Дарагія браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі!
Сёння, у Вялікі чацвер, мы збіраемся вакол алтара, каб дзякаваць Богу за дар святарства і Эўхарыстыі. Гэты дзень яднае нас са святарамі ўсяго свету. Сёння святары ў супольнай малітве разам са сваім біскупам аднаўляюць абяцанні, складзеныя падчас прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Гэтыя словы яны прагнуць выказаць не толькі вуснамі, але і ўсім сваім сэрцам.
Паважаныя святары, паспрабуем звярнуць увагу на знак ускладання рук, праз які вы, як таксама і я, калісьці атрымалі дар святарства. Перадусім мы узгадваем вобраз Божых рук, якія нас з любоў стварылі. Мы таксама ўзгадваем даўнюю традыцыю перадачы святой улады праз знак ускладання рук. Так, у кнізе Дзеяў Святых апосталаў мы чытаем: «Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: “Вылучыце Мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў”. Тады, пасля посту і малітвы, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх» (Дз 13, 2-3).
Калі біскуп усклаў далоні на нашыя галовы, то праз гэты жэст Езус нібы сказаў кожнаму з нас: “Ты належыш Мне. Цябе абараняюць Мае рукі. Ты ў Маіх руках”. Пан Езус зрабіў нас сваімі сябрамі, а адначасова аддаў сябе ў нашыя рукі. Які ж вялікі давер! Сын Божы аддаўся ў нашыя рукі…
Умілаваныя ў Хрысце, варта памятаць, што мы перажываем Вялікі чацвер у Юбілейны Год Міласэрнасці. Мы дзякуем за святарства і Эўхарыстыю. Дзякуем таксама за дар сакрамэнту пакаяння і паяднання, які магчымы таму, што ёсць святары. Ці ж гэтыя сакрамэнты не з’яўляюцца найлепшым доказам Божай міласэрнасці адносна нас?
Эўхарыстыя дае нам сілы і адначасова дазваляе станавіцца міласэрнымі, як Айцец Нябесны. Урэшце яна сама – выраз любові і міласэрнасці Бога. Бог любіць чалавека, любіць так моцна, што гэта не можа не здзіўляць. У вячэрніку ў той памятны чацвер Пан Езус вельмі здзівіў вучняў жэстам абмыцця ног. Магчыма, вучні думалі, што іх Настаўнік будзе валадаром, а Хрыстус паказаў праз канкрэтны прыклад, што валадарыць – значыць служыць. Валадарства Хрыста не будуецца на прынцыпах і чаканнях гэтага свету. Езус сказаў: “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36).
Жэстам абмыцця ног Хрыстус таксама звярнуў увагу на сваю любоў. Пасля такіх своеасаблівых уводзінаў Ён устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. Знакі хлеба і віна не выпадковыя. Яны ўяўляюць сабой штодзённасць. Езус штодзённа паказвае нам сваю любоў, якая спадарожнічае чалавеку кожны дзень. Езус з намі ажно да сканчэння свету (пар. Мц 28, 20).
Езус загадвае вам, паважаныя святары, працягваць чыніць жэсты любові. Святар мае велізарную ўладу – адпускаць грахі. Але, адпускаючы грахі ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, трэба перш за ўсё імкнуцца ўсведамляць грэшніку не яго падабенства да марнатраўнага сына з вядомай евангельскай прыпавесці, а звяртаць позірк чалавека на міласэрнага Айца, які без ваганняў прабачае любыя грахі і адорвае любоўю.
Дзякуем Богу за знакі Яго дабрыні. Будзем вучыцца быць міласэрнымі ў нашай звычайнай штодзённасці. Будзем маліцца адзін за аднаго, каб цяжкасці і праблемы, з якімі мы штодня сустракаемся, не аслабілі нас, не паменшылі радасці паклікання, не адабралі энтузіязм і надзею.
Хвала Богу адзінаму ў Святой Тройцы – крыніцы і пачатку кожнага паклікання. Хвала Табе, Ойча, за тое, што клапоцішся пра нас. Хвала Табе, Езу, за тое, што паклікаў нас да ўдзелу ў Тваім святарстве. Хвала Табе, Духу Святы, за Твае дары і святое намашчэнне!
У сённяшняе свята выказваю кожнаму святару сардэчную падзяку за ахвярнае служэнне Божаму народу. З удзячнасцю скажам цяпер усе “Так” пакліканню, якое мы атрымалі без аніякіх нашых заслуг.
|