3 красавіка 2016 г.
Дзеля Яго балеснай мукі, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння, на завяршэнне актавы Вялікадня, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці. Сімвалічна, што мы яго адзначаем у Год Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці, калі наш позірк скіраваны да галоўнай прыкметы Бога, якой з’яўляецца міласэрнасць.
Уся гісторыя збаўлення нагадвае аб Божай міласэрнасці. Асаблівым чынам гэтая прыкмета Бога была падкрэслена ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў аб’яўленнях Езуса Міласэрнага св. Фаўстыне Кавальскай, што дало новы штуршок для развіцця культу Божай Міласэрнасці. Менавіта яе Езус заклікаў прывесці да Яго душы, каб яны маглі акунуцца ў Яго бязмежную міласэрнасць. Гэта быў час, калі на ўсходзе Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі, панаваў камуністычна-атэістычны пераслед рэлігіі. На Захадзе моц набіраў фашызм, які таксама моцна пераследаваў рэлігію.
Абодва гэтыя рэжымы запісаліся ў гісторыю чалавецтва як таталітарныя, і ад абодвух нацярпелася шмат людзей. Таму не трэба дзівіцца, што менавіта ў той час Езус аб’явіўся Фаўстыне Кавальскай, паказваючы, што надзея чалавека ў такіх складаных сітуацыях, якія тады перажывала чалавецтва, у Божай міласэрнасці.
Калі святая Фаўстына Кавальская запісалася ў гісторыю Касцёла як сакратарка Езуса Міласэрнага, то яе духоўным кіраўніком стаў наш зямляк, народжаны пад Валожынам бл. Міхал Сапоцька. Менавіта ён, як вялікі прыхільнік Божай Міласэрнасці, наказаў св. Фаўстыне Кавальскай запісваць аб’яўленні Езуса. З часам выявілася, што яны сталі бясцэнным скарбам для развіцця культу Божай Міласэрнасці.
Яго далейшым прапагандыстам стаў св. Ян Павел II, які пакінуў нам энцыкліку “Dives in misericordia” („Бог, багаты міласэрнасцю”). У ёй Папа развіў праўду пра бязмежнае багацце Божай міласэрнасці. Вялікім прыхільнікам ідэі яе далейшага развіцця стаў Папа Бэнэдыкт XVI. А Папа Францішак стаў яе ўвасабленнем. Гэта ён сказаў, што Бог ніколі не мучаецца прабачэннем, бо Яго імя міласэрнасць.
2. Што азначае бязмежная Божая міласэрнсць для нас, людзей ужо XXI стагоддзя? Тое, што Божая міласэрнасць не абмежаваная і з яе можа карыстацца кожны чалавек. Калі хтосьці багаты, то сваім багаццем можа дзяліцца з кім толькі захоча. Так ёсць і з Богам. Ён імкнецца дзяліцца з намі ласкай сваёй міласэрнасці. Калі хтосьці захоча зачэрпнуць з крыніцы Божай міласэрнасці, то можа гэта ўчыніць заўсёды. Ёсць, аднак, адна ўмова. Неабходна захацець. Езус казаў св. Фаўстыне Кавальскай, што перш, чым прыйдзе справядлівы суддзя, Ён адчыняе дзверы міласэрнасці. Хто не жадае прайсці праз іх, той павінен прайсці праз дзверы справядлівасці.
3. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам праўду аб Міласэрным Езусе, які прыходзіць да нас. Падобна таму, як Ён прыйшоў да апосталаў у зачынены вячэрнік і ахвяраваў ім свой супакой, таксама Ён прыходзіць і да нас праз зачыненыя дзверы нашых сэрцаў.
Ці дазваляльна не скарыстацца з такой магчымасці? Ці можна не дазволіць Богу ахінуць нас плашчом сваёй міласэрнасці? Неразумным мы назвалі б чалавека, які тоне і не хапаецца за ратавальны круг. Мы таксама тонем у грахоўным балоце. Езус працягвае нам сваю руку, і мы павінны ўхапіцца за яе, калі не хочам загінуць. Бог хоча гэтага, бо Ён ласкавы і міласэрны.
4. Сёння на гэтым лошыцкім узгорку, дзе запланавана будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, мы павінны ўсвядоміць, што другая велікодная нядзеля – гэта найлепшы час для перажывання і прыняцця праўды пра Божую міласэрнасць. Згодна з пажаданнем Езуса, сённяшняя нядзеля – гэта свята Божай Міласэрнасці. Яго ўстанавіў св. Ян Павел II, якога Бог паклікаў у свой дом 11 гадоў таму, 2 красавіка 2005 г., у вігілію свята Божай Міласэрнасці.
Скарочаны змест праўды пра Божую міласэрнасць дае нам абраз Езуса Міласэрнага. Езус не стаіць на месцы, але ідзе наперад, ідзе да нас, не пакідае нас сам-насам з нашымі праблемамі. Ён указвае на сваё прабітае дзідай Сэрца. З яго прабіваецца святло, якое хоча абняць і ачысціць кожнага чалавека, які набліжаецца да Езуса. Узнятая ўверх правая благаслаўляючая рука застыла ў жэсце адпушчэння грахоў. Надпіс пад абразом заахвочвае давярацца Езусу і гэтым самым пакладаць надзею ў Богу, а не ў справах гэтага свету.
5. Такім чынам, мы бачым, што самай прыгожай праўдай пра Бога з’яўляецца праўда пра Яго бязмежную міласэрнасць. Праўда, што Яго любоў імкнецца прабачыць кожнаму, каб даць шанец распачаць новае жыццё. Таму няма большай сілы, чым любоў Бога да чалавека.
Гэтая любоў праз пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста перамагла зло і дала магчымасць вызваліцца з грахоў. Яна дала сэнс цярпенням і нават перамагла смерць. Таму велікодны перыяд з’яўляецца найбольш падыходзячым, каб усклікаць: “Езу, давяраю Табе”.
5. А ўсклікаць трэба! Наша Бацькаўшчына асабліва павінна так усклікаць. Давер міласэрнаму Богу – гэта прыкмета людзей нашай зямлі. Яны ідуць за Ім ужо больш за дзесяць стагоддзяў. Гэта быў нялёгкі шлях і нялёгкім застаецца. Але людзі заўсёды заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і неслі Хрыста і Яго Евангелле нават у сібірскія ссылкі, у стэпы Казахстана, на Далёкі Усход, Калыму, за Палярны круг і г.д. Яны яго сведчылі на шматлікіх Галготах XX cтагоддзя, сярод якіх Трасцянец, Курапаты, Хатынь, Катынь і многія іншыя.
Успамінаючы 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, што свет будзе адзначаць 26 красавіка гг., неабходна памятаць і пра духоўны Чарнобыль пераследу веры, які трываў тры пакаленні.
Калі здавалася, што вера ніколі больш не адродзіцца на нашай зямлі, то стаўся прадказаны Марыяй у Фаціме ў 1017 г. цуд яе адраджэння, знакам чаго з’яўляецца і юбілей 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
6. Сёння на гэтым лошыцкім узгорку падзякуем Богу за Яго шчодрыя ласкі і ў абставінах адыходу ад Бога і жыцця не згодна з Яго воляй папросім благаслаўлення на будучыню. Фінансавыя, палітычныя і маральныя крызісы, якія ахапілі планету, гібрыдная вайна, якая распачалася, знакам чаго з’яўляюцца тэрарыстычныя акты і многія іншыя паталогіі сучаснасці, што праяўляюцца ўсё часцей, заклікаюць да пошуку паратунку.
Падчас гэтай святой Імшы некаторыя вернікі прымуць сакрамэнт канфірмацыі. Святы Дух умацуе іх сваімі дарамі, каб мужна вызнавалі веру і яе баранілі. Гэта заданне, якое стаіць перад сучаснымі хрысціянамі – не быць абыякавымі перад выклікамі нашага часу і сваім жыццём сведчыць наша хрысціянства. Дапамогай у гэтым таксама з’яўляеца давер Божай міласэрнасці.
Нам неабходна ўслухоўвацца ў голас св. Яна Паўла II, які стаў сумленнем нашага часу, што адзінай надзеяй сучаснага свету ёсць Божая міласэрнасць, і трэба даверыцца ёй. Няхай жа напіс на абразе Езуса Міласэрнага “Езу, давяраю Табе” стане праграмай нашага жыцця, а з нашых сэрцаў няхай выходзіць малітва: “Ойча Спрадвечны, дзеля балеснай мукі Твайго Сына будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету”. Амэн.
|