Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне Года кансэкраванага жыцця

Мінскі архікатэдральны касцёл, 4 лютага 2016 г.

Заставайцеся вернымі свайму выключнаму паклiканню

Глыбокапаважаныя кансэкраваныя асобы, прадстаўнiкi таварыстваў апостальскага жыцця, дарагiя браты i сёстры!

1. Вось i завяршаецца абвешчаны Папам Францiшкам Год кансэкраванага жыцця, якi разам з Паўсюдным Касцёлам перажываў i Касцёл у Беларусi. Паводле думкi Пантыфiка, ён павiнен быў стаць выключнай магчымасцю яшчэ раз падзякаваць Богу за мiнулае (пар. АЛК I, 1), падзякаваць як за слаўную агульную гiсторыю кансэкраванага жыцця, так i за гiсторыю канкрэтнай манаскай супольнасцi. Падзякаваць у маштабе Паўсюднага Касцёла i таксама ў маштабе Касцёла ў Беларусi, на адраджэнне якога манаскiя супольнасцi розных харызматаў мелi i маюць вельмi вялiкi ўплыў. За гэта Касцёл вельмi ўдзячны вам.

Год кансэкраванага жыцця, які завяршаецца, таксама стаў добрай нагодай з радасцю прыняць, перажываць i ацанiць сучаснасць (пар. АЛК I, 2), даследаваць, у якiм пункце жыцця i служэння Касцёлу паводле харызматаў сваiх заснавальнiкаў знаходзяцца манаскiя супольнасцi. Гэта вельмi важна, бо, не ведаючы свайго актуальнага стану, немагчыма ўдасканальвацца i планаваць будучыню. Гэта як з хваробай: каб яе лячыць, неабходна паставіць дыягназ.

Час ласкi, які завяршаецца, быў таксама часам прыняцця будучынi з надзеяй (пар. АЛК I, 3), нягледзячы на многiя цяжкасцi, з якiмi спатыкаюцца кансэкраваныя асобы i таварыствы апостальства свецкiх. Тут трэба ўспомнiць словы св. апостала Паўла, што калi з намi Бог, то хто супраць нас (пар. Рым 8, 31). А Бог нас нiколi не пакідае адных, Ён заўсёды з намi, неабходна толькi Яго бачыць i Яму адкрыць свае сэрцы.

На парозе Года кансэкраванага жыцця Папа Францiшак выказаў спадзяванне, што ён разбудзiць Касцёл i надасць яму новы дынамiзм, а таксама ўнясе радасць у яго жыццё (пар. АЛК II, 1-2).

Адным словам – Год кансэкраванага жыцця стаў часам ласкi, за якi мы ўсе, кансэкраваныя i некансэкраваныя асобы, павiнны з радасцю дзякаваць, бо з’яўляемся членамi таго ж самага Касцёла, як Мiстычнага Цела Хрыста.

2. Да гэтай радасцi заклiкае нас Евангелле аб ахвяраванні Езуса ў Ерузалемскай святынi. Натхнёныя Святым Духам старац Сiмяон i прарочыца Ганна, якiя разам з усiм Выбраным народам чакалi i не маглi дачакацца прыйсця Збаўцы, прыходзяць у Ерузалемскую святыню якраз тады, калi Марыя з Юзафам прыносяць туды Немаўлятка Езуса, каб ахвяраваць Яго Богу. Бачачы Дзiцятка, яны зразумелi, што прыйшла iх гадзiна, што Збаўца нарадзiўся. Старац Сiмяон бярэ Немаўлятка ў свае рукi i выказвае радасць з яго нараджэння: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля” (Лк 2, 29-32). Цешыцца з гэтай падзеi i прысутная ў Ерузалемскай святыні прарочыца Ганна і распавядае пра Збаўцу (пар. Лк 2, 36-38).

Гiсторыя ахвяравання Немаўляткi Езуса ў Ерузалемскай святынi як быццам кажа нам аб тым, што Яго чакала ўся святыня. Дом Божы стаўся таксама домам Яго Уцелаўлёнага Сына. У прарочай постацi чакаючых Збаўцу Сiмяона i Ганны знаходзiцца ўвесь Стары Запавет, што праяўляецца ў радасцi iх сустрэчы з Езусам.

3. У сваiх натхнёных словах Сiмяон, чалавек Старога Запавету i чалавек Ерузалемскай святынi, выказвае ўпэўненасць, што гэтае святло прызначана не толькi для Iзраэля, але i для ўсiх людзей. У iм старасць свету бярэ ў свае абдымкі славу вечнай маладосцi Бога.

Аднак у атмасферы гэтай радасцi з’яўляецца вобраз крыжа, бо цемра супрацьпастаўляецца святлу. Звяртаючыся да Марыi, Сiмяон прароча кажа, што Яе Сын “прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіць думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 34-35).

Словы песнi Сiмяона маюць такое важнае значэнне, што кожны дзень гучаць у малiтве завяршэння Лiтургii гадзiн. Такiм чынам Касцёл, як Народ Новага Запавету, успрымае апошняе слова Старога Запавету i абвяшчае спаўненне Божага абяцання: што “Святло для асвятлення язычнiкаў” распаўюдзiлася па ўсёй зямлi i прысутна паўсюль праз збаўчую справу Хрыста.

Лiтургiя гадзiн паўтарае гэтыя словы Сiмяона разам са словамi, якiя Хрыстус сказаў, памiраючы на дрэве крыжа: “Ойча, у рукi Твае аддаю дух Мой” (Лк 23, 46) i адначасова запрашае да разважання над збаўчай справай, якую здзейсніў Езус. Такiм чынам Касцёл абвяшчае, што прадказанае прарокамi збаўленне дасягнула сваёй паўнаты.

4. Сёння, завяршаючы Год кансэкраванага жыцця, таксама i мы з запаленымі свечкамi iдзём на сустрэчу з Тым, якi ёсць “святлом свету”, i вiтаем Яго з верай, якую атрымалi падчас сакрамэнту хросту. Той, хто захавае гэту веру, будзе збаўлены. Традыцыйна гэтыя свечкi мы захоўваем дома i запальваем у небяспечных сiтуацыях, падчас буры цi iншага катаклiзму. Менавiта таму яны i называюцца грамнiчнымi, бо аддаляюць громы i сцерагуць ад злога. Таму i свята называецца святам Маці Божай Грамнiчнай.

Яшчэ больш вымоўнае значэнне мае гэтая запаленая свечка ў руках памiраючага чалавека, каб яе святло асвятляла яго апошнi шлях да вечнасцi. У гэтым звычаi крыецца перакананне, што, iдучы за святлом веры, чалавек уваходзіць у шчаслiвую вечнасць, дзе не будзе ночы і не будзе патрэбы ў святле, бо Бог будзе асвятляць яго (пар. Ап 22, 5).

Да гэтага ўваходу ў Божае Валадарства вядуць нас i словы рэспансарыйнага псальма: “Пан Магуццяў, Ён кароль славы” (Пс 24 (23), 7). Яны непасрэдна адносяцца да Хрыста, якi на руках Марыi i Юзафа ўваходзiць у Святыню Старога Запавету. Iх рукi можна параўнаць з абдымкамі Касцёла, якi ўносiць кожнага веруючага ў Божае Валадарства.

5. Свята Ахвяравання Пана i завяршэнне Года кансэкраванага жыцця яшчэ раз звяртае нашу ўвагу на дар паклікання. Хрыстус паклiкаў вас, каб вы наследавалi Яго як мага больш поўна і дасканала. У наш час, калі дамінуе iдэя секулярызму i матэрыялiстычнага атэiзму, ваш поўны дар сябе Хрысту з’яўляецца знакам альтэрнатыўнага логiцы сучаснага свету жыцця, бо ваша жыццё пазначана евангельскiм радыкалiзмам i накiравана на эсхаталагічныя рэчы.

Свет мае патрэбу ў вашым сведчанні, таму вы павiнны заставацца вернымi свайму ўзнёсламу i выключнаму паклiканню. Няхай вам заўсёды спадарожнiчаюць словы Апостальскай адгартацыi св. Яна Паўла II аб кансэкраваным жыццi: “Ведайце, каму даверыліся (пар. 2 Цім 1, 12); аддайце яму ўсё! …Будзьце вернымі сваім абавязкам адносна Бога. … Памятайце, што вы можаце і павінны казаць, што не толькі належыце да Хрыста, але сталіся Ягонымі” (VC 109).

Запаленые на пачатку набажэнства свечкi выказваюць наша чуванне i чаканне прыйсця Пана, якое павiнна пазначаць жыццё кожнага чалавека, а асаблiва кансэкраваных асобаў, як паклiканых да спаўнення ў Касцёле асаблiвай мiсii сведкаў святла Хрыста, якое нiколi не заходзiць, згодна са словамі Евангелля: “Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5, 16). Таму даверцеся Хрысту, каб Ён быў вам крынiцай святла i надзеi для тых, каго вы спаткаеце ў вашым жыццi.

6. На лагатыпе Года кансэкраванага жыцця знаходзяцца тры наступныя словы: Евангелле, прароцтва i надзея. У iх выказана тое заданне, якое павiнна спадарожнiчаць жыццю i служэнню кансэкраваных асобаў і членаў таварыстваў апостальскага жыцця. У iх выказаны тоеснасць i гарызонты, досвед i iдэалы, ласка i дарога, якую перажыло i далей перажывае кансэкраванае жыццё ў Касцёле як Божым народзе ў пiлiгрымцы народаў i культур.

Слова “Евангелле” ўказвае на галоўны прынцып кансэкраванага жыцця, якiм ёсць следаванне за Хрыстом (пар. РС 2). Слова “прароцтва” нагадвае аб прарочым характары кансэкраванага жыцця, што з’яўляецца асаблiвай формай удзелу ў прарочай функцыi Хрыста, якая ажыццяўляецца ў абвяшчэнні новых наведзiн Бога і пошуку новых шляхоў евангелiзацыi (пар. VC 84). Слова “надзея” нагадвае аб спаўненнi хрысцiянскай таямнiцы дасягнення Божага Валадарства. Кансэкраванае жыццё павiнна сведчыць аб тым, што кожная надзея, нягледзячы на цяжкасцi жыцця i небяспечныя выклiкi часу, будзе споўнена (пар. VC 27. 85). Таму кансэкраванае жыццё як знак надзеi становiцца мiласэрнасцю.

7. Дарагія браты і сёстры!

Год кансэкраванага жыцця завяршаецца, але не завяршаецца яго гісторыя. Як вялiкi дар Касцёлу, яно павiнна развiвацца i выконваць тую мiсiю, якую Бог яму даверыў паводле розных харызматаў, вялiкая колькасць якiх дазваляе больш эфектыўна i рознабакова падыходзiць да складанай евангелiзацыйнай i прафетычнай мiсii, каб несцi людзям новую надзею, нават насуперак надзеi (пар. Рым 4, 18).

Будзьце соллю зямлi і святлом свету (пар. Мц 5, 13-14). Сучасны секулярызаваны свет мае патрэбу ў солi хрысцiянства, каб маральна не  сапсавацца. Ён мае патрэбу ў святле Евангелля, каб не заблукаць у цемры свету, які ўсё больш дэмаралізуецца. Яму неабходна хрысцiянскае сведчанне, што i ў наш час ёсць людзi, якiя ўмеюць плысцi супраць цячэння i не паддаюцца модзе адыходу ад Бога i абагаўлення амаральных спраў.

Няхай Марыя, якую сёння праслаўляем i якая да канца выканала волю Бога, будзе ўсiм нам прыкладам.

Наша духоўная Маці, выпрасi ў свайго Сына ласку тым, хто праз законную кансэкрацыю атрымаў дар наследавання Яго, каб яны былi соллю зямлi i святлом свету, умелi сведчыць аб Iм сваiм жыццём i з радасцю накiроўвалiся да нябеснай Айчыны i да святла, якое нiколi не заходзiць (пар. VC 112). Амэн.

Выкарыстаная лiтаратура i прынятыя скарачэннi:

1. II Ватыканскi Сабор. Дэкрэт пра аднаўленне кансэкраванага жыцця “Perfectae caritatis” (РС).
2. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя “Vita consecrata” (VC).
3. Францiшак. Апостальскi лiст да ўсiх кансэкраваных асобаў, членаў апостальства свецкiх i таварыстваў апостальскага жыцця (АЛК)

Адноўлена 04.02.2016 15:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі