Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святкавання Юбілейнага Года з удзелам Мінска-Магілёўскай курыі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 22 лютага 2016 г.

Сёння Касцёл адзначае свята катэдры св. Пятра, апостала. Сваю назву яно бярэ ад крэсла, з якога, паводле традыцыі, Пётр навучаў і якое знаходзіцца ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Гэтае свята, як і сённяшнія чытанні, нагадваюць нам пра выбар апостала Пятра быць бачнай галавой Касцёла, быць Вікарыем Езуса на зямлі.

Адзін вядомы амерыканскі гумарыст Йогі Бэрра любіў казаць: “Калі вы падышлі да развілкі дарогі, то вазьміце яе”. Беларускае слова “развілка” на англійскай гучыць як “відэлец”. Гэты гумар базуецца на гульні словаў “відэлец” і “развілка дарогі”. Сапраўды, калі перад намі відэлец, то нам неабходна ўзяць яго ў рукі, каб ім спажываць ежу. Сённяшняе Евангелле таксама прадстаўляе нам такую развілку: адна дарога вядзе да праўды аб тым, што Езус – гэта Сын Божа, а другая – што Пётр ад Езуса атрымаў прывілей прымату ў Касцёле. І нам неабходна прыняць гэтыя дзве праўды, як быццам дзве дарогі нашага хрысціянскага жыцця.

Таму сённяшняе Евангелле можна назваць Евангеллем вызнання Пятра аб тым, кім ёсць Езус, і адначасова прызначэння яго першым у Касцёле.

Езус цікавіцца, кім Яго лічаць людзі. Гэта натуральна, бо Ён быў вельмі папулярным і за Ім ішлі натоўпы людзей. Аднак Ён хацеў ведаць, кім на самой справе Ён для іх з’яўляецца. Напэўна, і кожны з нас зрабіў бы падобна. Адказы, як мы пачулі, былі розныя.

Гэта, як бачна, не задаволіла Езуса да канца, і Ён задаў фундаментальнае пытанне апосталам: а хто Ён для іх? Хрыстус не спытаўся Пятра, кім Ён з’яўляецца для яго. Але спытаўся, кім Ён з’яўляецца для ўсіх апосталаў. І тады Пётр ад імя ўсіх вучняў Хрыста першы вызнаў праўду аб тым, што Ён – гэта Сын Бога жывога, гэта доўгачаканы Месія.

У адказ на такую заяву Пятра Хрыстус удзяліў яму ўсю паўнату ўлады ў Паўсюдным Касцёле. Больш за тое, Ён устанавіў яго фундаментам Касцёла. Кожны з нас ведае, што будынак узводзіцца і стаіць на фундаменце, і гэты фундамент павінен быць моцным.

Хрыстус з’яўляецца будаўніком Касцёла, але Ён будуе на Пятры. Аб гэтым вельмі важна ведаць усім нам: што Пётр з’яўляецца галоўным зыходным пунктам у справе будовы Касцёла і яго еднасці. Мы не можам быць сапраўднымі веруючымі католікамі без лучнасці з Папам. І шчаслівы Каталіцкі Касцёл, што мае Пятра, які жыве ў сваіх наступніках, якімі з’яўляюцца Рымскія Папы.

У даўнія язычніцкія часы рымляне адгадвалі свой лёс па шалясценні лісцяў дрэў, якія раслі на Ватыканскім узгорку. Сёння мы католікі, і таксама скіроўваем свой позірк на гэты ўзгорак, але ўжо звяртаем увагу не на шалясценне лісцяў дрэў, якіх шмат у Ватыканскіх садах, але на голас Папы, які, сам будучы падмацаваны Хрыстом, умацоўвае нас у веры. Яму Хрыстус даў ключы ад неба, таму ён мае паўнату ўлады навучання.

Мы ведаем, што Бог прысутны паўсюль: у кожнай галінцы дрэва, у кожнай травінцы, пясчынцы і г.д. Аднак пазнанне Бога адрозніваецца ад іншых галін ведаў. Аднойчы прафесар распавядаў студэнтам пра веру ў Бога. Напрыканцы лекцыі адзін са студэнтаў спытаў яго, ці можа ён пацвердзіць свае доказы аб існаванні Бога і веру ў Яго нейкім прыкладам. Прафесар папрасіў прынесці апельсін, ачысціў яго ад скуры і пачаў есці. Пасля таго, як з’еў, ён спытаў студэнта, ці можа той сказаць, якога смаку быў апельсін – салодкі ці кіслы. Студэнт адказаў, што не можа, і дадаў, што гэта можа сказаць толькі той, хто яго з’еў. “Вось тут і знаходзіцца адказ на пытанне”, – сказаў прафесар.

Падобна гэтаму толькі той, хто без меры п’е алкаголь, становіцца п’яніцай, а не той, хто без конца паўтарае гэтае слова. Той, хто прымае наркотыкі, становіцца наркаманам, а не той, хто часта паўтарае слова “наркотык”. Той, хто вельмі шмат і без меры есць і ў дадатак вядзе сядзячы лад жыцця, становіцца тоўстым, але не той, хто тысячы разоў паўтарае слова “ежа”.
Таму без асабістага спазнання Бога мы не можам мець глыбокага Яго пазнання. Нездарма адзін са старажытных індыйскіх мудрацоў любіў казаць, што той, хто ў сваім жыцці спазнае Бога, становіцца Божым.

Пётр на пытанне Езуса, кім Яго лічаць апосталы, ад свайго імя і ад імя ўсіх апосталаў адказаў: “Ты Хрыстус, Сын Бога жывога”. Гэты адказ не быў пазычаны ў кагосьці іншага або вычытаны ў кнізе, але стаў вынікам яго асабістага спазнання Бога. Аб гэтым сведчыць Хрыстус, кажучы, што не цела і кроў яму аб’явілі гэтую праўду, але Яго нябесны Айцец.

З гэтага мы можам зрабіць наступную выснову, што не столькі вучачыся аб Хрысце па кнігах, колькі пазнаючы Яго з Божага аб’яўлення і асабістага спазнання Бога, мы становімся сапраўднымі веруючымі, падобнымі да Пятра.

У іерархічнай структуры Касцёла на першым месцы знаходзіцца Папа з ватыканскімі ведамствамі. Далей ідзе біскуп са сваёй курыяй. Потым парафія і іншыя структуры. Пры распрацоўцы плану святкавання Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў яго быў уключаны юбілей Мінска-Магілёўскай курыі. Як нам, біскупам, так і ўсім супрацоўнікам курыі патрэбна Божая дапамога і Яго міласэрнасць, каб мы маглі годна выканаць даверанае нам Божым Провідам заданне.

Курыя – гэта тое касцёльнае ведамства, якое распрацоўвае пастырскі і іншыя планы працы і дапамагае іх рэалізаваць, каб Божы народ дыяцэзіі ішоў шляхам збаўлення. Заклікаю ўсіх вас маліцца аба мне, аб дапаможных біскупах, аб усіх супрацоўніках курыі, каб усе нашы дзеянні адпавядалі Божай волі, каб мы і Божы народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заўсёды вызнавалі разам з Пятром веру ў Езуса як Сына Божага і былі Яго сведкамі. Амэн.   
 

Адноўлена 22.02.2016 21:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі