў. Аднак бачанне іх адзінства не засноўваецца выключна на дакументах, нават і вельмі важных. Яна выходзіць далёка па-за ўсё тое, што напісана ў кнігах і прынятых дакументах, і павінна ўцелаўляцца ў нашым жыцці, у малітве і місіі, якую мы пакліканы выконваць.

5. У працэсіі на гэтае супольнае набажэнства былі прынесены бохан хлеба, соль, вада і свечка. Усё гэта сімвалы, якія павінны нам дапамагчы ў дарозе да еднасці і да сумеснага абвяшчэння Божага слова. Нішто больш не аб’ядноўвае, чым хлеб. Падобна таму, як ён, спечаны з вялікай колькасці змолатых зярнятак, утварае адно цэлае, таксама і мы, розныя, павінны быць адзінымі.

Соль захоўвае ад псавання прадукты і надае смак ежы. Сучасны свет мае патрэбу ў солі хрысціянства, каб захаваць яго ад псавання і надаць яму смак хрысціянства.

Вада з’яўляецца знакам жыцця. Хрысціянства таксама з’яўляецца рэлігіяй жыцця. Наша супольнае заданне – напаіць людзей жывой вадой Божай ласкі.

Запаленая свечка з’яўляецца сімвалам Уваскрослага Хрыста – падмурку нашай веры і адзінай нашай надзеі.

6. Дарагія браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцяў, удзельнікі сённяшняй малітвы аб еднасці хрысціян.

Словы з Першага паслання св. апостала Пятра, якія з’яўляюцца тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана» (пар. 1 П 2, 9), павінны стаць імператывам нашай супольнай дзейнасці на ніве абвяшчэння Божага слова. Мы абвяшчаем не сябе саміх, але Хрыста і Ягонае слова, якое здольнае змяніць свет.

Божа, прымі нашу супольную малітву, учыні нас сапраўднымі сейбітамі Твайго слова, каб мы, праз сумеснае яго абвяшчэнне, будавалі нашу будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. Амэн.

Выкарыстаная літаратура:

1. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2015/april/documents/
papa-francesco_20150430_commissione-internazionale-anglicana-cattolica.html.

Адноўлена 23.01.2016 17:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі