Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Велікодную нядзелю, Год С

1 мая 2016 г., мінскі касцёл свв. Сымона і Алены

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе на шостую велікодную нядзелю, паказваюць дзеянне Бога, які праз Святога Духа жыве ў Касцёле і ў кожным з нас.

Першае чытанне, узятае з Апостальскіх Дзеяў, нагадвае пра тое, як Святы Дух дапамагае апосталам у вырашэнні праблем, з якім яны сутыкнуліся і нават ўскалыхнулі падмуркі Касцёла. Сёння, з перспектывы мінулых двух тысячагоддзяў, тыя праблемы зусім ужо не выглядаюць праблемамі. Аднак у першыя гады існавання Касцёла яны былі вельмі важнымі.

Справа датычыла абразання язычнікаў, якія прынялі хрысціянства, што стала прычынай вялікаіх спрэчак, якія ўзніклі ў першых хрысціянскіх супольнасцях. Габрэі з Юдэі казалі сваім братам у хрысціянстве з Антыёхіі, што абразанне патрэбна для збаўлення. Яны кіраваліся старымі габрэйскімі звычаямі і вучэннем. Але Хрыстус прынёс новае вучэнне. Ужо няма ні габрэя і ні жыда, але ўсе Хрыста, – як вучыць св. апостал Павел.

У справе абразання хрысціян, якія навярнуліся з язычніцтва, не было еднасці і паміж апосталамі. Менавіта таму яны сабраліся ў Ерузалеме на так званы Ерузалемскі Сабор, які стаў першым Саборам у гісторыі хрысціянскай рэлігіі. На ім, пад дзеяннем Святога Духа, апосталы вырашылі, што хрысціянства не падуладна габрэйскаму закону абразання, і гэтым самым вырашылі ўзніклую праблему.

2. Другое сённяшняе чытанне, узятае з кнігі Апакаліпсіса, прадстаўляе Касцёл як нябесны Ерузалем – горад, у якім валадарыць любоў да Бога і паміж людзьмі.

Евангелле нагадвае аб тым, што сярод нас прабывае Святы Дух, які з’яўляецца нашым настаўнікам і крыніцай міру. Яно таксама дае нам надзею, бо паводле вучэння Езуса Святы Дух прыйдзе, каб навучыць людзей усяму таму, што яны павінны ведаць.

Любіць Бога заклікае нас сённяшняе Евангелле. Калі мы любім Яго за тыя незлічоныя ласкі, якімі Ён адорвае нас, то Ён заўсёды будзе прабываць з намі. На жаль, аб гэтым мы часта забываемся.

Аднойчы св. Францішак спаткаў няверуючага чалавека, які не любіў Бога. Калі яны ішлі разам, то сустрэлі сляпога. Францішак спытаў яго: “Калі б я вярнуў табе магчымасць бачыць, ты любіў бы мяне?” Сляпы адказаў, што не толькі любіў бы, але нават быў бы слугой праз усё жыццё. Тады св. Францішак сказаў няверуючаму: “Бачыш, гэты чалавек любіў бы мяне ўсё сваё жыццё, калі б я вярнуў яму зрок. Дык чаму ж ты не любіш Таго, хто стварыў твае вочы і даў ім магчымасць бачыць?”

3. Сённяшнія чытанні таксама заклікаюць нас да таго, каб мы ўсведамлялі прысутнасць Бога праз Святога Духа ў нас саміх і ў нашым жыцці. Кожны дзень мы змагаемся з няпэўнасцю, канфліктамі і спакусамі. І толькі сталая прысутнасць Бога дапамагае нам ісці ў будучыню з высока паднятай галавой, з надзеяй і хрысціянскай адвагай.

Святы Дух дапамагае нам вярнуцца да крыніц нашай веры – Святога Пісання і Традыцыі – з мэтай падтрымкі і падбадзёрвання. Ён дапамагае пазнаць Божую праўду і адорвае сваім супакоем. Але каб атрымаць гэтыя дары, неабходна прыбываць з Богам на малітве і слуханні Яго, каб зразумець Яго планы адносна нас.

Мы таксама павінны памятаць, што дзякуючы Святому Духу ў жыцці не адны, што праз Святога Духа Бог заўсёды з намі. Адной з найбольш сур’ёзных праблем сучаснасці з’яўляецца праблема адзіноцтва і ізаляцыі чалавека. Сёння каля 25 % насельніцтва Зямлі змагаецца з такой праблемай. Сужэнцы, бацькі і дзеці, суседзі і супрацоўнікі часта жывуць як чужыя і незнаёмыя або камунікуюць паміж сабой віртуальна з дапамогай інтэрнэту.

Калі ў фізічным свеце нялёгка выйсці з такой сітуацыі, то ў духоўным мы вельмі лёгка можам пазбавіцца яе. Езус праз Святога Духа ёсць з намі і не пакідае нас адных. Ён раздзяляе з намі сваю радасць і ў сваёй міласэрнасці ператварае нашу грахоўную залежнасць у свабоду жыцця ў Божай ласцы. Але каб гэта адбылося, неабходна дазволіць Яму ўвайсці ў наша жыццё. Ён паважае нашу свабоду і таму нікога і ні да чаго не змушае. Усё залежыць толькі ад нас саміх.

Адзін французскі прафесар казаў пра аднаго свайго вучня, што ён самы неперспектыўны – малы, ціхі, безыніцыятыўны. Праз паўстагоддзя ў Францыі выбіралі найбольш папулярнага чалавека. Ім аказаўся гэты самы неперспектыўны, імя якога сёння вядома кожнаму, прынамсі ў свеце медыцыны. Гэта вядомы вучоны Луі Пастэр, заснавальнік сучаснай медыцыны.

З-за слабога стану здароўя ён не змог прыехаць у Парыж на цырымонію ўручэння ўзнагароды, і ад яго імя яе прыняў яго сын. У сваім пасланні Пастэр напісаў: “Будучыня належыць не пераможцам, але ратаўнікам свету”.

Луі Пастэр імкнуўся да вялікай мэты – развіцця медыцыны. Мы таксама павінны паступаць падобным чынам. Наша мэта – гэта вечнае жыццё. З мэтай дапамагчы яе дасягнуць Хрыстус паслаў нам Святога Духа.

Праз чатыры дні мы будзем адзначаць урачыстасць Унебаўшэсця Пана, а праз дзесяць – Спаслання Духа Святога. Выкарыстаем час, які застаўся да гэтага дня, каб падрыхтавацца да яго перажывання так, каб у складаных абставінах сучаснасці Святы Дух сапраўды быў нашай ажыўляючай сілай, каб узнікаючыя праблемы мы вырашалі ў Яго святле і каб Ён вёў нас шляхам збаўлення. Амэн.  

Адноўлена 01.05.2016 16:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі