Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на трэцюю нядзелю Вялікага посту

Парафія Святога Духа, Мінск, 28 лютага 2016 г.

Яшчэ адзін год

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле III нядзелі Вялікага посту распавядае пра смакоўніцу, якая апошнія тры гады не пладаносіла, і таму гаспадар хацеў яе ссячы, каб не займала зямлю. Аднак садоўнік прасіў дазволіць пакінуць яе яшчэ на адзін год: ён яе будзе даглядаць і, можа, яна прынясе плён.

Гісторыя гэтага дрэва – гэта гісторыя кожнага з нас. Мы не заўсёды ў сваім жыцці прыносім духоўны плён, і здаецца, што Бог павінен нас пакараць, але Ён, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, цярпліва чакае нашага навяртання і плённага хрысціянскага жыцця.

2. Паколькі смакоўніцы ў Беларусі не растуць, то паразважаем пра яблык. Мы ведаем, што яблык расце на яблыні. Адкуль з’яўляецца яблыня? З яблычных насенняў. Калі мы іх пасадзім у землю, то вырасце яблыня. Гэта вельмі доўгі працэс. Найперш маладое дрэўка патрабуе добрай пладароднай зямлі, дастаткова вады і сонечнага святла. Патрабуе яно таксама і нажніц садоўніка, каб зразаць непатрэбныя галінкі.

Што здарыцца, калі мы не будзем клапаціцца аб дрэве, не будзем яго паліваць, не будзем угнойваць зямлю, не будзем зразаць лішнія галінкі? Ці дасць яно добры ўраджай? Не. На ім можа быць шмат яблыкаў, але ўсе яны будуць малымі, так што з іх нават нельга будзе выціснуць сок.
 
3. Праз гэтую прыпавесць Езус нагадвае пра нас і пра Бога. Бог хоча, каб мы рабілі толькі добрыя справы. Калі мы гэтага не чынім, то Ён незадаволены, але міласэрны да нас, таксама як бацькі міласэрныя да сваіх дзяцей і даруюць ім іх правіны. Як бацькі дзецям даюць новы шанс выправіцца, таксама і Бог адразу не карае нас, але дае шанс стаць лепшымі.

Бог не чакае ад нас немагчымых рэчаў. Як ніхто не чакае, што на яблыні будуць расці бананы, таксама і Бог не жадае ад нас немагчымага.

Падобна і гаспадар з сённяшняга Евангелля не чакае нічога экстраардынарнага ад смакоўніцы. Ён не просіць, каб яна сталася дубам ці вінаграднай лазой, але толькі пытаецца, ці можа смакоўніца выканаць тое, што яна павінна выконваць, а менавіта пладаносіць.

Кожны з нас атрымаў ад Бога розныя дары. Адны маюць вельмі добры голас. Іншыя вельмі разумныя. Яшчэ іншыя – добрыя артысты. Усе мы маем нейкія натуральныя здольнасці. Але найважнейшае ва ўсім гэтым – пазнаць гэтыя дары і даць ім магчымасць развівацца.

Хто такі геній? Знаўцы кажуць, што гэта 5% здольнасцяў і 95% працы. У гэтым крыецца сакрэт, як быць плённым. Гісторыя вучыць, што сераднячкі дабіваліся вельмі добрых вынікаў і нават станавіліся геніямі. Так, настаўнік музыкі сказаў Каруза, што ён ніколі не стане спеваком, бо ў яго няма голасу. Аднак ён стаў найбольш папулярным спеваком свайго часу. Іншы настаўнік музыкі сказаў Бетховену, што ён не мае ніякіх шансаў стаць кампазітарам. А ён стаў адным з найбольш вядомых. Аўтара папулярнага ў свеце прадстаўлення “Дыснэйлэнд” Уолта Дыснэя выгналі з газеты за тое, што ў яго не было добрых ідэй, як казаў яе рэдактар. Ці хтосьці сёння спрабуе сказаць гэта мільёнам яго паклоннікаў у свеце? Напэўна, не.

Кожны з гэтых людзей сваёй працай і імкненнем да дасканаласці стаўся геніем. Уся праблема ў тым, што Бог не кажа нам стаць кімсьці, да чаго мы не пакліканы. Смакоўніца створана, каб нараджаць смоквы, яблыня – яблыкі, груша – грушы і г.д. Ні больш, ні менш. Усе мы павінны сумленна выканаць тое, да чаго пакліканы.

4. Адзін чалавек ішоў праз поле і ўбачыў маладога чалавека, позірк якога быў накіраваны ў адным напрамку. Калі ён вяртаўся вечарам, то заўважыў тое ж самае. Тады ён спытаўся ў маладога чалавека, чаму ён так доўга стаіць у такой позе. “Я практыкуюся, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію”, – адказаў малады чалавек. “Як гэта магчыма?” – спытаў яго спадарожнік. “Адным з крытэрыяў на атрыманне Нобелеўскай прэміі з’яўляецца заўсёды заставацца верным выбранай галіне працы”, – адказаў малады чалавек.

Бог не кажа нам быць лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі. Не кажа Ён нам быць больш плённымі, чым іншыя. Ён чакае, каб мы прыносілі той плён, які мы пакліканы прыносіць. Кожны з нас можа гэта ўчыніць, трэба толькі пастарацца.

Святы Ян Павел II у кнізе “Пераступіць парог надзеі” дае прыклад мусульманіна, які пяць разоў на дзень становіцца на калені ў напрамку Меккі і моліцца. Ці мы, як хрысціяне, кожны дзень молімся? Гэта азначае ці мы сапраўды любім Езуса так, як мусульмане любяць Алаха? Можа, гэта крайні прыклад, аднак прыклад для наследавання. Гэта не справа магчымасцяў ці здольнасцяў. Гэта справа жадання зрабіць усё для Бога.

5. Гаспадар непладаноснай смакоўніцы з сённяшняга Евангелля хоча яе ссячы. Аднак садоўнік просіць дазволу пакінуць яе яшчэ на год. Ён будзе клапоціцца аб ёй і, можа, яна дасць плён. Калі не, то яна будзе зрублена.

Падобна таму, як недастакова толькі спаць у гаражы, каб стаць аўтамабілем, таксама недастакова толькі хадзіць у касцёл і ў той жа час жыць не згодна з Божым законам, каб стаць сапраўдным хрысціянінам. Мараль сённяшняга евангельскага аповеду пра непладаносную смакоўніцу ў тым, што мы ў сваім жыцці не выкарыстоўваем дадзенай нам Божай ласкі, каб прыносіць духоўны плён.

Аднак міласэрны Езус дае нам час, але яго неабходна выкарыстаць належным чынам. Акрамя часу, Ён дае нам новыя магчымасці, новыя касцёлы, святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў і г.д. Бог не жадае ад нас быць чымсьці, чым мы не з’яўляемся, але жадае, каб мы былі дасканалымі і плённымі хрысціянамі. Ён добра ведае, што многія гады мы не былі такімі, але Ён просіць у свайго Айца даць нам яшчэ адзін год, даць час для выпраўлення нашага жыця.

Гэта вельмі важнае і адказнае заданне на Вялікі пост. Таму, дарагія браты і сёстры, не змарнуем ласкі гэтага часу, каб наша жыццё было плённым у вачах Бога і людзей. Амэн.

Адноўлена 28.02.2016 18:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі