Мінскі архікатэдральны касцёл, 10 лютага 2016 г.
Вялiкi пост – час ласкі і навяртання
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Папяльцовай серадой мы распачынаем Вялікі пост — час ласкі і навяртання. Назва «Папяльцовая серада» бярэ пачатак ад слова «попел» як знак знішчэння. Гэта сімвалічна, бо ў Вялікі пост мы павінны імкнуцца да знішчэння нашых грахоў, дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, якая адкрыта на кожнага чалавека.
Святое Пісанне кажа, што Бог жадае не ахвяры, а міласэрнасці і прабачае кожнаму, хто Яго аб гэтым просіць. Ідэя Божай міласэрнасці чырвонай ніткай праходзіць праз усё Святое Пісанне.
Касцёл заўсёды прапаведаваў ідэю Божай міласэрнасці. Асабліва гэта стала бачна ў 30-я гады мінулага стагоддзя, калі дзякуючы аб’яўленням Езуса Міласэрнага св. Фаўстыне Кавальскай чалавецтва яшчэ лепш пазнала таямніцу Божай міласэрнасці. Вялікім прапагандыстам Божай міласэрнасці стаў св. Ян Павел II, які ўвёў свята Божай міласэрнасці. Бэнэдыкт XVI вучыць, што Божая міласэрнасць — гэта не філантропія, але рэальны духоўна ажыўляючы ўваход Бога ў жыццё чалавека. Папа Францішак кажа, што Бог не стамляецца ў прабачэнні, гэта значыць у міласэрнасці, толькі мы забываемся прасіць Яго аб гэтым.
2. На пачатку Вялікага посту Бог пытаецца ў нас, ці сапраўды мы адчуваем голад Бога і ці імкнёмся да святасці. Ён жадае, каб мы паддаліся дзеянню Святога Духа і дзякуючы гэтаму сталі ўдзельнікамі яго святасці і выпраменьвалі вакол сябе радасць Евангелля. Святы Аўгустын кажа, што ёсць два тыпы людзей і два тыпы любові: «Адзін святы, другі эгаістычны. Аб’ектам любові першага ёсць Бог, а другога — сам чалавек, які ставіць сябе на месца Бога». Насамрэч мы з’яўляемся такімі, якой любоўю мы любім Бога і самога сябе. Бог хоча вызваліць нас ад усяго таго, што трымае нас у палоне эгаізму і граху. Прарок Ёэль кажа: «Раздзірайце вашы сэрцы, а не вопратку». Святы Дух заўсёды гатовы дапамагчы нам у гэтым змаганні, каб весці нас шляхам духоўнага ўдасканальвання.
3. На пачатку Вялікага посту Езус засяроджавае нас на трох Яго элементах: малітве, посце і міласціне, як на трох падмурках, на якіх мы павінны будаваць наша жыццё ў гэтым часе.
Чаму Езус так чыніць? Паводле яўрэйскай традыцыі малітва, пост і міласціна былі галоўнымі элементамі рэлігійнага жыцця. Яны былі як быццам ключавымі прыкметамі набожнага чалавека.
Нагадваючы пра малітву, пост і міласціну, Езус паказвае ўсю іх духоўную сутнасць. Ён выразна пытаецца: «Чаму вы моліцеся, посціце і даяце міласціну?» і адказвае: «Каб звярнуць увагу іншых ці каб праслаўляць Бога?» Езус папярэджвае, што так не павінна быць. У гэтых практыках мы не павінны шукаць сваёй славы, але славы Бога. Бог глядзіць не на тое, як мы выглядаем звонку, але на стан сэрца.
Сапраўдная пабожнасць праяўляецца ў павазе, пашане і паслухмянасці Богу. За гэта Езус абяцае ўзнагароду, якая і праяўляецца ў нашых адносінах з Богам, у якім мы знаходзім паўнату жыцця, шчасця і праўды. Бог жадае нас абнавіць духоўна. Ці хочам мы гэтага і ці дазваляем Яму гэта ўчыніць, — вось пытанне, якое стаіць перад намі на пачатку Вялікага посту.
4. Вялікі пост трывае 40 дзён. Гэта лічба мае сваё абгрунтаванне ў Святым Пісанні. Майсей 40 дзён на малітве і посце шукаў аблічча Бога на гары Сінай. Народ Ізраэля цягам 40 дзён у пустыні рыхтаваўся да пераходу ў Абяцаную Зямлю. Прарок Ілля таксама 40 дзён пасціўся ў пустыні. Нарэшце Езус таксама 40 дзён і начэй маліўся і пасціўся перад распачаццем сваёй публічнай місіі. Таму і мы пакліканыя ў падарожжа з Панам у гэтым часе малітвы, посту і міласціны, каб належным чынам падрыхтавацца да святаў Вялікадня.
Для гэтага неабходна выкарыстаць духоўныя практыкі, якія Касцёл прапануе нам у гэтым часе. А менавіта — удзел у разважаннях Крыжовага шляху, каб лепш зразумець цану, якой мы былі адкуплены і такім чынам зразумець, наколькі небяспечным ёсць грэх. Таму Вялікі пост таксама заклікае нас да падняцця з Божай дапамогай да практыкі супрацьстаяння спакусам. Нам неабходна прымаць удзел у рэкалекцыях, у гэтых духоўных практыкаваннях, каб лепей спазнаць сябе саміх, наш духоўны стан, спазнаць духоўную хваробу, на якую мы хварэем, каб падабраць адпаведныя лекі.
Праблемай і нават трагедыяй сучаснага чалавека ёсць тое, што ён згубіў пачуццё граху. А гэта не так. Усе мы грэшныя і ўсе патрабуем навяртання. Нам неабходна прымаць удзел у пакутных набажэнствах, у святой споведзі, дзе бязмежны ў сваёй міласэрнасці Езус ачысціць нас з нашых грахоў лепш, чым найлепшая пральная машына.
Словам, Вялікі пост — гэта час духоўнага бою з грахом і нашымі злымі звычкамі. Мы не адны ў гэтым баі, бо з намі Хрыстус, і калі даверымся Яму, то пераможам.
Пане Езу, адары нас вытрымкай і жывой верай, цвёрдай надзеяй і вялікай любоўю да Бога і бліжніх у гэты час ласкі і навяртання, каб пасля 40 дзён посту мы з чыстай душой спявалі радаснае «Алелюя», як песню хвалы Уваскросламу Пану. Амэн.
|