Мінскі архікатэдральны касцёл, 14 лютата 2016 г.
Малітва, пост і міласціна – лекі ад духоўнай хваробы
Глыбокапаважаныя браты i сёстры!
1. Евангелле першай нядзелi Вялiкага посту вядзе нас у пустыню, дзе Езус пасцiўся 40 дзён i начэй i дзе Яго спакушаў д’ябал. У гэты час Езус пацвердзiў, што любоў да свайго нябеснага Айца мацнейшая за ўсё iншае. Наша любоў да Езуса ў Вялiкi пост вядзе нас блiжэй да Яго i пераўзыходзiць усё, што нас аддзяляе ад Яго.
Езус у пустынi – гэта прыклад для нас, асаблiва ў Вялiкi пост. Калi б Езус паддаўся спакусам злога духа, то Ён парушыў бы Божы план збаўлення. Падобна і мы, калi паддаёмся спакусе, то парушаем Божы план адносна нас самiх. Грэх аддзяляе нас ад Бога і таго, што Ён жадае ў нас учынiць. Гэта падобна да першароднага граху, за які нашы першыя бацькi былi выгнаны з раю.
Аднак, калі мы верым у Бога, то наша любоў да Яго павінна натхняць нас з усёй сур’ёзнасцю аднесцiся да граху падчас Вялiкага посту, каб напрыканцы яго быць як мага блiжэй да Хрыста. Таму на пачатку Вялiкага посту неабходна задаць пытанне: цi мы дастакова любiм Бога, каб адмовiцца ад усяго таго, што нас аддзяляе ад Яго? Вялiкi пост – добры час зрабiць гэта. Цi мы так моцна любiм Бога, каб адпаведна выкарыстаць ласку Вялiкага посту і напрыканцы яго сказаць, што мы перамаглi грэх i адмовiлiся ад грахоўных схільнасцяў з мэтай быць блiжэй да Хрыста? Цi мы дастаткова любiм Бога, каб, адзначаючы Пасху, маглi сказаць, што мы таксама адзначаем новае жыццё ў Езусе, бо перамаглi грэх? Цi мы любiм Езуса больш за ўсё? Вялiкi пост – гэта час накiравацца блiжэй да Бога.
2. Калi мы захварэем, то iдзём да ўрача, якi нас абследуе i выпiсвае лекi. Мы iх прымаем з надзеяй, што яны дапамогуць. Ад пачатку свайго iснавання Касцёл рэкамендуе тры наступныя лекi на Вялiкi пост з мэтай вылечыць нас ад духоўнай хваробы, прывесцi блiжэй да Езуса i перамагчы грэх. Гэтымі лекамі з’яўляюцца тры справы, аб якіх нам нагадвае Евангелле Папяльцовай серады: малiтва, пост i мiласцiна. Езус вучыць аб значэннi гэтых велiкапосных практык. Гэтыя лекi дапамагаюць лячыць душу. Яны пацверджаны шматвяковым досведам Касцёла, дапамагаюць у барацьбе са злым духам, спакусамi i вядуць блiжэй да Езуса.
3. Усе тры спакусы, аб якiх кажа сённяшняе Евангелле i якiм Езус не паддаўся, нагадваюць пра малiтву, пост i мiласціну. На прапанову д’ябла аб усiх валадарствах свету Езус адказвае, што неабходна праслаўляць аднаго Бога. Гэта не што іншае, як заклiк да малiтвы.
На прапанову хлеба Ён адказвае, што не адзiным хлебам будзе жыць чалавек. Гэта заклiк да посту.
На прапанову кiнуцца ўнiз з высокай гары i паглядзець, цi ўратуе Бог, Езус адказвае, што нельга выпрабоўваць Пана. Гэта заклiк да мiласцiны, бо не трэба чакаць, калі Бог прыйдзе i дапаможа патрабуючым. Мы з’яўляемся Божымi рукамi, i Бог дзейнiчае праз нас.
4. Для малiтвы патрэбна цiшыня. Мы не можам малiцца пры ўключаным тэлевiзары або пры iншых перашкодах, якiя нам не даюць магчымасцi сканцэнтравацца на размове з Богам. У Евангеллi мы знойдзем шмат прыкладаў, калi Езус iшоў у цiхае месца памалiцца. Калi Езус меў патрэбу ў цiшынi для малiтвы, то тым больш мы маем у ёй патрэбу.
Цi можам мы знайсцi час, каб правесцi яго з Езусам i Марыяй? У Святым Пiсаннi чытаем, што калi Iлля схаваўся ў пячоры i туды ўварваўся моцны вецер, то ў iм не было Бога. Калi здарыўся землятрус, то ў iм таксама не было Бога. Не было яго i ў агні. I толькi ў цiхiм ветры Iлля спазнаў прысутнасць Бога. Гэты бiблійны аповед нагадвае аб тым, што, каб знайсцi Бога, неабходна ў нашым штодзённым жыццi знайсцi цiхае месца.
Такiм адасобленым месцам малiтвы можа быць касцёл i адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая ў гэты Год Божай Міласэрнасці кожны дзень адбываецца ў катэдры. Такiм месцам можа быць разважанне Крыжовага шляху цi сумесная малiтва Ружанца ўсёй сям’ёй.
5. Вялікі пост – гэта час посту. Мы можам пасцiцца не толькi i не столькi адмаўляючыся ад мясных страваў у некаторыя днi, але таксама абмяжоўваючы час прагляду тэлевiзара цi карыстання інтэрнэтам з мэтай больш часу прысвяцiць сям’i, вучобе, чытанню Святога Пісання і г.д. Можам пасцiцца, адмаўляючыся паліць цi ўжываць алкаголь. Але найважнейшае – можам пасціцца, перастаючы грашыць.
6. Мiласцiна з’яўляецца выражэннем нашай любовi да Бога i патрабуючых. Калi мы любiм Бога, то мы таксама любiм людзей у нястачы i патрэбе i дапамагаем iм, бо i яны Божыя дзецi. У малiтве “Ойча наш” мы не называем Пана “мой Бог”, але “наш Бог”, бо ўсе мы Ягоныя дзецi.
Аднойчы, размаўляючы з фарысеямi, Езус параiў iм даваць мiласцiну, кіруючыся ўнутранымі матывамі, бо тады яны будуць чыстымi. У iншым месцы Ён казаў, што мiласцiна дае скарб нябесны. Езус таксама распавядаў парабалу пра жабрака Лазара i багатага чалавека, які нiколi не дапамог беднаму. Але калi яны двое памерлi, то бедны чалавек быў у небе, а багаты – у пекле.
7. Таму, дарагiя браты i сёстры, усе тры спакусы, аб якiх нагадвае сённяшняе Евангелле, адносяцца да малiтвы, посту i мiласцiны. Калi мы хворыя, то iдзём да ўрача i ён выпiсвае нам лекi. Лекамi ад нашай духоўнай хваробы з’яўляюцца малiтва, пост i мiласцiна. Няхай гэтыя лекі спадарожнiчаюць нам падчас Вялiкага посту, які распачаўся, як часу лячэння душы, часу навяртання i ласкi.
8. Сёлетні Вялікі пост увойдзе ў гісторыю хрысціянства, бо падчас яго ў Гаване на Кубе ўпершыню ў гісторыі сустрэліся Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, якія назвалі сябе братамі.
Гэтая сустрэча паказала супольную заклапочанасць лёсамі хрысціянства і сучаснага свету. З усёй адказнасцю прадстаяцелі Цэркваў заклікалі як католікаў, так і праваслаўных імкнуцца да еднасці і сумеснага хрысціянскага сведчання, да абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, да захавання хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы. Яны таксама звярнуліся да палітычных і грамадскіх сіл з заклікам учыніць усё магчымае, каб спыніць пераслед хрысціян, якія змушаны пакінуць месцы гістарычнага прабывання.
Сустрэча паказала, што рубікон недаверу пройдзены і мы ўваходзім у новую эпоху нашых адносін. Атмасфера сустрэчы дазваляе спадзявацца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым яшчэ не быў. І няхай так будзе. Амэн.
|