Мінскі архікатэдральны касцёл, 5 мая 2016 г.
Што рабіць пасля Унебаўшэсця? Сведчыць
Узнёсся Бог пад радасныя воклічы.
Дарагія браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы перадае нашы пачуцці, калі мы адзначаем урачыстасць Унебаўшэсця Пана. Пасля завяршэння сваёй місіі збаўлення чалавецтва Езус вяртаецца ў дом свайго Нябеснага Айца. Ён вяртаецца, каб падрыхтаваць нам месца. Мы выйшлі з Божай рукі і таксама павінны вярнуцца ў дом Нябеснага Айца.
Езус таксама абяцае паслаць Святога Духа, які ўжо 2 тысячы гадоў кіруе Касцёлам. Калі б Ён не спаслаў Яго, то сам застаўся б у канкрэтным геаграфічным месцы. А так, дзякуючы Святому Духу, Ён прысутны па ўсім свеце. Дзякуючы Яму святар дзейнічае моцаю Езуса ў тых месцах, дзе абвяшчае Божае слова і цэлебруе сакрамэнты.
2. Першае сённяшняе чытанне, узятае з Дзеяў апосталаў, нагадвае пра падзею Унебаўшэсця Езуса. У той час, калі апосталы суправаджалі Яго сваім позіркам, ім з’явіліся два мужчыны ў белых адзеннях і спыталіся ў іх: “Чаго ж вы стаіце і глядзіце ў неба?”
Гэтае ж пытанне Касцёл сёння задае і нам. І мы сябе пытаемся: “А што мы павінны рабіць пасля Унебаўшэсця Езуса?” Дастакова толькі сядзець і чакаць? А можа, трэба штосьці рабіць? Першае сённяшняе чытанне гаворыць нам, што толькі чакаць азначае памыляцца.
3. Перад Унебаўшэсцем апосталы пытаюцца ў Езуса, калі Ён адбудуе Ізраільскае каралеўства. Яны мелі фальшывы погляд на місію Езуса. Рымская імперыя захапіла Палесціну ў 63 г. да Хрыста, і Ягоныя вучні думалі, што Ён вызваліць Ізраіль ад панавання рымлян і адродзіць яго былую веліч. Але не гэта было місіяй Езуса.
У Старым Запавеце Бог вывеў Выбраны народ з егіпецкага рабства праз Чырвонае мора ў Зямлю абяцаную. Але ў Новым Запавеце ўсё змянілася. Спадчына як Выбранага народу, так і ўсяго чалавецтва – гэта не фізічная зямля Ізраіля, але неба. Шлях з егіпецкай няволі ператварыўся ў шлях да неба, які вядзе праз праз мора хросту. Спадчына Новага Запавету – гэта неба. Але вучні Езуса гэтага яшчэ не разумеюць да канца, бо не разумеюць той якаснай перамены, якая адбылася пры пераходзе ад Старога Запавету да Новага.
4. У наш час таксама не ўсе разумеюць місію Езуса як Збаўцы свету. Праз дзесяць дзён мы завершым велікодны перыяд. У Вялікую суботу нашы касцёлы былі перапоўнены, усе ішлі асвяціць пасхальную ежу – веруючыя, тыя, якія ўжо даўно не былі ў касцёле, і нават няверуючыя. І потым казалі: мы святкавалі Пасху.
Але ці гэта сапраўднае яе святкаванне? Не. Асвечаная ежа сама па сабе не збавіць чалавека. Праз свае сімвалы, асабліва праз яйка, як сімвал новага жыцця, яна дапамагае нам у духу Евангелля перажыць Пасху і ўмацаваць нашу веру.
Сёння, у дзень Унебаўшэсця Езуса, мы становімся перад новым духоўным выпрабаваннем. Сёння Касцёл скіроўвае да нас свае словы: “Чаго вы стаіце і глядзіце ўверх?” Гэтае пытанне вельмі важнае. Не дастаткова толькі ведаць, што Езус уваскрос і ўзнёсся на неба, і нічога не рабіць.
Нехта сказаў, што не памыляецца той, хто нічога не робіць. Мне здаецца, што ён памыляецца па той простай прычыне, што нічога не робіць. Аб гэтым нагадвае нам Святое Пісанне, асабліва сённяшняе першае чытанне.
5. А што мы павінны рабіць? Адказ дае тое ж самае сённяшняе першае чытанне. А менавіта тое, што, умацаваныя моцаю Святога Духа, мы павінны быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце. Таму нам не дазволена проста так сядзець і глядзець, як духоўна загнівае і псуецца свет і яго культура. Праз наша хрысціянскае сведчанне мы пакліканы лячыць свет ад хваробы адыходу ад веры. Гэта заданне ўсіх хрысціян, у тым ліку свецкіх, аб чым вельмі добра вучыць Другі Ватыканскі Сабор.
Касцёл заклікае свецкіх людзей праз іх прыкладнае хрысціянскае жыццё занесці Хрыста ў самыя цёмныя закуткі сучаснага свету. Свецкія пакліканы для таго, каб дзякуючы ім Касцёл быў прысутны і дзейнічаў у такіх месцах і абставінах, дзе толькі праз іх ён можа быць соллю зямлі. Яны павінны быць адказныя за справу евангелізацыі, і праз іх павінна ажыццяўляцца місійнасць Касцёла.
6. Вялікая роля ў гэтым працэсе належыць хрысціянскім палітыкам. Яны пакліканы да таго, каб ствараць і прымаць законы, якія не супярэчаць Божаму праву. Законы павінны весці не да маральнага загнівання грамадства, але да яго аздараўлення. Калі нехта кажа, што ён веруючы дома і ў касцёле, але прымае і падтрымлівае законы, якія супярэчаць Божаму праву, то не можа называць сябе сапраўдным веруючым. Гэта не што іншае, як духоўная шызафрэнія.
Вялікі сын Індыі і барацьбіт за яе свабоду Магатма Гандзі казаў, што самая прыгожая кніга, якую ён калі-небудзь чытаў, – гэта Евангелле. У сувязі з гэтым у яго пыталіся, чаму ён не прымае хрысціянства. На што ён адказваў, што праехаў усю Еўропу і не спаткаў людзей, якія жывуць паводле яго духу. Ці не з’яўляюцца гэтыя словы вялікага Гандзі дакорам для нас?
7. Калі місія абвяшчэння Добрай Навіны Езусам была даруча непасрэдна апосталам, біскупам і святарам, то ў святле вучэння Касцёла свецкія вернікі маюць абавязак ім дапамагаць у гэтым працэсе сваёй малітвай і сведчаннем хрысціянскага жыцця.
Няхай жа, як кажа св. апостал Павел, Бог адорыць нас сваёй мудрасцю, каб мы ведалі, у чым надзея нашага хрысціянскага паклікання. Амэн.
|