Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы пасля Крыжовага шляху на Залатой Горцы ў Мінску

23 сакавіка 2016 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. “Шпіёнская серада” – так часта называюць сённяшні дзень. Гэтая назва бярэцца з Евангелля, якое Касцёл прапануе нашай увазе на сераду Вялікага тыдня і ў якім Езус указвае на свайго здрадніка, якім стаў апостал Юда Іскарыёт. Ён быў таленавітым і праніклівым, аднак калі прыйшоў час выпрабавання, то аказаўся ненадзейным.

Першыя хрысціяне былі вельмі заклапочаны тым, што Езусу здрадзіў адзін з найбліжэйшых Яму людзей, Ягоны вучань, апостал. Яны, напэўна, задавалі сабе пытанне: як такое магло здарыцца? Чаму Езусу здрадзіў менавіта адзін з апосталаў, якому Ён давяраў? Хаця гэтая праўда была некамфортнай для іх, тым не менш яны не стараліся яе затушоўваць, падобна як гэта зрабіў Езус падчас Апошняй Вячэры, кажучы, што Яму здрадзіць той, што еў разам з Ім з адной місы.

Напэўна, і ў нашым жыцці здаралася перажыць здраду. Мы давяраем камусьці блізкаму, а потым ён выкарыстоўвае наш давер супраць нас. Гэта вельмі балюча і можа стаць прычынай нашых перажыванняў і нават трагедыі. Аднак падзеі Вялікага тыдня нас вучаць, што ў выпадку Езуса здрада не мае апошняга слова. Апошняе слова належыць Богу, які ўваскрасіў Езуса.

2. Няма таго зла, якое не выходзіць на дабро, – кажа прыказка. Нездарма ў гімне на распачацце Пасхальнай вігіліі Касцёл узгадвае пра шчаслівую віну Адама. Бог выкарыстаў віну Адама, каб паказаць сваю бязмежную міласэрнасць праз пасхальную таямніцу свайго Сына Езуса Хрыста, праз Яго крыжовую смерць і Уваскрасенне. Для ажыццяўлення яе Бог выкарыстаў здраду Юды Іскарыёта.

Бог таксама выкарыстоўвае на карысць людзей і многія іншыя д’ябальскія справы, бо на іх мы павінны вучыцца і з досведу здрады і нявернасці Богу рабіць адпаведныя высновы. Менавіта таму падзеі Вялікага тыдня заахвочваюць нас верыць у тое, што Бог можа дзейнічаць на нашу карысць нават у найбольш цяжкіх абставінах і выпрабаваннях.   

3. Евангелле прадстаўляе некалькі прычын таго, чаму Юда Іскарыёт вырашыў здрадзіць Езусу за 30 сярэбранікаў. Можа, ён любіў грошы і хацеў іх мець як мага больш? Можа, адчуваў сябе недаацэненым і жадаў нейкім чынам паказацца перад іншымі? Можа, хацеў выпрабаваць Езуса, ці сапраўды Ён Сын Божы і можа збавіць самога сябе?

Слухаючы тэкст сённяшняга Евангелля, мы можам нават адчуваць жаль да Юды, калі Езус кажа пра яго, што такому лепей было б не нарадзіцца. Некаторыя імкнуцца апраўдаць Юду і яго ўчынак. Часам можна пачуць меркаванне, што Юда памыліўся пры абмяркоўванні наступстваў здрады. Так ці не, але мы не маем права яго асуджаць. Гэта можа зрабіць толькі Бог. Аднак няма сумненняў у тым, што яго акт здрады дадаў болю Езусу, які яго любіў.

4. Замест таго, каб шукаць прычыны і матывацыі здрады Юды, ці не лепей спрабаваць даследаваць наш жыццёвы шлях, які таксама нагадвае пра нашу ненадзейнасць і неабходнасць пакаяння.

Юда сёння стаіць перад намі, як выклік нашага сумлення. Ён нас папярэджвае і падае  сігнал трывогі, які нас абуджае да даследавання нашага жыцця. А ў ім мы знаходзім незлічоную колькасць актаў здрадаў, якія абцяжарваюць наша сумленне. Колькі разоў мы ставілі нашы інтарэсы на першае месца, не звяртаючы ўвагі на правы іншых? Колькі людзей, магчыма, былі ахвярамі нашага эгаізму?

Юда ўяўляе сабой кожнага з нас, калі мы бяздумна ідзём нашым шляхам, забяспечваючы выключна наш поспех і шчасце і разбіваючы надзеі многіх нявінных людзей.
    
5. Як вядома, Юда Іскарыёт завяршыў сваё жыццё трагічна, бо павесіўся, а мог завяршыць інакш. Пётр здрадзіў Езусу, але шкадаваў за свой грэх і навярнуўся. Юда ж гэтага не ўчыніў. І ў гэтым сутнасная розніца паміж імі.

Хрысціянская прыказка кажа, што зграшыць – гэта па-чалавечы, бо наша чалавечая прырода парушана першародным грахом і мы лёгка паддаёмся спакусам, але прабываць у граху – гэта ўжо д’ябальская справа. Гісторыя здраднікаў Юды і Пятра – гэта ўрок, які працверажае ўсіх нас, які вучыць, што з дапамогай Божай ласкі мы можам перамагчы ўсе цяжкасці і вярнуцца ў стан дзяцей Божых.

6. Заўтра мы распачнём Пасхальны Трыдуум, які займае галоўнае месца ў літургічным годзе. Мы будзем разважаць аб таямніцы нашага збаўлення. Пасхальны Трыдуум падкрэслівае тое, што любоў Бога да чалавека стала галоўнай дзеючай сілай нашага збаўлення.

Пры гэтым трэба памятаць, што міласэрнасць Бога да чалавека не завяршылася Вялікай пятніцай, крыжовай смерцю Езуса і Яго ўваскрасеннем. Яна працягваецца, бо імя Бога – гэта міласэрнасць, як вучыць Папа Францішак. Таму і нам, якія праз свае грахі з’яўляемся здраднікамі Бога, калі не жывём паводле Яго закону, неабходна даверыцца ёй, каб вярнуцца на шлях збаўлення. Бог даў нам свабоду, і таму кожная наша дзейнасць, нават супярэчная Божаму плану, не будзе аспрэчана Богам. Марнатраўны сын вольны пакінуць дом свайго бацькі і свабодна вярнуцца туды. Поспех належыць тым, хто вяртаецца. Амэн.

Адноўлена 23.03.2016 17:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі