Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча на Імшы падчас Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Мастах

Шаноўныя браты ў святарстве,
Дарагія дыяканы, семінарысты, сёстры законныя,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры,
Любая моладзь, якая прыбыла сюды, у Масты, каб дзяліцца радасцю веры і даваць прыгожае сведчанне прыналежнасці да Хрыста і Яго Касцёла!

Вітаю вас усіх вельмі сардэчна і цешуся, што маю магчымасць спаткацца тут, на ўшанаванні Хрыста Уваскрослага, пры шчодра падрытаваным падвойным стале: Эўхарыстыі і Божага слова. Эўхарыстыя будуе Касцёл, таму пры алтары Хрыста Пана мы адчуваем сябе адной сям’ёй Божых дзяцей. Мы перажываем у веры тое ж, што апосталы, сабраныя пры Хрысце ў вячэрніку падчас Апошняй Вячэры. Святы Ян Евангеліст у сваім апісанні падзей Вялікага чацвярга вельмі шмат увагі прысвячае размове Езуса са сваімі вучнямі. Пан Езус ведае, што расстанне з апосталамі ўжо блізкае, таму ўдзяляе ім апошнія павучанні, кажучы аб тым, што найважнейшае, што яны павінны добра запомніць і чым будуць жыць, калі застануцца адны.

Сёння мы пачулі фрагмент гэтай апошняй размовы Езуса перад Яго мукай, смерцю і ўваскрасеннем. Апосталы заўважаюць, што Пан Езус кажа інакш, чым раней. Ён не выкарыстоўвае прыпавесцяў, але кажа адкрыта. У гэтым адкрытым і шчырым павучанні Ён кажа вучням праўду пра іх саміх: што яны пакінуць Яго аднаго, разыйдуцца. Пан Езус ведае, што вучні слабыя і баязлівыя, што іх вера яшчэ вельмі павярхоўная і нясталая. Заўважым, аднак, што ў словах Езуса няма нават найменшага гневу ці незадаволенасці з прычыны слабасці вучняў. Езус не кажа вучням, што расчараваны імі, не скардзіцца, што выбраў іх сабе, бо яны не споўнілі надзеі і чаканняў, якія на іх пакладаліся. Пан Езус не сароміць вучняў, не прыпамінае ім злога, не робіць ім прыкрасці сваімі словамі. Наадварот, Ён з вялікай далікатнасцю і спагадлівасцю кажа ім: «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

Спынімся разам над гэтымі словамі Пана Езуса. Ён жадае, каб вучні мелі сапраўдны супакой, і падкрэслівае, што толькі ў Ім гэты супакой можна знайсці. Слова «супакой» мае вельмі шырокае значэнне. «Супакой» – гэта не толькі адсутнасць войнаў, збройных канфліктаў, праліцця крыві ці нянавісці і варожасці паміж людзьмі. «Супакой» – гэта Божае благаслаўленне ва ўсіх яго вымярэннях, значыць усё, па чым чалавек сумуе, чаго жадае і чакае, што патрэбна яму для шчасця. Без Езуса чалавек не знойдзе сапраўднага супакою, бо ніводнае дабро гэтага свету, ніводная часовая радасць, ніводны замяняльнік шчасця не заспакоіць найважнейшага: прагнення Бога. Можна тут прыгадаць вядомыя словы святога Аўгустына: «Ты стварыў нас, Пане, для сябе, і неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Табе».

Калі мы паглядзім уважліва на сучасны свет, з лёгкасцю заўважым, які ён нешчаслівы, як моцна патрэбны яму супакой. Гаворка тут ідзе не толькі аб такіх няшчасцях, якія закранаюць чалавецтва, як войны, стыхійныя бедствы, тэрарызм, злачыннасць, беднасць, сацыяльная няроўнасць. Нешчаслівыя таксама і грамадствы, якія не ведаюць войнаў, жывуць у дабрабыце, прагрэсе, цешацца найноўшымі дасягненнямі навукі і тэхнікі. У многіх багатых, добра развітых краінах статыстыка паказвае пастаянны рост лічбы самазабойстваў, дэпрэсіі, розных залежнасцяў. Прычыны гэтага розныя, але адна з іх, магчыма, найважнейшая, - тое, што сучасны чалавек часта адварочваецца ад Пана Бога, забывае аб Ім або ў пысе і асляпленні думае, што Бог яму не патрэбны, бо ён у стане сам, без Бога збудаваць сабе рай на зямлі.

І можна пытацца: ці такі свет – згублены, нешчаслівы, бунтуючы супраць Бога, глухі на Яго збаўчае Слова – мае яшчэ шанс збаўлення, ці для яго ёсць яшчэ якаясьці надзея? Адказ дае Езус у сённяшнім Евангеллі: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

Перамогай, аб якой кажа Езус, з’яўляецца Яго смерць і ўваскрасенне. Праз пасхальную таямніцу Хрыста здзейснілася справа адкуплення. Пан Бог раз і назаўсёды даў найвышэйшы доказ сваёй бясконцай любові да свету і да кожнага чалавека, паказаў, што Яго міласэрнасць не мае межаў, што кожны, нават найбольшы грэшнік, можа з даверам маліць аб прабачэнні і мець упэўненасць, што не будзе адкінуты.

Пан Езус перамог свет праз сваю міласэрнасць. Святы Айцец Францішак, абвяшчаючы бягучы год Надзвычайным Юбілеем Міласэрнасці, жадае прыгадаць не толькі Касцёлу, але і ўсяму свету гэтую вельмі важную праўду аб Божай міласэрнасці – праўду, якая з’яўляецца крыніцай нашай хрысціянскай надзеі.

Пастараемся ўключыцца як мага больш актыўна ў перажыванне гэтага прыгожага Юбілею Міласэрнасці, тым больш, што набажэнства да Божай Міласэрнасці нам асабліва блізкае і дарагое, бо звязана з Віленшчынай. Гэта там, у недалёкім Вільнюсе, жыла і дзейнічала святая сястра Фаўстына Кавальская, апосталка Божай Міласэрнасці. Там спаўняў святарскае служэнне яе духоўны кіраўнік, благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька. Там паўстаў першы абраз Езуса Міласэрнага, напісаны Эўгеніюшам Казіміроўскім паводле ўказанняў сястры Фаўстыны. Няхай гэты асаблівы дар, якім Божы Провід адарыў нашу зямлю, яшчэ больш мабілізуе нас да сведчання нашым словам, учынкам, паставай і ўсім жыццём аб тым, што Бог міласэрны. Сённяшні свет мае вялікую патрэбу ў такім сведчанні.

Дарагія маладыя сябры! Мы перажываем сёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі пад дэвізам «Пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці». Ён нагадвае нам аб тым, што сведчанне міласэрнасці з’яўляецца пакліканнем кожнага хрысціяніна. Як вызнаўцы Хрыста, мы ўсе спазнаём Божую міласэрнасць, і наша заданне – весці іншых да сустрэчы з Езусам Міласэрным.

Святы Айцец заахвочвае нас, каб мы нанова адкрылі вядомыя нам з Катэхізіса ўчынкі міласэрнасці адносна душы і адносна цела. У Пасланні на сёлетнія Сусветныя дні моладзі Папа піша, што «міласэрнасць не з’яўляецца “паблажлівасцю за любы кошт”, не з’яўляецца таксама простай сентыментальнасцю. Яна з’яўляецца праверкай праўдзівасці нашай паставы як вучняў Езуса, нашай праўдзівасці як хрысціян у сучасным свеце». Калі мы адкрыем гэтую логіку дару, калі зразумеем, што Бог нас палюбіў першым, каб учыніць здольнымі любіць без меры, так, як Ён, тады спазнаем вялікую радасць. Бо, як вучыць нас Божае слова, «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць» (Дз 20, 35).

Гэта заданне цяжкае, але магчымае для выканання. Кожны дзень мы пераконваемся, як шмат адвагі патрэбна, каб быць добрым, сапраўдным сведкам Хрыста. Як жа цяжка нам часам прызнацца ў прыналежнасці Пану Езусу, у веры, у прыналежнасці Касцёлу, як шмат нам каштуе публічна зрабіць знак крыжа або стаць у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў. У такія хвіліны, быць можа, мы адчуваем, што наша вера слабая. Але Пан Езус добра ведае нашы слабасці і абмежаванні, ведае, як шмат нам бракуе для таго, каб быць Яго сапраўднымі вучнямі, таму кажа нам сёння, як падчас Апошняй Вячэры апосталам у вячэрніку: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

Дарагія маладыя сябры! Жадаю вам сёння такой адвагі веры. Няхай Езус Хрыстус вядзе вас за сабой дарогамі вашага жыцця, каб вы заўсёды і ўсюды былі Яму верныя. Няхай ваша адважная, глыбокая, свядомая вера, падтрыманая добрымі ўчынкамі, сведчаннем вашага жыцця, паставай любові і міласэрнасці адносна бліжніх, будзе залогам перамогі, якую мы атрымліваем заўсёды, калі з’яднаны з Хрыстом, які нас палюбіў і адарыў збаўленнем.

Амэн.

Адноўлена 08.05.2016 22:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі