Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Папяльцовую сераду (Імша ўвечары)

Мінскі архікатэдральны касцёл, 10 лютага 2016 г.

Вялiкi пост – час радаснага навяртання

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. Iзноў Папяльцовая серада, iзноў Вялiкi пост — час навяртання i час духоўнай падрыхтоўкi да святаў Пасхi. Мы пачынаем яго абрадам пасыпання галоваў попелам, што вельмi сiмвалiчна. Папяльцовая серада ставiць нас перад дзвюма праўдамi нашага жыцця, з якiмi мы, людзi XXI стагоддзя, не вельмi хочам згадзiцца i якiя сучасная культура мiнiмалiзуе, адхіляе або проста iгнаруе.

Першая праўда — гэта праўда пра грэх. Кожны чалавек грэшны. Замест таго, каб выконваць Божую волю, мы жывём паводле нашай. Ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынiм зло. Грахоўнасць, якая ўкаранiлася ў нас, парушае сувязi з Богам, блiжнiм i стварэннем. Мы таксама ведаем, што не можам вылечыць саміх сябе з гэтай духоўнай хваробы.

Наступная праўда Папяльцовай серады – гэта праўда аб смерцi. Аб ёй нагадвае абрад пасыпання галоваў попелам, калi святар кажа: «Памятай, чалавек, што ты — прах i ў прах вернешся», бо ўсе мы калiсьцi памром.

2. Канцэнтравацца на гэтых дзвюх праўдах вельмi цяжка. Але толькi прыняўшы iх, мы зможам прыняць iншую праўду: што дзякуючы Божай ласцы мы можам атрымаць вечнае жыццё. Аб гэтым мы павiнны памятаць заўсёды, але асаблiвым чынам перажываць яе сёлета, у Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi.

Самая вялiкая навiна Добрай Навiны, гэта азначае Евангелля, у тым, што Бог мiласэрны i нiкога не асуджае, але чакае навяртання. Ён разумее чалавечую слабасць i не пакідае нас адных з нашымi грахамi, але рашуча ўваходзiць у наша жыццё i чынiць тое, чаго мы самi не можам учынiць.

Хаця мы грэшнiкi i не можам збавiць самi сябе, тым не менш на нашым жыццёвым шляху нас сустракае Той, хто можа нас выратаваць. Ёсць Той, хто любiць нас так моцна, што можа даць нам вечнае жыццё. Гэта мiласэрны Езус.

3. Вялiкi пост – гэта вельмi добры час, каб таксама засяродзiцца на праўдзе аб тым, кiм мы з’яўляемся i каму належым – Богу цi да злому духу. Мы добра ведам, якая нялёгкая справа судзiць самога сябе. Нялёгка прызнацца ў сваім граху. Яшчэ цяжэй прыняць рэальнасць смерцi, аб якой сучасны свет стараецца не ўспамiнаць.

Аднак першым крокам да сапраўднага навяртання, гэта азначае вяртання на шлях жыцця паводле Божага закону, з'яўляецца ўсведамленне сваёй грахоўнасцi i таго, што мы зграшылi думкаю, словам, учынкам i занядбаннем. Гэта таксама ўсведамленне таго, што мы заблудзiлiся ў нашым жыццёвым падарожжы i што нам неабходна дапамога. I нарэшце, для сапраўднага навяртання неабходна прыняць праўду, што адзiная наша надзея ў Божай мiласэрнасцi.

4. Гэтай міласэрнасцю мы павінны дзяліцца з іншымі і прабачаць ім іх правіны, каб у нашых вачах яны ўбачылі не суддзяў, але поўных міласэрнасці братоў і сясцёр.

У 1981 г. тэрарыст Алі Агджа на плошчы св. Пятра выстраліў у Папу Яна Паўла II і моцна параніў яго. Па прашэсці некалькі гадоў Папа сустрэўся з тэрарыстам і сказаў, што даруе яму. Гэты жэст Пантыфіка выклікаў шмат каментарыяў, сярод якіх быў і такі: «Ну што ж, гэта Папа, яго абавязкам з’яўляецца дараваць».   

Тое, што было сказана пра Папу, адносіцца да кожнага з нас. Нашым абавязкам таксама з’яўляецца прабачаць правіны іншым. У той жа час прабачэнне – праблемаа нашага часу, і сучасная культура мае ў ім патрэбу. Замест таго, каб прабачыць, мы жадаем вінаватаму зла і цешымся з яго памылак. Мы закопваем сякеру разам з людзьмі. Але добра ведаем, дзе знаходзіцца магіла, і гатовы яе выкапаць у любы момант. Мы кладзём наша абурэнне ў халадзільнік, але гатовы яго дастаць адтуль у любы момант. Мы топім нашу незадаволенасць у возеры, але памятаем месца, каб заўсёды знайсці яе. Такім чынам мы гаворым аб прабачэнні больш, чым на самой справе прабачаем.

5. Сёння, калi мы пачынаем 40-дзённы шлях Вялiкага посту, мы павiнны памятаць, што Бог, якога нам аб’явiў Езус Хрыстус, мацнейшы за злога духа i што Богу, а не злому духу, належыць апошняе слова. Аб гэтым нам нагадвае пасхальная таямнiца крыжовай смерцi i ўваскрасення Хрыста, якой Ён перамог смерць i чакае нас, каб у сваёй мiласэрнасцi вылечыць ад смяротнай хваробы граху.

Паводле хасiдскай габрэйскай традыцыi, у вопратцы габрэя павiнны быць два кiшэнi з двума кавалкамi паперы. На адным напiсана: «Я попел», а на другiм: «Бог стварыў свет для мяне». Хаця гэта не хрысцiянская традыцыя, тым не менш яна можа нам дапамагчы на шляху да духоўнага ўдасканалення.

Мы павiнны памятаць, асаблiва сёння, у Папяльцовую сераду, аб першым кавалку паперы, а менавiта аб тым, што мы створаны з пылу зямлi i ў яго пераменімся. Мы таксама павiнны памятаць i аб тым, што ў Хрысце мы сталi Божымi дзецьмi, што ў Хрысце Бог нам даруе нашы грахi i чынiць спадкаемцамi таго, што Ён стварыў, у тым лiку неба. Гэта азначае, што мы павiнны жыць адначасова духам пакаяння i радасцi вечнага жыцця, якое нас чакае.

Таму пакаянне i радасць – гэта два полюсы, вакол якiх павiнна канцэнтравацца наша жыццё. Дух Святы анiмуе iх у нас, каб весцi да крынiцы жывой вады – да Хрыста. Аб гэтым асаблiва неабходна памятаць у Вялiкi пост, калi мы разважаем пра крыжовую смерць Езуса, якая вядзе да Уваскрасення, ведаючы аб тым, што калi мы з Iм памрэм для граху, то з Iм таксама i ўваскрэснем да новага жыцця.

Няхай жа Вялiкi пост стане часам навяртання, узаемнага прабачэння i радасцi, да якой ён нас вядзе згодна з праўдай нашай веры: «Хрыстус памёр, Хрыстус уваскрос, Хрыстус прыйдзе iзноў», якой удзельнiкамi мы з’яўляемся. Амэн.

Адноўлена 10.02.2016 16:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі