Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Імшы ў Навагрудку з нагоды 50-годдзя смерці Слугі Божай с. Малгажаты Банась, назарэтанкі

26 красавіка 2016 г., фарны касцёл у Навагрудку

Пра што нам сёння нагадвае сястра Малгажата Банась

Божы Провід адносна нас, людзей, мае свае таямніцы, дарогі, не заўсёды для нас зразумелыя. Пра што ўжо пісаў прарок Ісая: “Бо думкі мае – не вашы думкі, а дарогі вашы – не мае дарогі.” (Іс 55, 8). Гэтую праўду мы бачым на прыкладзе жыцця Слугі Божай сястры назарэтанкі Малгажаты Банась. Яна адзіная выжыла з дванаццаці сясцёр назарэтанак з Навагрудка. Хтосьці можа сказаць, што ёй пашчасціла. Але гэта не было шчасце ў нашым штодзённым разуменні. Гэта было заданне, вызначанае Божым Провідам.

Аналагічную сітуацыю бачым у апісанні св. Амброзіем мукі св. Лаўрэна. Калі яго кіраўнік Папа Сікст быў арыштаваны і яго вялі на смерць, дыякан Лаўрэн вельмі прасіў дазволіць яму спадарожнічаць у апошняй дарозе, каб разам з ім прыняць мучаніцкую смерць. Тады прагучаў адказ: “Цябе чакаюць большыя выпрабаванні”. Як у ІІІ стагоддзі здарылася з Лаўрэнам, так у ХХ паўтарылася з сястрой назарэтанкай Малгажатай Банась. Яна таксама ацалела, але яе чакала іншая, “белая” пакута. Провід Бога падрыхтаваў для сястры свае заданні, цяжкія і нават гераічныя выпрабаванні. Яна была патрэбнай Пану Богу і людзям, таму і засталася жыць. Сястра Малгажата была патрэбнай для загінуўшых сясцёр яе супольнасці, для жыхароў Навагрудчыны. Яна патрэбна сёння і нам.
 
Гэта яна паклапацілася, каб памяць пра гераічны ўчынак сясцёр назарэтанак, якія ў парыве любові да бліжняга аддалі жыццё за вязняў, не была забыта падчас наступных палітычных зменаў. Насуперак пераследу немцаў, падчас партызанскай вайны, франтавых турбот, выезду многіх навагрудчан у Польшчу, насуперак пераследу ваяўнічага атэізму менавіта сястра Малгажата паспрыяла, каб памяць аб гераічным учынку сясцёр засталася жывой. Гэта яна адшукала іх магілу, прысутнічала пры эксгумацыі цел (перапахаванні ў іншым месцы пры фарным касцёле), паклапацілася аб іх годным пахаванні, даглядала магілу, якая нагадвала людзям пра расстраляных манахінь.
 
Сястра Малгажата была патрэбнай жыхарам Навагрудка і навакольных мясцовасцяў. Калі не было святара, яна спрыяла захаванню веры і традыцыі сярод тутэйшых католікаў. Як сама казала: “Выразна адчуваю, што Бог пакінуў мяне на варце Яго дому”. Яна клапацілася пра фарны касцёл, пра тое, каб у касцёле быў Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Сястра Малгажата ўзначальвала малітвы з вернікамі, упрыгожвала кветкамі алтары. Яна здзяйсняла далёкія і небяспечныя падарожжы (у тым ліку ў Баранавічы), каб забяспечыць вернікаў аплаткамі на Божае Нараджэнне ці асвяціць велікодныя стравы. Калі вярнуўся з ГУЛАГу а. Войцех Навачык, прыкладвала намаганні, каб ён мог распачаць душпастырскую працу ў Навагрудку.

Сястра Малгажата патрэбная нам, тым, хто жыве ў іншых умовах і ў іншыя часы. Сёння, калі пануе прага спажывецтва, лёгкага жыцця, пошук выгады, дух так званага “святога спакою” ўліваецца ўсё мацней і ахоплівае душы не толькі свецкіх, але таксама духоўных і кансэкраваных асобаў. Бо дух часу не абмінае нікога. Асяроддзе фармуе пэўным чынам кожнага з нас. І таму ў сённяшні час сястра Малгажата з’яўляецца нам, як светлы ўзор, як прыклад для наследавання. А можа, нават як дакор сумлення. Яна не пакінула лістоў, нататак, словамі не дае мудрых парадаў, але сваім прыкладам гаворыць і нават крычыць пра тое, якой павінна быць пастава вучня Хрыста, які хоча быць верным свайму настаўніку. Настаўніку, што “не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і жыццё сваё аддаць за многіх”, які сказаў пра сябе, што “лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву” (Мц 8, 20).
 
Пасля змены межаў, калі многія людзі, у тым ліку і кансэкраваныя асобы, вырашылі выехаць у Польшчу, яна засталася, хаця ведала, што тут будзе нялёгка. Туды сястра Малгажата прыехала толькі на кароткі час за год да смерці, у 1965-м. Пасля вайны яна жыла ў сакрыстыі пры навагрудскай Фары. Умовы былі надзвычай цяжкія. Не раз зімою ў памяшканні было так холадна, што вада замярзала ў вёдрах. З-за размешчанага ніжэй даху коміна дым не заўсёды ішоў угору, і ўся сакрыстыя часта была задымлена. Сястра Малгажата працавала, як святы Павел, сваімі рукамі апрацоўваючы свой агарод, каб тым, што вырасла там, дзяліцца з іншымі. Яна высылала пасылкі тым, хто знаходзіўся ў ГУЛАГах, святарам і свецкім вернікам.

Сястра Малгажата жыла, як зерне, пасеянае ў зямлю, што хацела памерці, каб прынесці сторазовы плён. І такі такі шлях, выбар павінен быць для нас прыкладам, асабліва цяпер. Бо мы ад хвіліны нараджэння таксама кінуты ў глебу нашага перамінання і альбо захочам, як яна, паміраць, каб прыносіць багаты плён, альбо будзем, як зерне, якое ў сваім эгаізме не захацела памерці і збутвее ў глебе часу, замест плёну пусціўшы пах гнілі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі