Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана

Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 сакавіка 2016 г.

Гэта чыніце на Маю памяць

 

1. Усе мы ведаем, што такое фотаапарат і для чаго ён прызначаны. Яшчэ зусім нядаўна былі плёначныя фотаапараты, цяпер – лічбавыя, якія больш зручныя ва ўжыванні і дзякуючы якім можна атрымаць лепшую якасць здымкаў. Так ці інакш, фотаапарат служыць для фатаграфавання, каб засталася памяць аб нейкім чалавеку ці падзеі. Мы стараемся захаваць старыя фатаграфіі ў спецыяльных альбомах ці каробках. Такім чынам мы захоўваем памяць аб нашых блізкіх, сябрах ці падзеях. Можа, гэта і выглядае смешна, але часам гэтую памяць мы нават змяшчаем у каробку з-пад абутку.

Не так даўно амерыканскі гістарычны тэлеканал паказаў трохмерную выяву твару Езуса, якую вучоным удалося ажыццявіць дзякуючы складанай сучаснай камп’ютарнай тэхналогіі з выкарыстаннем Турынскай плашчаніцы. Цягам гісторыі хрысціянства мастакі намалявалі многа абразоў Езуса, навучаючага, укрыжаванага, уваскрослага і г.д.

2. Сённяшняе набажэнства Вялікага чацвярга вучыць нас аб тым, што Езус Хрыстус не пакінуў нам сваёй фатаграфіі ці намаляванага мастакамі абраза або нават трохмернай выявы, але што Ён сам застаўся з намі на ўсе часы ў сакрамэнце Эўхарыстыі, устанаўленне якога мы ўспамінаем.

Пасланне святога апостала Паўла да Карынцянаў з’яўляецца першым апісаннем устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. Яно распавядае аб тым, як падчас Апошняй Вячэры Езус перамяніў хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Пры гэтым Ён наказаў апосталам, каб працягвалі так чыніць на Яго памяць.

Словы ўстанаўлення Эўхарыстыі з’яўляюцца б’ючымся сэрцам Касцёла. У гэтым сэнсе вельмі важнай з’яўляецца тэалагічная прыказка: “Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл”. Гэта азначае, што там, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, там Касцёл жыве, праяўляецца ў сваёй паўнаце і характарызуецца Божым дынамізмам. Таму мы заўсёды павінны памятаць аб устанаўленні як сакрамэнту Эўхарыстыі, так і сакрамэнту святарства.

3. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе яшчэ адзін, цесна злучаны з устанаўленнем Эўхарыстыі і святарства, аспект Апошняй Вячэры, аб якім мы таксама павінны заўсёды памятаць, а менавіта прадстаўленне Езуса як слугі іншых. Хрыстус устае на калені і мые ногі апосталам. У гэты момант нарадзілася служэнне дыяканіі. У рэлігійных часопісах мы можам убачыць сімвал дыяканіі – місу і рушнік. Ён нагадвае аб тым, што і мы павінны служыць іншым, з любоўю і пакорай мыць адзін аднаму ногі, як гэта чыніў Езус, бо служыць іншым – азначае быць Хрыстом.

Гэта не што іншае, як пасланне Езуса нашчадкам. Бог становіцца на калені, памяншае сябе, становіцца слугою іншых, як пакорны нявольнік і як просты мяккі кавалак хлеба. З гэтага жэсту Езуса мы вучымся, што азначае быць падобным да Хрыста.

Гэта ўсё вядзе да дзіўнага ўражання, што Бог як быццам памяншаецца, каб мы павялічваліся. Падчас аднаго са сваіх апошніх актаў на зямлі і апошняга супольнага моманту са сваімі вучнямі Езус клапоціцца пра іх і мые ім ногі.

Абмыццё ног апосталам – гэта таксама прыгожая прэзентацыя святарства і сакрамэнту паяднання. Мы ідзём праз жыццё, несучы смецце штодзённага жыцця – нашы падзенні, грахі, слабасці. Яны перашкаджаюць нам. Але Езус ачышчае нас ад іх. Мы становімся новымі і можам распачынаць жыццё нанова.

4. Хрыстус кажа нам: “Памятайце аб тым, што Я вам учыніў, і адначасова паступайце гэтак жа ў памяць пра Мяне”. Імітацыя Хрыста распачынаецца ў момант бескарыслівага служэння, чыніць тое, чаго іншыя не хочуць або не могуць.

Таму ў святле сённяшняга Евангелля мы павінны спытаць сябе саміх: “Што мы ўчынілі патрабуючым і колькі ног абмылі?” Калі мы хочам убачыць, як выглядае Хрыстус, то павінны шукаць Яго аблічча не ў кнігах, фатаграфіях, кіно, тэлепраграмах, але ў служэнні бліжнім. Менавіта там мы ўбачым сапраўднае аблічча Хрыста.

Такім чынам мы павінны быць людзьмі памяці і канкрэтных спраў. Такімі былі габрэі. У сённяшнім першым чытанні з Кнігі Зыходу Бог нагадвае габрэям памятаць дзень зыходу з егіпецкай няволі і святкаваць яго праз усе пакаленні, спажываючы пасхальную ежу. Гэтую самую ежу выкарыстаў Езус падчас Апошняй Вячэры, калі ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.

Бог наказаў габрэям не забывацца гісторыю свайго збаўлення. Тое ж самае наказаў Езус апосталам і праз іх нам усім. Мы ўсе добра ведаем, што чым старэйшымі становімся, тым часцей забываемся. Так ужо ёсць у жыцці, што лягчэй забыцца, чым памятаць.

Ужо дзве тысячы гадоў чалавецтва збіраецца каля алтара, дзе святар паўтарае словы ўстанаўлення Эўхарыстыі. Дзве тысячы гадоў мы праз учынкі міласэрнасці мыем адзін аднаму ногі і гэтым самым паказваем, што любоў з’яўляецца найбольш моцнай сілай на нашай планеце, так, што нават няверуючыя кажуць: “Паглядзіце, як хрысціяне любяць адзін аднаго”.

5. Фатаграфіі нам распавядаюць пра гісторыю нашых блізкіх, проста людзей, цэлых народаў, Касцёла і г.д. У іх можна прачытаць шчасце, настальгію, смутак і да т.п. Сучасны чалавек больш цэніць вобраз, чым слова, і часамі нават кажа, што вобраз варты тысячы слоў. З такім меркаваннем можна згаджацца і не згаджацца, але сёння мы ўспамінаем тую радасную падзею ўстанаўлення Эўхарыстыі, дзякуючы якой Езус назаўсёды застаецца з намі. Мы таксама ўспамінаем Яго прыклад служыць іншым і ў гэтым бачыць радасць.

Аднак, у той жа час, ад пачуцця радасці і ўдзячнасці Езусу мы пераходзім да смутку і цярпенняў Вялікай пятніцы і да адзіноты Вялікай суботы.

Але за суботай ідзе нядзеля. Такі парадак рэчаў устанавіў Бог, а Езус сваёй Пасхальнай таямніцай яго асвяціў. Сённяшнім набажэнствам мы распачынаем Пасхальны Трыдуум, наш шлях на Кальварыю і адначасова шлях, які вядзе да Нядзелі Уваскрасення, да перамогі Езуса над грахом, злым духам і смерцю.

Няхай на ім нам усім спадарожнічае памяць чыніць тое, што ўчыніў Езус – браць удзел у Эўхарыстыі, якая ёсць духоўным хлебам пілігрымаў на шляху да нябеснай айчыны, і служыць іншым, каб у нас увасобіўся вобраз Езуса. Амэн.

Адноўлена 25.03.2016 14:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі