Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу

Мінскі архікатэдральны касцёл, 25 сакавіка 2016 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Літургія сённяшняга дня вядзе нас на Кальварыю, дзе 2000 гадоў таму разыгралася трагедыя, у якой чалавек падняў руку супраць Бога. У цішыні і роздуме Вялікай пятніцы мы разважаем над таямніцай Крыжа. Мы разважаем над тым, што Езус, якога вяла бязмежная любоў да чалавека, сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем змог зрабіць для ўсяго чалавецтва, - а менавіта збавіў яго ад граху, злога духа і смерці вечнай. Таму цярпенні і смерць Езуса на Галгоце дапамагаюць нам лепей зразумець сапраўдны сэнс Вялікага посту.

У святле праўды Крыжа нам неабходна прасіць Бога аб ласцы прызнаць сваю грахоўнасць і вызнаць грэх, які стаўся прычынай крыжовай смерці Езуса. Грэх забіў Бога ў чалавечай постаці. Але яшчэ больш сімвалічна тое, што Бог дазволіў чалавеку гэта ўчыніць. На поле бітвы за збаўленне чалавека з палону граху і смерці Бог не застаўся абыякавым, але прыняў у ёй самы актыўны ўдзел аж да крыжовай смерці.

2. Сучаснаму чалавеку, які прызвычаены да камфорту і выгодаў і які ўсімі сіламі стараецца пазбегнуць болю і цярпенняў, цяжка зразумець, што Хрыстус дабравольна ўзяў на сябе наш грэх для таго, каб нас збавіць ад яго. Калі б смяротны чалавек мог сам перамагчы злога духа, то ён ніколі не зграшыў бы. Аднак ён гэтага сам не можа ўчыніць. Гэта пад сілу толькі Богу. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Хрыстус “не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы зрабілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым” (Ціт 3, 5).

Усё гэта азначае, што Езус – адзіны, хто мае моц вырваць чалавека з-пад кантролю злога духа над ім.

3. Таму сёння, калі будзем падыходзіць да крыжа і адараваць яго, нам неабходна рабіць гэта з усведамленнем таго, што наш грэх і надалей прыбівае Езуса да крыжа. Калі мы грашым, то гэтым самым пацвярджаем, што Хрыстус з’яўляецца не любячым нас Панам, але нашым ворагам.

Каб не быць такімі, нам неабходна паслухаць Езуса, які кажа, што той, хто хоча ісці за Ім, павінен адрачыся ад сябе, узяць свой крыж і следаваць за Ім (пар. Лк 9, 23). Гэта азначае, што ў нашым жыцці мы павінны адмовіцца ад усяго таго, што вядзе да граху. Любоў Езуса патрабуе ад нас жыцця паводле Божай волі. Гэта нялёгка, асабліва калі сучасны свет перапоўнены спакусамі. Гэта крыж нашага жыцця, але ён з’яўляецца крыжам збаўлення.

Нездарма Езус кажа, што той, хто стараецца захаваць сваё жыццё, загубіць яго. А хто страціць дзеля Яго, той захавае. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць (пар. Лк 9, 24-25)? Гэтым самым Езус адкрывае перад намі гарызонты жыцця, якія знаходзяцца за брамаю смерці.   

4. Кожны грэх выключае Бога з жыцця чалавека. Таму мы павінны чуваць, каб не адмовіцца ад Божага закону і яго захоўваць, каб не трапіць у сеці злога духа. Пры гэтым трэба памятаць і аб тым, што нават калі мы адракаемся ад Езуса, то Ён ніколі не адракаецца ад нас, бо любіць нас такімі, якімі мы з’яўляемся (пар. 1 Ян 4, 9). Божая міласэрнасць бязмежная. Бог нікога не асуджае, але, падобна міласэрнаму бацьку з прыпавесці аб марнатраўным сыне, чакае, каб грэшнік вярнуўся да Яго (пар. Лк 15, 11-32).

Божая любоў закрывае сабой бездань, якая аддзяляе нас ад Яго. Гэтая любоў ва ўсёй сваёй паўнаце праявілася на крыжы. Адзін аповед распавядае пра тое, як чалавек увесь час скардзіўся, што яму цяжка несці яго крыж. І ён пачаў яго пакрысе укарочваць. Крыж станавіўся лягчэйшым. Але па дарозе ён прыйшоў да прорвы, якая аддзяляла яго ад Божага Валадарства. Іншыя людзі клалі свой крыж і па ім пераходзілі над прорвай. Яго ж крыж быў занадта кароткі, і ён не змог трапіць у краіну вечнага шчасця.

Таму нам не дазволена адмовіцца ад крыжа нашага штодзённага жыцця. Нельга нам забыцца і аб тым, што святло яго любові свеціць у цемры і цемра не можа агарнуць яго (пар. Ян 1, 5). У цемры святло з’яўляецца знакам надзеі. Няхай такім знакам надзеі ў духоўнай цемры сучаснага свету для нас будзе святло любові Крыжа Хрыста, дзякуючы якой мы здольны лепей зразумець сэнс Вялікага посту як часу разважання над збаўчай смерцю Езуса і часу збаўлення. Амэн.

Адноўлена 25.03.2016 15:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі