Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з сакрамэнтам канфірмацыі і святкаваннем юбілею працаўнікоў сродкаў масавай камунікацыі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 студзеня 2016 г. (III-C нядзеля)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Напэўна, усе з нас ведаюць, што такое інаўгурацыйная прамова прэзідэнта. Усе яе вельмі ўважліва слухаюць, а медыя – каментуюць, бо яна з’яўляецца праграмай яго служэння. Так ужо ёсць у жыцці.

Сённяшняе Евангелле прадстаўляе сабой, калі так можна выказацца, інаўгурацыйную прамову служэння Езуса. Пасля таго, як Хрыстус правёў сорак дзён і начэй у пустыні, у суботні дзень Ён прыйшоў у сінагогу ў Назарэце. Там Ён прачытаў урывак з Кнігі Ісаі, у якой напісана: “Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным, і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана”. Пасля чаго Езус сказаў, што сёння гэтыя словы споўніліся.

2. Ці можам мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, сказаць, што сапраўды візія Хрыста ажыццявілася ў нашым жыцці? Адказы, напэўна, будуць розныя, бо пасля ХХ стагоддзяў абвяшчэння Евангелля мы ўсё яшчэ бачым масу нявырашаных праблем, колькасць якіх павялічваецца з дня на дзень.

Чаму так ёсць? Мы сустракаемся з фактам, што, нягледзячы на тое, што вучэнне Хрыста абвяшчаецца ўжо 2000 гадоў і ў апошнія часы ў гэтым працэсе ўсё большае значэнне маюць медыя, чалавецтва не прымае да канца візіі Хрыста і не жадае жыць паводле Яго закону. Таму мы пакуль што не можам сцвярджаць, што словы Святога Пісання споўніліся ў нашым жыцці, і таму неабходна працаваць над гэтым.

3. Не трэба далёка хадзіць за прыкладамі. У сучасным свеце ўсё больш дамінуе ідэя секулярызму ў імя свабоды выбару. Замест святаў Божага Нараджэння сёння ўсё часцей адзначаецца Зімовае свята. Аборты, эўтаназія, маніпуляцыя Божым дарам жыцця, дэградацыя інстытуту сям’і, паўсюдны ўпадак маральнасці, алкагалізм, наркаманія, карупцыя і многія  іншыя анамаліі сучаснага жыцця нішчаць хрысціянскую культуру. Свабода выбару вядзе да таго, што чалавек лічыць, што ён мае права чыніць усё, што хоча, а рэлігія і маральныя нормы павінны ўспрымацца толькі як прыватная справа чалавека.

Вынікаў такога мыслення і дзеяння не трэба чакаць доўга, бо сучасная культура перажывае не бачны дасюль крызіс. У той жа час свабода права выбару павінна базавацца не на волі чыніць усё, што хочацца, але на маральным праве. Свабода з’яўляецца вялікім Божым дарам. Таму лагічна ўзнікае пытанне: ці можа яна існаваць без прыняцця Божай праўды і Ягонага закону?

Незахаванне маральных норм вядзе да амаральнага жыцця, парушэння правоў іншых людзей, сацыяльнай несправядлівасці. Калі сродкі масавай камунікацыі з жахам распавядаюць пра жудасныя трагедыі, то ці яны шукаюць іх прычыны ў амаральным жыцці? Ніколі. Вінаваты той ці іншы чалавек, ці цэлая сістэма, але ніколі не ўспамінаецца пра адсутнасць маральных норм у жыцці паасобнага чалавека ці цэлых грамадстваў. Для вырашэння праблем усё часцей выкарыстоўваецца псіхалогія, што добра. Але пры гэтым ігнаруюцца маральныя нормы, як быццам не маючыя нічога супольнага з узніклай праблемай.

4. Візія Езуса Хрыста, каштоўнасці, якія Ён прынёс у гэты свет, і дзейнасць адпавядалі словам Яго інаўгурацыйнай прамовы. Сваёй пасхальнай таямніцай Ён прынёс свабоду тым, хто знаходзіцца ў палоне граху, хлусні і падману. Яго візія нясе нам святло праўды, каб мы ўмелі казаць “так – так” і “не – не”.

Наступствы аддзялення рэлігіі, маралі і духоўных каштоўнасцяў ад грамадскага жыцця відавочныя і катастрафічныя і вядуць да новага духоўнага зняволення і цемры. Доказам чаму з’яўляюцца нашы тэле- і радыёпраграмы, інтэрнэт, газеты і часопісы.

У той жа час Святое Пісанне і вучэнне Касцёла вучаць нас праўдзе, якая не змяняецца і паводле якой мы павінны жыць. А менавіта пазнаваць Божы закон, жыць паводле яго і быць яго сведкамі, каб несці святло Евангелля тым, хто знаходзіцца ў духоўнай цемры. На жаль, вельмі шмат людзей у наш час не ўспрымаюць Святога Пісання і вучэння Касцёла і жадаюць яго змены. Нам трэба памятаць, што Святое Пісанне дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

5. “Дух Пана на Мне”, – кажа Езус у сённяшнім Евангеллі.

Канфірмацыя – гэта сакрамэнт Святога Духа. Сакрамэнт, у якім Святы Дух умацоўвае нас сваімі сямю дарамі, каб мы былі духоўна моцнымі і разважлівымі, маглі супрацьстаяць выклікам часу і з моцай сведчыць хрысціянскую веру.

Дарагая моладзь, якая прымае сакрамэнт канфірмацыі, Святы Дух сёння сыходзіць на вас, каб Яго моцай вы сталі моцнымі ў веры і хрысціянскім сведчанні. Адкрыйцеся на Яго дзеянне і прыміце Яго, каб пад Яго дзеяннем самім змяніцца і змяняць свет на лепшы. Вы павінны стаць носьбітамі і сведкамі Евангелля ў наш час, калі людзі адракаюцца ад яго. Вы павінны супрацьстаяць секулярным выклікам часу і ўмець плыць супраць цячэння, каб з вас прыклад бралі іншыя.

6. Мы таксама перажываем Надзвычайны Юбілей Божай Міласэрнасці, падчас якога нам неабходна самім спазнаць ласку Божай міласэрнасці і стаць яе носьбітамі ў сучасным свеце, які мае ў ёй патрэбу, каб замест зла панавала дабро. Касцёл наогул і Святы Айцец Францішак звяртаюць вялікую ўвагу на значэнне сродкаў масавай камунікацыі як у справе абвяшчэння Евангелля, так і ў справе прыняцця і распаўсюджвання ідэі Божай міласэрнасці.

Эфектыўнасць новай евангелізацыі будзе залежаць ад таго, ці зможа Касцёл знайсці шляхі абвяшчэння Евангелля такім чынам, каб яно было зразумела ўсім і каб людзі яго з ахвотай слухалі і прымалі. Відавочна, што для вырашэння гэтага задання не дастаткова абвяшчаць Божае слова толькі з амбоны. Медыя павінны стаць новай амбонай для сучаснага чалавека, асабліва для моладзі, якая выхавана на іх і без іх не ўяўляе сабе свайго жыцця.

Наша жыццё прасякнута медыя. Але што яны нам прадстаўляюць? Як нас фармуюць? Ці не маніпулююць яны намі? Ці часта там гучыць слова Бог і маральны закон? На жаль, не. Таму з кожным днём узрастае роля каталіцкіх медыя, якія павінны стаяць у авангардзе абвяшчэння Божага слова і прапаганды здаровага маральнага стылю жыцця.

Зусім нядаўна мы распачалі Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Усе медыя, і каталіцкія, і свецкія, вельмішмат увагі прысвяцілі гэтай падзеі. І гэта добра. Аднак у той жа час было бачна, што многія свецкія медыя справу атрымання юбілейнага адпусту прадстаўлялі інструментальна. Маўляў, прайшоў праз брамы катэдры, і ўсё ў парадку, поўны адпуст ёсць. Што, як вядома, далёка не так, бо адпуст звязаны з сакрамэнтам пакаяння, святой Камуніяй і малітвай.

Таму роля каталіцкіх медыя ў справе як абвяшчэння Евангелля, так і святкавання Юбілейнага Года ўзрастае, каб належным чынам інфармаваць і фармаваць людзей. У Юбілейны Год Божай Міласэрнасці неабходна глыбей асэнсаваць праўду аб бязмежнай Божай міласэрнасці, самім яе спазнаць і быць яе носьбітамі ў нашым эгаістычным і самадастаковым свеце. У гэтым працэсе роля каталіцкіх медыя вельмі вялікая. Яны маюць магчымасць дайсці туды, куды не дойдзе святар.

Сёння ад усяго сэрца дзякую нашым медыя, якія ўжо каля 25 гадоў нясуць Божую праўду людзям. Гэта найперш выдавецтва “Pro Christo”, а таксама папулярны і добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі каталіцкі сайт catholic.by. Менавіта на іх плячы ўскладзена заданне быць найбольшай каталіцкай амбонай нашай краіны. Іх заданнем таксама з’яўляецца прадстаўленне праўдзівай інфармацыі аб жыцці Касцёла ў нашай краіне і ў свеце.

Словы сённяшняга Евангелля “Дух Пана на Мне” адносяцца таксама і да медыя. Моцныя Святым Духам, яны павінны верай і праўдай служыць Касцёлу і народу, каб быць крыніцай ведаў пра Касцёл і яго вучэнне, каб дзякуючы ім здзяйснялася новае Спасланне Святога Духа і духоўнае ўмацаванне людзей, іх канфірмацыя, а таксама, каб Божая міласэрнасць дасягнула кожнага чалавека.

Даверым Богу нашы каталіцкія медыя, а таксама і свецкія, якія могуць шмат у чым дапамагчы ў распаўсюджванні хрысціянскіх каштоўнасцяў і ідэі Божай міласэрнасці. Няхай яны дынамічна развіваюцца, своечасова адказваюць на ўзнікаючыя пытанні і выклікі часу. Касцёл жа праз іх няхай выйдзе на перыферыі жыцця нашага грамадства, асвятляе яго святлом Евангелля і абвяшчае бязмежную Божую міласэрнасць, каб людзі будавалі цывілізацыю жыцця і любові і дасягнулі вечнага шчасця. Амэн.           

Адноўлена 24.01.2016 18:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі