Мінскі архікатэдральны касцёл, 27 сакавіка 2016 г.
Дазволім Хрысту ўваскрасаць у нас
“Вось дзень, які ўчыніў Пан, узрадуемся ў ім і ўзвесялімся”
1. Гэтыя словы сённяшняй літургіі так і просяцца на вусны, калі мы адзначаем свята святаў – Вялікдзень. Урачыстыя эўхарыстычныя працэсіі на чале з крыжам і фігуркай Уваскрослага Хрыста і велічны голас званоў абвяшчаюць нам радасную пасхальную вестку аб тым, што смерць ужо больш не пануе ў гэтым свеце. Замест яе Хрыстус сваёй Пасхальнай таямніцай смерці і Уваскрасення падарыў нам жыццё.
Марыя Магдалена, калі яшчэ было цёмна, накіравалася да гробу Езуса, каб паводле габрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Убачыўшы пусты і гроб і пачуўшы словы анёла, што Езуса тут няма, яна не ўзрадавалася, але моцна перапалохалася і пабегла сказаць апосталам, што цела іх умілаванага Настаўніка ўкралі.
Пётр і Ян пабеглі да гробу, каб паглядзець, ці кажа яна праўду. Яны ўвайшлі туды, убачылі і паверылі. Потым вечарам Езус паказаўся апосталам у вячэрніку. Паказаўся Ён вучням з Эмаўса і многім іншым.
Са Святога Пісання вядома, што Езус быў пахаваны ў новай маліле, якую сабе падрыхтаваў уплывовы габрэй Юзаф з Арыматэі. Яго сусед быў здіўлены гэтым і спытаў: “Чаму ты згадзіўся аддаць свой гроб іншаму? Ты ж шмат напрацаваўся, каб яго выбудаваць”. На гэта Юзаф адказаў: “Няма праблемы. Я яго не аддаў, але толькі пазычыў, і то толькі на ўікэнд, толькі на тры дні”. Юзаф з Арыматэі не належаў да вучняў Хрыста, але добра ведаў аб тым, што Ён абяцаў уваскрэснуць на трэці дзень, і верыў у гэта. Як вядома, ён не падмануўся.
2. Радаваліся апосталы, з упэўненасцю можна сказаць, што радаваўся і Юзаф з Арыматэі. Мы сёння таксама радуемся.
Аднак наша радасць сутнасна іншая і адрозніваецца ад радасці, якую перажываюць удзельнікі гадавіны ці юбілею некай значнай падзеі. Вялікдзень – гэта не чарговая гадавіна Уваскрасення Езуса, якое мела месца амаль што 2000 гадоў таму ў Ерузалеме. Гэта таксама не памятнае мерапрыемства – не ўспамін першага пасхальнага ранку.
Гэта проста ПАСХА. Гэта дзень, які Пан учыніў. Сёння Ён уваскрос. Мы павінны засяродзіць нашу ўвагу на тым, што Пасха Хрыстова – гэта не мінулае, але сучаснасць. Мы не гледачы, якія цікавяцца рэакцыяй асобаў з сённяшняга Евангелля: Марыі Магдалены, Пятра і Яна. Мы ўдзельнікі праўды Уваскрасення Хрыста. Сённяшні дзень – гэта раздзяленне радасці трыумфу і перамогі Бога.
3. Адзін езуіцкі паэт (Gerard Manlez Hopkins) казаў, што неабходна дазволіць Хрысту ўваскрасіць нас. Гэтымі словамі ён заклікаў нас, людзей, дазволіць Уваскросламу дакрануцца да нас і гэтым самым перамяніць. Калі мы хочам, каб Вялікдзень не быў толькі ўспамінам той гістарычнай падзеі, якая кардынальна змяніла свет, а стаўся рэальнасцю нашага жыцця, то павінны дазволіць Езусу гэта ўчыніць цяпер, не адкладаючы на заўтра, бо заўтра распачынаецца сёння.
Дазволім таму, дарагія браты і сёстры, гэта Яму ўчыніць, каб мы маглі стаць удзельнікамі радасці і перамогі, якія зыходзяць з Уваскрослага Хрыста, бо Яго не змагла ўтрымаць цёмная магіла і Ён трыумфальна выйшаў з яе. Калі мы дазволім Яму гэта ўчыніць, то самі разам з Ім уваскрэснем.
4. З першых стагоддзяў сімвалам хрысціянства з’яўляецца якар. Прызначэнне якара – трымаць карабель падчас буры на моры, каб ён не патануў або каб цячэнне не знесла яго ў іншае месца. Таксама і Хрыстус трымае нас на ўзбураных хвалях нашага жыцця. Ён, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, дапамагае нам уваскрэснуць з грэшнай магілы.
Мы можам гэта ўчыніць моцаю Уваскрослага Хрыста, калі дазволім Яму дакрануцца да нас сваёй ласкай. Моцай святла Уваскрослага мы можам выйсці з цемры нашага жыцця. Свабодай, якой Ён адорвае нас, мы можам вызваліцца ад грахоўных путаў і злых звычак, якія звязваюць нас.
5. Такім чынам, калі Уваскрослы Хрыстус дзейнічае ў нас, то мы, грэшныя, уваскрасаем з Ім. Яго Уваскрасенне напаўняе нас надзеяй і захоўвае ў бяспецы. Яно таксама адкрывае нам шлях да ўваскрашэння з магілы нашых грахоў. Яго перамога над смерцю з’яўляецца гарантыяй нашай перамогі над нашым паміраннем ад хваробы граху.
Святы апостал Пётр у першым чытанні кажа: “Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму аб’явіцца”. Сёння і ёсць трэці дзень. І калі Бог трансфармаваў смерць Езуса ў Яго слаўнае Уваскрасенне, то ён таксама можа трансфармаваць і нашу грахоўную смерць ва ўваскрашэнне. Калі Ён аб’явіўся апосталам, то сёння таксама аб’яўляецца нам праз паслугу Касцёла.
Святы апостал Павел у другім чытанні заклікае ўзглянуць на наша жыццё праз прызму пасхальнай таямніцы смерці і Уваскрасення Хрыста, у якой праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека. Гэтая любоў праяўляецца і цяпер. Свята Пасхі – гэта свята Божай любові.
Дазволім жа, дарагія браты і сёстры, каб Пасха прынесла нам новае жыццё, не зважаючы на розныя жыццёвыя цяжкасці. Дазволім Хрысту ўваскрасаць у нас. Няхай гэтая Пасха адчыніць магілы нашых трывог, грахоў, непакояў, цяжкасцяў, праблем і напоўніць надзеяй, якой ёсць жыццё. Амэн.
|