Баранавічы, 13-15 мая 2016 г.
Благаслаўлёныя сямейныя міратворцы (пар. Мц 5, 9)
Вашы Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Штодзённае жыццё сведчыць аб тым, што сучасная сям’я знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Пантыфікі апошніх часоў, асабліва св. Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і сучасны Папа Францішак не аднойчы выказвалі сваю заклапочанасць складанай сітуацыяй сям’і, як галоўнай клеткі кожнага грамадства, і аўтарытэтна выказваліся на гэтую актуальную тэму.
Фундаментальным у галіне вучэння аб сям’і і пошуку шляхоў выйсця з сітуацыі яе крызісу ў сучасным свеце з’яўляецца Апостальская адгартацыя св. Яна Паўла II “Familiaris consortio”. У ёй Папа ўказаў на Божы план адносна сям’і як супольнасці жыцця і любові. Бэнэдыкт XVI таксама ясна і недвухсэнсоўна выказваўся на тэму сям’і і жыцця. Ён падкрэсліў, што тры справы не могуць падвяргацца дыскусіі: жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, сям’я і сужэнства, а таксама права бацькоў на выхаванне дзяцей. Папа Францішак склікаў Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіў у два этапы – у 2014 і 2015 гг. Гэтым самым на першым этапе ён жадаў найперш правесці глыбокі аналіз стану сучаснай сям’і, як быццам паставіць дыягназ яе хваробы, каб потым на другім этапе распачаць пошук лекаў.
2. Сінод паказаў, што сярод многіх прычын крызісу сям’і адной з найбольш небяспечных з’яўляецца няўменне сужэнцаў узаемна прабачаць адно аднаму.
Нягледзячы на існуючыя праблемы, жыццё, у тым ліку сямейнае, не затрымліваецца, і Касцёл павінен браць у ім свой удзел. Нягледзячы на праблемы, ён не перастае паказваць прыгажосць сужэнскага саюзу і таксама Евангелля сям’і. У свеце, які ўсё больш становіцца духоўна бясплодным, Касцёл нагадвае пра вялікі Божы дар, якім з’яўляецца сужэнства і сям’я.
3. З мноства шляхоў да таго, каб прыняць гэты дар і ім жыць, адзін з важнейшых – шлях узаемнага прабачэння, без якога сужэнская любоў не будзе трывалай. Езус навучыў нас малітве “Ойча наш”. У ёй Ён вучыць прасіць прабачэння ў Нябеснага Айца, як і мы прабачаем нашым вінаватым. Ён таксама вучыць, што, калі мы прабачым іншым, то і Нябесны Айцец прабачыць нам.
Штодзённае жыццё паказвае, што нельга жыць без прабачэння. Паглядзім на сучасную Еўропу. Яшчэ некалькі дзесяцігодзяў таму цяжка было ўявіць, што палякі паяднаюцца з немцамі, якія прычынілі ім там шмат бяды. Яны былі непрымірымымі ворагамі.
Але час і евангельскі заклік да прабачэння і любові да бліжняга лечыць нават самыя глыбокія раны. Тут да месца ўспомніць ліст епіскапату Польшчы да епіскапату Герамніі, напісаны 50 гадоў таму. У ім польскія біскупы звярнуліся да нямецкіх з гістарычнай прапановай, якая стала пачаткам часу змены адносін паміж гэтымі краінамі: “Прабачаем і просім прабачэння”.
Варта заўвагі і тое, што гэты заклік быў зроблены ў часы, калі камуністычная ўлада абсалютна не згаджалася з такой пастаноўкай пытання. Аднак евангельская любоў перамагла. Сёння абедзве краіны з’яўляюцца членамі Еўрасаюза. Вось на што здольны сціплыя, але адначасова якія ж моцныя словы “прабачаю і прашу прабачэння”.
4. Калі гэта магчыма ў палітыцы, то чаму ж не можа быць магчымым у сямейным жыцці? Кожны дзень мы крыўдзім адзін аднаго, найчасцей па прычыне нашай духоўнай слабасці і эгаізму. Аднак любоў да бліжняга, дух Евангелля і асабліва словы Езуса з дрэва крыжа: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць што чыняць”, заахвочваюць нас праз прабачэнне залячыць прычыненыя намі іншым раны і адрадзіць парушаную еднасць.
Пры гэтым неабходна памятаць, што прабачэнне не церпіць адкладання на пазнейшы час, бо гэта толькі павялічвае боль. Калі будзем адкладаць на заўтра, то можам ніколі не дачакацца хвіліны паяднання. Трэба памятаць, што заўтра распачынаецца сёння. Найлепшымі лекамі будзе тое, каб у сітуацыях сваркі і нязгоды не дазволіць завяршыць дзень без узаемнага прабачэння, без паяднання паміж сужэнцамі, бацькамі і дзецьмі, братамі і сёстрамі і г.д.
5. Аднойчы я бачыў тэлепраграму пра сям’ю, якая святкавала залаты юбілей шлюбу. Пра яе ўсе казалі, што гэта прыкладная сям’я, у якой пануе вечная згода. Карэспандэнт пацікавіўся, як гэта ім удаецца. Яны адказалі, што ў дзень шлюбу склалі адно аднаму яшчэ адно абяцанне: “Ніколі не дапусціць першай сваркі”. І гэтага прынцыпу трымаліся ўсё жыццё, што вяло іх да шчасця.
Таму прабачэнне і імкненне пазбегнуць непаразуменняў – гэта лекі, якія лечаць сямейныя раны і нават засцерагаюць ад іх.
6. Калі навучымся прабачаць у сям’і, то падобна будзем рабіць і ў жыцці. Можа, некаторыя скептычна ставяцца да такой прапановы, але яна выпрабавана жыццём. Святы Айцец Францішак кажа, што кожны акт прабачэння змацоўвае сцены сямейнага дома, якія патрэскаліся. Практыка прабачэння ў сям’і не толькі лечыць іх саміх, але і чыніць здольнымі дапамагаць грамадству на шляху да дасканаласці, каб яно было лепшым.
Касцёл заўсёды спадарожнічае створанаму Богам інстытуту сям’і і імкнецца, каб ён будаваў сваю будучыню не на пяску секулярызму, а на скале Евангелля і маральных каштоўнасцяў.
7. Здольнасцю прабачыць сям’я не толькі ратуе сябе, але і ўносіць бясцэнны ўклад у сведчанне аднаўляючай моцы Божай міласэрнасці і прабачэння. Няхай жа заклік Езуса да прабачэння дапаможа сучасным сем’ям у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці адкрыць скарб узаемнага прабачэння і паяднання на хвалу Бога і ўмацавання сям’і, каб яна сапраўды была галоўнай клеткай грамадства.
Езус называе шчаслівымі тых, хто імкнецца да міру (пар. Мц 5, 9). Гэта адносіцца не толькі да міру паміж народамі, але і да міру ў сем’х.
Усемагутны і міласэрны Божа, адары ласкай сучасныя сем’і, каб яны былі здольнымі да будавання канкрэтных шляхоў прабачэння і паяднання, каб ніхто не адчуваў сябе адзінокім і прыгнечаным пад цяжарам сваіх грахоў, каб нашы сем’і сапраўды былі благаслаўлёнымі. Амэн.
|